Гісторыя Беларусі

Кнігі па гісторыі Беларусі

Ляўко, В.М. Знаходкі сведчаць

Ляўко В.М. Знаходкі сведчацьАртыкул: Ляўко, В. М. Знаходкі сведчаць / В. М. Ляўко // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1980. — № 1. — С. 25–26.

Анатацыя: Узнікненню старажытнага Віцебска спрыялі гандлёва-транзітныя шляхі па Заходняй Дзвіне і зручнае размяшчэнне ўмацаванага пункта, што гарантавала бяспеку. Наяўнасць 2 узвышшаў — Замкавай тары і пагорка ў раёне цяперашняга моста цераз Заходнюю Дзвіну на вул. Замкавай — абумовіла развіццё 2 пачатковых паселішчаў дафеадальнага перыяду (VI–VIII стст.). З напольнага боку, як сведчаць археалагічныя даследаванні, яны былі абкружаны штучнымі рвамі. У IX–X стст. гэтыя участкі абжывалі крывіцкія плямёны. Пазней тут узніклі першыя паселішчы гарадскога тыпу — Верхні i Ніжні замкі (дзяцінец і пасад). Паступова тэрыторыя Ніжняга замка пашыралася на поўдзень. Старажытны роў ужо страціў сваё значэнне. На дне яго Г.В. Штыхавым выяўлены сляды гаспадарчай дзейнасці віцябчан у X ст.

Варонін, В.А. Сацыяльна-эканамічнае i палітычнае развіццё Полацкага ваяводства ў першай палове XVI ст.: аўтарэферат кандыдацкай дысертацыі

Варонін В.А. Сацыяльна-эканамічнае i палітычнае развіццё Полацкага ваяводства ў першай палове 16 ст. АўтарэфератНазва: Варонін, В. А. Сацыяльна-эканамічнае i палітычнае развіццё Полацкага ваяводства ў першай палове XVI ст. : аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук : 07.00.02 — айчынная гісторыя / В. А. Варонін ; Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. — Мінск, 2000. — 19 с.

Характарыстыка: Тэматыка становішча Беларусі і асобных яе рэгіёнаў у Вялікім Княстве Літоўскім у айчыннай навуцы застаецца адной з самых нераспрацаваных. Тэма дысертацыі раней ніколі не была прадметам самастойнага навуковага даследавання. Вывучэнне пазначанай тэмы дало магчымасць на канкрэтных фактах паказаць становішча аднаго з найцікавейшых з гістарычнага пункту гледжання беларускіх рэгіёнаў у складзе ВКЛ. Мэтай работы з’яўляецца навуковае асвятленне і характарыстыка галоўных тэндэнцый, заканамернасцей і фактаў эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага развіцця Полацкага ваяводства ў першай палове ХVI ст. у іх узаемадзеянні.

Прыняты ў працы рэгіянальны комплексны падыход надзвычай рэдка выкарыстоўваецца ў айчыннай гістарычнай навуцы. Разам з дастаткова вузкімі храналагічнымі рамкамі даследавання ён даў магчымасць падрабязна вывучыць галоўныя факты, з’явы і тэндэнцыі гістарычнага развіцця Полацкага ваяводства ў першай палове XVI ст. Яны закранаюць усе вывучаемыя сферы і дазваляюць у значнай ступені па-новаму зразумець гістарычнае мінулае як Полаччыны, так і Беларусі ў цэлым. Упершыню зроблена спроба вызначыць колькасць i дынаміку змянення насельніцтва вывучаемага рэгіёна; на канкрэтных прыкладах прадэманстраваны істотныя адрозненні ў шчыльнасці насельніцтва i эканамічным развіцці паўднёвай i паўночнай частак Полацкага ваяводства; высветлены стан i дынаміка развіцця галоўных галін эканомікі, іх арганізацыйныя формы, многія з якіх зафіксаваны ўпершыню; упершыню зроблена спроба статыстычнага вывучэння структуры і галоўных накірункаў эвалюцыі мясцовага землеўладання; прапанаваны новы погляд на палітычны лад і ўнутрыпалітычную барацьбу, асноўныя прынцыпы ўрадавай палітыкі ў дачыненні Полацкага ваяводства.

Падокшын, С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура (Філасофска-гістарычны аналіз)

ПадокшынКніга: Падокшын, С. А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура (Філасофска-гістарычны аналіз) / С. А. Падокшын. — Мінск : Беларуская навука, 2000. — 111 ст.

Характарыстыка: Прапануемая кніга філосафа і гісторыка Сямёна Аляксандравіча Падокшына — адна з найлепшых работ па канфесійнай гісторыі Беларусі. У ёй зроблена спроба канцэптуальнага аналізу царкоўнай уніі як гістарычнай з’явы, разглядаецца яе палітычны, культуралагічны, філасофскі сэнс, яе ўплыў на грамадскае і духоўнае жыццё беларускага народа. Паказана, што на працягу XIV–XVI стст. у грамадскай практыцы ВКЛ склаліся дзве альтэрнатыўныя мадэлі рэлігійна-царкоўнага жыцця: ліберальная, рэнесансна-гуманістычная, падставай якой з’яўлялася свабода рэлігійнага выбару, верацярпімасць, і кансерватыўная, дзяржаўна-ахоўная, у аснове якой ляжала ідэя уніі, або аб’яднання каталіцтва і праваслаўя. Разглядаюцца ўзаемадзеянне гэтых мадэлей, станоўчыя і адмоўныя вынікі іх рэалізацыі.

Чараўко, В.У. Тэстаменты як крыніца па пахавальных традыцыях шляхты і мяшчан Полацкага і Віцебскага ваяводстваў XVI–XVIII стст.

