ВКЛ

Кнігі, артыкулы, карты, фільмы і аўдыёзапісы па гісторыі Вялікага княства Літоўскага

Варонін, В.А. Сацыяльна-эканамічнае i палітычнае развіццё Полацкага ваяводства ў першай палове XVI ст.: аўтарэферат кандыдацкай дысертацыі

Варонін В.А. Сацыяльна-эканамічнае i палітычнае развіццё Полацкага ваяводства ў першай палове 16 ст. АўтарэфератНазва: Варонін, В. А. Сацыяльна-эканамічнае i палітычнае развіццё Полацкага ваяводства ў першай палове XVI ст. : аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук : 07.00.02 — айчынная гісторыя / В. А. Варонін ; Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. — Мінск, 2000. — 19 с.

Характарыстыка: Тэматыка становішча Беларусі і асобных яе рэгіёнаў у Вялікім Княстве Літоўскім у айчыннай навуцы застаецца адной з самых нераспрацаваных. Тэма дысертацыі раней ніколі не была прадметам самастойнага навуковага даследавання. Вывучэнне пазначанай тэмы дало магчымасць на канкрэтных фактах паказаць становішча аднаго з найцікавейшых з гістарычнага пункту гледжання беларускіх рэгіёнаў у складзе ВКЛ. Мэтай работы з’яўляецца навуковае асвятленне і характарыстыка галоўных тэндэнцый, заканамернасцей і фактаў эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага развіцця Полацкага ваяводства ў першай палове ХVI ст. у іх узаемадзеянні.

Прыняты ў працы рэгіянальны комплексны падыход надзвычай рэдка выкарыстоўваецца ў айчыннай гістарычнай навуцы. Разам з дастаткова вузкімі храналагічнымі рамкамі даследавання ён даў магчымасць падрабязна вывучыць галоўныя факты, з’явы і тэндэнцыі гістарычнага развіцця Полацкага ваяводства ў першай палове XVI ст. Яны закранаюць усе вывучаемыя сферы і дазваляюць у значнай ступені па-новаму зразумець гістарычнае мінулае як Полаччыны, так і Беларусі ў цэлым. Упершыню зроблена спроба вызначыць колькасць i дынаміку змянення насельніцтва вывучаемага рэгіёна; на канкрэтных прыкладах прадэманстраваны істотныя адрозненні ў шчыльнасці насельніцтва i эканамічным развіцці паўднёвай i паўночнай частак Полацкага ваяводства; высветлены стан i дынаміка развіцця галоўных галін эканомікі, іх арганізацыйныя формы, многія з якіх зафіксаваны ўпершыню; упершыню зроблена спроба статыстычнага вывучэння структуры і галоўных накірункаў эвалюцыі мясцовага землеўладання; прапанаваны новы погляд на палітычны лад і ўнутрыпалітычную барацьбу, асноўныя прынцыпы ўрадавай палітыкі ў дачыненні Полацкага ваяводства.

Падокшын, С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура (Філасофска-гістарычны аналіз)

ПадокшынКніга: Падокшын, С. А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура (Філасофска-гістарычны аналіз) / С. А. Падокшын. — Мінск : Беларуская навука, 2000. — 111 ст.

Характарыстыка: Прапануемая кніга філосафа і гісторыка Сямёна Аляксандравіча Падокшына — адна з найлепшых работ па канфесійнай гісторыі Беларусі. У ёй зроблена спроба канцэптуальнага аналізу царкоўнай уніі як гістарычнай з’явы, разглядаецца яе палітычны, культуралагічны, філасофскі сэнс, яе ўплыў на грамадскае і духоўнае жыццё беларускага народа. Паказана, што на працягу XIV–XVI стст. у грамадскай практыцы ВКЛ склаліся дзве альтэрнатыўныя мадэлі рэлігійна-царкоўнага жыцця: ліберальная, рэнесансна-гуманістычная, падставай якой з’яўлялася свабода рэлігійнага выбару, верацярпімасць, і кансерватыўная, дзяржаўна-ахоўная, у аснове якой ляжала ідэя уніі, або аб’яднання каталіцтва і праваслаўя. Разглядаюцца ўзаемадзеянне гэтых мадэлей, станоўчыя і адмоўныя вынікі іх рэалізацыі.

Нікалаеў, М. Палата кнігапісная: рукапісная кніга на Беларусі ў Х–ХVIII стагоддзях

Нікалаеў М. Палата кнігапіснаяКніга: Нікалаеў, М. Палата кнігапісная : рукапісная кніга на Беларусі ў Х–ХVIII стагоддзях / М. Нікалаеў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. — 239 с. ; іл.

