Аўтарэфераты дысертацый па археалогіі і гісторыі Беларусі
Апублікавана admin на нядз, 19/09/2021 - 18:03Характарыстыка: Аўтарэферат — адзін з відаў навуковай прадукцыі і гістарыяграфічных крыніц. Гэта кароткі выклад аўтарам асноўнага зместу і вынікаў сваёй дысертацыі. Дысертацыя ўяўляе сабой навукова-кваліфікацыйнае даследаванне, падрыхтаванае да публічнай абароны. Яна павінна ўтрымліваць новыя навуковыя веды, якія сведчаць аб асабістым укладзе аўтара ў навуку, абгрунтаванне рэпрэзентатыўнасці крынічнай базы, суаднясенне высноў з раней вядомымі навуковымі палажэннямі. Дысертацыя афармляецца па строга вызначанай форме і па сваёй структуры блізкая да манаграфіі.
Аўтарэферат дысертацыі на саісканне вучонай ступені кандыдата або доктара навук таксама афармляецца ў строгай адпаведнасці з правіламі. Яго структура адпавядае асноўным палажэнням, сфармуляваным у дысертацыі. У аўтарэфераце вылучаюцца такія раздзелы, як навуковая праблема, яе актуальнасць, мэта, аб’ект і прадмет даследавання, яго метадалагічная аснова, крынічная база, навізна работы. Пасля іх коратка выкладаецца змест работы (дысертацыі) і прыводзіцца яе заключэнне. Аўтарэферат змяшчае спіс публікацый аўтара, надрукаваных па тэме дысертацыі пры яе падрыхтоўцы. Варта мець на ўвазе, што правілы і стандарты з часам змяняюцца. Таму аўтарэфераты дысертацый, падрыхтаваных да абароны ў 1960-я —1970-я гг., па структуры і афармленні некалькі адрозніваюцца ад сучасных.