Кнігі па палеаграфіі і сумежных дысцыплінах, факсімільныя выданні
Апублікавана admin на сер, 06/03/2013 - 22:01Літаратура па палеаграфіі
Літаратура па палеаграфіі
Кніга: Калечыц, І.Л. Эпіграфіка Беларусі Х–ХIV стст. / І.Л. Калечыц. — Мінск : Беларуская навука, 2011. — 271 с.
Характарыстыка: Эпіграфічныя помнікі Х–ХIV стст., знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі, — цікавая і маладаследаваная старонка айчыннага крыніцазнаўства. У параўнанні з аналагічнымі помнікамі з іншых усходнеславянскіх тэрыторый, помнікі эпіграфікі Х–ХIV стст. з тэрыторыі Беларусі даследаваны слаба, а эпіграфіка Беларусі як спецыяльная гістарычная дысцыпліна знаходзіцца ў зародкавым стане. Пісьмовыя крыніцы па гісторыі Беларусі гэтага перыяду прадстаўлены летапісамі і эпіграфічнымі помнікамі. Летапісы, безумоўна, з’яўляюцца асноўнай крыніцай і змяшчаюць шмат каштоўнай інфармацыі. Але і помнікі эпіграфікі ўтрымліваюць унікальную фактаграфічную інфармацыю, якая не павінна заставацца па-за межамі вывучэння.
Кніга: Нікалаеў, М. Палата кнігапісная : рукапісная кніга на Беларусі ў Х–ХVIII стагоддзях / М. Нікалаеў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. — 239 с. ; іл.
Анатацыя: Традыцыйны падыход вымушае гуманітарыяў дзяліць культуру на матэрыяльную і духоўную. Аднак гэтыя аспекты культуры існавалі ў цеснай узаемасувязі і перапляценні, што часам немагчыма іх адасобіць. Прыкладам гэтага з’яўляецца вывучэнне кніжнасці. Кніга як адзін з кампанентаў культуры непадзельна злучае ў сабе духоўнае і матэрыяльнае. Кніга даследчыка-кнігазнаўцы Мікалая Віктаравіча Нікалаева ўводзіць чытача ў свет беларускай рукапіснай кнігі Х–ХVIII стст. У даследаванні разглядаюцца абставіны ўзнікнення, рэпертуар, мастацкае афармленне рукапіснай кнігі Беларусі, асяроддзе чытачоў і заказчыкаў. Праца грунтуецца на матэрыялах раскіданай па свеце спадчыны беларускай кніжнай культуры. Багаты ілюстрацыйны матэрыял дае ўяўленне пра высокі ўзровень мастацкага выканання беларускіх рукапісных кніг.
Кніга: Ластоўскі, В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца Х да пачатку ХІХ стагодзьдзя / В. Ластоўскі. — Коўна: Друкарня Сакалоўскага і Лана, 1926. — 776 с.; іл.
Анатацыя: Кніга вядомага беларускага гісторыка, публіцыста, пісьменніка і палітычнага дзеяча Вацлава Юстынавіча Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» з’яўляецца грунтоўным выданнем па гісторыі кніжнасці на Беларускіх землях на працягу амаль тысячагоддзя. Аўтар правёў каласальную працу па выяўленню і сістэматызацыі рукапісных і старадрукаваных помнікаў кніжнага пісьменства. Увага ўдзяляецца як грамадска-палітычным і культурным абставінам узнікнення, так і мастацкім вартасцям кнігі. Выданне багата ілюстравана. Нягледзячы на тое, што з моманту выдання кнігі прайшло амаль 100 гадоў, праца В. Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» не страціла сваёй каштоўнасці.
© Victar Charauko, 2011-2023