Анатацыя: Традыцыйны падыход вымушае гуманітарыяў дзяліць культуру на матэрыяльную і духоўную. Аднак гэтыя аспекты культуры існавалі ў цеснай узаемасувязі і перапляценні, што часам немагчыма іх адасобіць. Прыкладам гэтага з’яўляецца вывучэнне кніжнасці. Кніга як адзін з кампанентаў культуры непадзельна злучае ў сабе духоўнае і матэрыяльнае. Кніга даследчыка-кнігазнаўцы Мікалая Віктаравіча Нікалаева ўводзіць чытача ў свет беларускай рукапіснай кнігі Х–ХVIII стст. У даследаванні разглядаюцца абставіны ўзнікнення, рэпертуар, мастацкае афармленне рукапіснай кнігі Беларусі, асяроддзе чытачоў і заказчыкаў. Праца грунтуецца на матэрыялах раскіданай па свеце спадчыны беларускай кніжнай культуры. Багаты ілюстрацыйны матэрыял дае ўяўленне пра высокі ўзровень мастацкага выканання беларускіх рукапісных кніг.

Краўцэвіч, А. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага. Ад пачатку гаспадарства да каралеўства Літвы і Русі (1248–1341 гг.)

Краўцэвіч А. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага. Ад пачатку гаспадарства да каралеўства Літвы і РусіКніга: Краўцэвіч, А. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага. Ад пачатку гаспадарства да каралеўства Літвы і Русі (1248–1341 гг.) / А. Краўцэвіч. — Гародня-Уроцлаў : Kolegium Europy Wschodniej im. Jana Nowaka-Jeziorańskiego we Wrocławiu, 2013. — 284 с. ; іл.

Характарыстыка: У чарговай кнізе Аляксандра Канстанцінавіча Краўцэвіча знайшлі адлюстраванне першыя этапы гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. 1248–1341 гады — гэта перыяд стварэння дзяржавы, яе змагання за выжыванне, пачатку тэрытарыяльнага росту. Падзеі гісторыі ВКЛ прадстаўлены ў беларускім і еўрапейскім гістарычным кантэксце. Тэкст кнігі навуковы (але чытаецца лёгка), дапоўнены даведкавым апаратам.

Краўцэвіч, А. Тэўтонскі ордэн: Ад Ерусаліма да Грунвальда

Краўцэвіч А. Тэўтонскі ордэнКніга: Краўцэвіч, А. Тэўтонскі ордэн: Ад Ерусаліма да Грунвальда / А. Краўцэвіч. — Мінск : Навука і тэхніка, 1993. — 44 с. ; ил.

Анатацыя: Тэўтонскі ордэн моцна паўплываў на гістарычны лёс Беларусі. Самыя цесныя адносіны з ім у Вялікага Княства Літоўскага пачаліся з 80-х гадоў XIV ст. і працягваліся больш за стагоддзе, да пачатку XV ст. Гэтыя адносіны былі не добрасуседскія. Мела месца зацятая барацьба, у якой абодва бакі адстойвалі свае жыццёвыя інтарэсы. Справядлівасць у гэтай амаль безупыннай вайне была на баку нашых продкаў. Прышэльцамі і захопнікамі з’яўляліся рыцары ордэна — амаль выключна ўсе немцы, адкуль і назва ордэна — Тэўтонскі. Цяжка нават уявіць сабе, колькі жыццяў, намаганняў, матэрыяльных высілкаў каштавала гэтая жорсткая барацьба. У ёй гартавалася беларуская дзяржаўнасць. Пад пагрозай знешняй небяспекі вакол беларускага ядра ўсё цясней гуртаваліся землі былой Кіеўскай Русі ды Жамойці.

Акіньчыц, С. Залаты век Беларусі

Акіньчыц С. Залаты век БеларусіКніга: Акіньчыц, С. Залаты век Беларусі

Характарыстыка: Прапануемая праца з’яўляецца адной з лепшых навукова-папулярных кніжак па гісторыі Беларусі. «Залатым векам» названа XVI ст. — перыяд найвышэйшага росквіту старабеларускай літаратуры, прававой думкі, грамадскай свядомасці. На думку Станіслава Акіньчыца, усё гэта стала вынікам распаўсюджвання ў Вялікім княстве Літоўскім Рэфармацыі. Рэфармацыя мела на мэце вяртанне да ранняга хрысціянства, простага і шчырага, не абцяжаранага грувасткай касцёльнай арганізацыяй, хлуслівым духавенствам, бясконцымі паборамі на карысць хцівых іерархаў. Адыход ад Рэфармацыі і пачатак контррэфармацыі стаў, на думку аўтара, прычынай заняпаду агульнай культуры, падзення нораваў, росквіту варажнечы і ўрэшце рэшт адным з фактараў заняпаду Рэчы Паспалітай. Погляд аўтара далёка не бясспрэчны, аднак аргументаваны. Кніга спалучае дакладнасць навукова-папулярнай літаратуры з вобразнасцю мастацкага слова і чытаецца на адным дыханні.

Старонкі