Чараўко В.У. Тэстаменты як крыніца па пахавальных традыцыях шляхты і мяшчан Полацкага і Віцебскага ваяводстваўАртыкул: Чараўко, В. У. Тэстаменты як крыніца па пахавальных традыцыях шляхты і мяшчан Полацкага і Віцебскага ваяводстваў XVI–XVIII стст. / В. У. Чараўко // Актуальные проблемы источниковедения : материалы V Международной научно-практической конференции к 110-летию Витебской учёной архивной комиссии, Витебск, 25–27 апреля 2019 г. / редкол.: А. Н. Дулов, М. Ф. Румянцева (отв. ред.) [и др.]. — Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2019. — С. 192–194.

Анатацыя: У ХVI–ХVIII стст. у асяроддзі шляхты і мяшчан Вялікага Княства Літоўскага атрымала пашырэнне практыка складання завяшчанняў-тэстаментаў. Асноўны змест тэстаментаў складалі распараджэнні маёмаснага характару, якія датычыліся перадачы ў спадчыну зямельных уладанняў і рухомай маёмасці. Шэраг завяшчанняў ўтрымлівае неабавязковыя, але інфарматыўныя пажаданні адносна абставін пахавання. Такія тэстаменты з’яўляюцца гістарычнай крыніцай па пахавальных традыцыях насельніцтва Беларусі новага часу. Намі выкарыстана шэраг тэстаментаў, аўтары якіх зрабілі распараджэнні наконт падрыхтоўкі ці працэдуры свайго пахавання. Завяшчанні належалі прадстаўнікам шляхецкага і мяшчанскага саслоўяў, якія пражывалі на тэрыторыі Полацкага і Віцебскага ваяводстваў у другой палове ХVI–ХVIII ст.

Інфарматыўнасць тэстаментаў як крыніцы па пахавальных традыцыях заключаецца ў некалькіх аспектах. Па-першае, знакавым з’яўляецца сам факт дакументавання пажаданняў тэстатара адносна пахавальнай цырымоніі. Фактычна, гэта азначае ўдзел аўтара завяшчання ў падрыхтоўцы да яе. Па-другое, распаўсюджанай з’явай было вызначэнне месца пахавання. Па-трэцяе, у некаторых тэстаментах утрымліваюцца просьбы аб пахаванні побач з роднымі і блізкімі, пераважна з памерлымі супругамі. Гэта сведчыць аб наяўнасці сямейных і нават радавых месцаў для пахавання, што прадугледжвала кцітарскую падтрымку храмаў некаторымі шляхецкімі радамі на працягу некалькіх пакаленняў.

Штыхаў, Г. В. Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі

Штыхаў Г.В. Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі БеларусіКніга: Штыхаў, Г. В. Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі / Г. В. Штыхаў. — 2-е выд., дап. — Мінск : Права і эканоміка, 2002. — 94 с.

Характарыстыка: Кніга беларускага археолага і гісторыка Георгія Васільевіча Штыхава (14.07.1927–02.03.2018) прысвечана станаўленню і развіццю дзяржаўнасці на беларускіх землях. Аўтар спачатку разглядае асноўныя погляды на сутнасць і ўзнікненне інстытуту дзяржавы, а потым паказвае асаблівасці працэсаў дзяржаваўтварэння на беларускіх землях.

Улічваючы даныя археалагічнай і лінгвістычнай навук, вучоныя ў асноўным згодны з уяўленнем аб рассяленні славян з нейкай пачатковай тэрыторыі — іх прарадзімы. У VI ст. славяне ўключыліся працэс Вялікага перасялення народаў. Яны сяліліся на землях Візантыйскай імперыі, з’явіліся на Балканах. На ўсходзе славяне паступова выйшлі да вярхоўяў Дняпра, Дона і Акі, да Ладажскага возера. Славянскія плямёны мелі шмат агульнага ў гаспадарцы, побыце і культуры. Таму сацыяльна-эканамічныя з’явы ва ўсіх славян у раннім сярэднявеччы адбываліся прыкладна аднолькава. У славян адбываўся працэс разлажэння родавых адносін.

Шайкоў, В., Лукашэвіч, А. Полацкі кадэцкі корпус і яго выхаванцы

Шайкоў В., Лукашэвіч А. Полацкі кадэцкі корпусАртыкул: Шайкоў, В., Лукашэвіч, А. Полацкі кадэцкі корпус і яго выхаванцы / В. Шайкоў, А. Лукашэвіч // Беларускі гістарычны часопіс. — 1999. — № 4. — С. 45–51.

Анатацыя: Артыкул гісторыкаў Васіля Іванавіча Шайкова і Андрэя Міхайлавіча Лукашэвіча прысвечаны гісторыі стварэння і дзейнасці Полацкага кадэцкага корпуса. Узнікненне гэтай вучэбнай установы непасрэдна звязана з Полацкай езуіцкай акадэміяй. У 1820 г. акадэмія, якой прысвечаны асобны артыкул В.І. Шайкова, была зачынена. На яе месцы было арганізавана вышэйшае піярскае вучылішча, што праіснавала да 1830 г. Выкладчыкі вучылішча падтрымлівалі цесныя творчыя сувязі з Віленскім універсітэтам: Полацк наведаў вядомы гісторык Іяхім Лялевель, а некалькі полацкіх выкладчыкаў належалі да руху філаматаў. У 1830 г. вышэйшае піярскае вучылішча ў Полацку было закрыта як «культурны цэнтр польскай цывілізацыі», а на яго месцы, г.зн. у былых езуіцкіх карпусах, пачаў дзейнічаць кадэцкі корпус.

Старонкі