Весці Акадэміі навук БССР. — 1953. — № 1

Весці Акадэміі навук Беларускай ССР БССР 1953 № 1Часопіс: Весці Акадэміі навук БССР. — 1953. — № 1.

Характарыстыка: Весці Акадэміі навук БССР — галоўны навуковы часопіс Беларускай ССР. У 1948–1956 гг. не існавала асобных серый часопіса для медыцынскіх, сельскагаспадарчых, прыродазнаўчых, грамадскіх навук. Публікацыі абсалютна рознай тэматыкі друкаваліся ў адным нумары. У № 1 за 1953 г. у раздзеле «Хроніка» надрукаваны матэрыялы абмеркавання асноўных пытанняў гісторыі Беларусі (з нагоды дыскусіі па макету кнігі «Гісторыя БССР» у 2 т.). У абмеркаванні прынялі ўдзел беларускія, расійскія, літоўскія, украінскія гісторыкі. Абмеркаванне вялося не толькі з навуковых, але і з ідэалагічных пазіцый. Вылучым некалькі цікавых дыскусій у межах дадзенага абмеркавання. Па-першае, гэта палеміка паміж М.В. Нечкінай і А.М. Панкратавай аб тым, чым была Кіеўская Русь для беларускага, рускага і ўкраінскага народаў. М.В. Нечкіна параўнала Кіеўскую Русь з дрэвам, ад адзінага ствала якога адыходзяць галіны — беларускі, рускі, украінскі народы. Гэтая думка выклікала нязгоду. Падтрымку навукоўцаў атрымала пазіцыя А.М. Панкратавай, якая даводзіла, што беларусы, рускія і ўкраінцы — роднасныя, але розныя народы, таму Кіеўскую Русь можна параўнаць з агульнай калыбеллю трох розных народаў.

Па-другое, гэта абмеркаванне ўваходжання ўсходнеславянскіх зямель у склад ВКЛ. У.Ц. Пашута выступіў супраць тэзіса аб тым, што літоўцы былі для беларускіх зямель такім самым ворагам, як крыжакі і мангола-татары. Ён адзначыў, што на той момант яшчэ не былі закладзены асновы магутнасці Масквы, таму уключэнне беларускіх і ўкраінскіх зямель у ВКЛ абараняла гэтыя землі ад іншаземных захопнікаў. Немалую ролю ў аргументацыі У.Ц. Пашуты адыграла спасылка на Ф. Энгельса, які адзначаў, што ўключэнне беларускіх і ўкраінскіх зямель у ВКЛ абараніла іх ад «азіяцкага нашэсця».

Акрамя таго, ў № 1 «Вясцей АН БССР» за 1953 г. змяшчаюцца артыкулы І.В. Гутарава аб літаратурна-эстэтычных поглядах Някрасава і М.Н. Барстока аб традыцыях Някрасава ў беларускай літаратуры.

Змест нумара:

Гутараў І.В. Літаратурна-эстэтычныя погляды Н.А. Некрасава
Барсток М.Н. Традыцыі Некрасава ў беларускай літаратуры
Варанкін Ю.В. Даследаванні аэрадэнамікі віхравой топкі сістэмы Калабанава
Касцюк Н.С. Аб схеме работы сцілачных машын з устаноўкамі БЭМ-2
Бялькевіч П.І., Ярафееў Б.В. Аб механізме тэрмічнага распаду некаторых цвёрдых вяшчэстваў
Бялькевіч П.І. Аб прыродзе самапаскарэння рэакцый з удзелам цвёрдых вяшчэстваў
Караткоў К.Н., Янушка В.І. Змяненне смалістых вяшчэстваў пнёвага асмола ў залежнасці ад узросту пня
Юскавец М.К. Да пытання аб барацьбе з туберкулёзам сельскагаспадарчых жывёл
Шэмпель В.І. Роль калійных угнаенняў у павышэнні ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур на глебах БССР
Жалнеровіч А.М. Пырнік паўзучы і меры барацьбы з ім на тарфяна-балотных глебах
Марозаў В.Ф. За аднаўленне дуброў БССР
Гінзбург Г.А. З гісторыі асваення лясных багаццяў Беларускага Палесся
Наумовіч В.М. Тэхналогія камбінаванага прадпрыемства па выпрацоўцы тарфяных брыкетаў, электрычнай і цеплавой энергіі
Кісялёў П.А. Ураўненні баланса грунтовых вод з улікам дынамікі вільгаці ў зоне аэрацыі і на паверхні зямлі
Бельскі Е.І. Устаноўка для запісу дэфармацый і намаганняў пры ўдарным дэфарміраванні
Хроніка
Абмеркаванне асноўных пытанняў гісторыі Беларусі
У Прэзідыуме Акадэміі навук БССР