Абмеркаванне асноўных пытанняў гісторыі Беларусі (1953)

Абмеркаванне асноўных пытанняў гісторыі Беларусі. Весці АН БССР. - 1953 № 1Артыкул: Абмеркаванне асноўных пытанняў гісторыі Беларусі // Весці Акадэміі навук БССР. — 1953. — № 1. — С. 176-181.

Анатацыя: У № 1 «Вясцей АН БССР» за 1953 г. былі апублікаваны матэрыялы абмеркавання макета кнігі «Гісторыя БССР» у 2 т. Абмеркаванне прайшло ў Мінску 26–27 снежня 1952 г. У дыскусіі прынялі ўдзел вядучыя гісторыкі Савецкага Саюза, Беларускай, Літоўскай і Украінскай ССР. Мэтай абмеркавання было прывядзенне прапануемай у кнізе канцэпцыі гісторыі Беларусі ў адпаведнасць як з дасягненнямі гістарычнай навукі, так і з пануючай ідэалогіяй (або, як аб гэтым казалася ў матэрылах «Абмеркавання», «разгляд важнейшых вузлавых пытанняў гісторыі Беларусі ў святле геніяльных тэарэтычных прац таварыша І.В. Сталіна»). Разглядаўся ўжо трэці варыянт кнігі, над якой супрацоўнікі Інстытута гісторыі АН БССР працавалі з 1945 г.

У ходзе абмеркавання было адзінадушна адзначана, што трэці варыянт кнігі значна адрозніваецца ад папярэдніх у лепшы бок. Аўтарам удалося дастаткова поўна адлюстраваць гісторыю беларускага народа. Разам з тым, у кнізе прысутнічаюць недахопы і спрэчныя моманты. Так, гісторыкі М.В. Нечкіна і І.А. Ільіных звярнулі ўвагу на недастатковую дакладнасць у перыядызацыі феадалізма, М.М. Ціхаміраў і У.Ц. Пашута адзначылі нездавальняючую характарыстыку першабытна-абшчыннай фармацыі на Беларусі. М.М. Ціхаміраў заўважыў, што лад жыцця сялян адлюстраваны недастаткова ў параўнанні з дзейнасцю феадалаў, а развіццё гарадоў і рамяства разглядаецца ў адрыве ад развіцця прыгонніцтва.

Па некаторых пытаннях меркаванні ўдзельнікаў абмеркавання разышліся. Так, М.В. Нечкіна прапанавала параўнаць Кіеўскую Русь з агульным дрэвам, ад якога адыходзяць галіны беларускага, украінскага і рускага народаў. На гэта А.М. Панкратава заўважыла, што беларусы, рускія і ўкраінцы — народы вельмі блізкія, але розныя. Таму Кіеўскую Русь можна параўнаць з агульнай калыбеллю трох розных народаў.

У.Ц. Пашута акцэнтаваў увагу на тым, што лічыць літоўцаў такімі самымі захопнікамі, як крыжакі і мангола-татары, неправамерна. Сапраўды, беларускія і ўкраінскія землі былі далучаны да ВКЛ, але гэта адбывалася яшчэ да ўзвышэння Масквы, таму ўключэнне ўсходнеславянскіх зямель у ВКЛ абараняла гэтыя землі. Да таго ж У.Ц. Пашута да месца працытаваў Ф. Энгельса, які вызначаў уваход беларускіх і ўкраінскіх зямель у ВКЛ як сродак абароны іх ад «азіяцкага нашэсця». Літоўскі гісторык І.М. Юргеніс прапанаваў больш дакладна высветліць канкрэтныя ўмовы ўваходжання беларускіх зямель у ВКЛ.

У цэлым, першы том макета «Гісторыі Беларусі» быў ухвалены з умовай выпраўлення адзначаных недакладнасцей. Другі том крытыкаваўся больш грунтоўна. У шэрагу выпадкаў абмеркаванне з пазіцый сённяшняга дня мела ідэалагізаваны характар. Напрыклад, аўтарам макета зрабілі заўвагі:
— яны «не ўсюды паслядоўна праводзяць сталінскія ўказанні»;
— не дужа выразна паказваюць «дзейнасць адкрытага таварышам Сталіным закона абавязковай адпаведнасці вытворчых адносін характару развіцця прадукцыйных сіл»;
— не дастаткова поўна раскрылі «глыбока распрацаваны таварышам Сталіным» «працэс фарміравання сацыялістычнага базіса і сацыялістычнай надбудовы»;
— не сказалі аб «іншых дзевяці сталінскіх ударах» па нямецка-фашысцкіх захопніках у ходзе Вялікай Айчыннай вайны;
— не адзначылі, што поспехі беларускай літаратуры «сталі магчымымі толькі дзякуючы кіраўніцтву вялікай партыі Леніна — Сталіна».
Па пытанню фарміравання сацыялістычнай нацыі аўтары макета не выкарысталі «здзіўляючую па яснасці і глыбіні пастаноўку гэтай праблемы ў выступленні таварыша Л.П. Берыя на ХІХ з’ездзе ВКП(б)». Аўтараў заклікалі «паўней раскрыць геніяльныя ўказанні таварыша Сталіна» і «больш шырока паказаць клопаты камуністычнай партыі». Удзельнікі дыскусіі адзначылі неабходнасць у перапрацоўцы другога тома макета «ў святле геніяльных прац таварыша Сталіна... і рашэнняў ХІХ з’езда кампартыі Савецкага Саюза».

Фармат: Djvu.

Памер: 739 КB.

Скачать статью/Спампаваць артыкул.