Археалогія

Кнігі і артыкулы па археалогіі і археалогіі Беларусі

Раздзел утрымлівае кнігі і артыкулы па археалогіі, археалогіі Беларусі, а таксама гісторыі, тэорыі, метадалогіі і методыцы археалагічнай навукі. Глядзі таксама рубрыку «Краязнаўства Беларусі».

Кнігі па археалогіі


Чараўко, В.У. Вывучэнне познесярэдневяковых пахавальных помнікаў Беларускага Падзвіння ў сярэдзіне 60-х гг. ХIХ – пачатку ХХ стагоддзя

Чараўко В.У. Вывучэнне познесярэдневяковых пахавальных помнікаў Беларускага Падзвіння ў ХIХ – пачатку ХХ стагоддзяАртыкул: Чараўко, В. У. Вывучэнне познесярэдневяковых пахавальных помнікаў Беларускага Падзвіння ў сярэдзіне 60-х гг. ХIХ – пачатку ХХ стагоддзя / В. У. Чараўко // Научные труды Республиканского института высшей школы. Исторические и психолого-педагогические науки : сб. научных статей. — Минск : РИВШ, 2022. — Вып. 22. В 4 ч. Ч. 2. — С. 248–258.

Анатацыя: Артыкул прысвечаны вывучэнню познесярэдневяковых пахавальных помнікаў Беларускага Падзвіння ў сярэдзіне 60-х гг. ХІХ – пачатку ХХ ст. На гэты час прыпадае дзейнасць Д. М. Струкава, А. М. Семянтоўскага, М. Ф. Кусцінскага, Ф. В. Пакроўскага, Е. Р. Раманава. Быў даследаваны шэраг познесярэдневяковых пахаванняў. Удасканалілася методыка палявых работ. Рэалізаваліся першыя спробы картаграфавання помнікаў. Але пахаванні Беларускага Падзвіння ХIV–ХVIII стст. у дарэвалюцыйны час не сталі прадметам мэтанакіраванага даследавання. Паколькі ХIV–ХVIII стст. не ўваходзілі ў праблемнае поле тагачаснай археалагічнай навукі, пахаванні гэтага перыяду ў якасці асобнай катэгорыі помнікаў не разглядаліся.

Чараўко, В.У. Элементы пахавальнага абраду сельскага і гарадскога насельніцтва Беларускага Падзвіння ХIV–ХVIII стст.

Чараўко В.У. Элементы пахавальнага абраду сельскага і гарадскога насельніцтва Беларускага ПадзвінняАртыкул: Чараўко, В. У. Элементы пахавальнага абраду сельскага і гарадскога насельніцтва Беларускага Падзвіння ХIV–ХVIII стст. / В. У. Чараўко // Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў [Электронны рэсурс] : электрон. зб. навук. арт. ІV Міжнар. навук. канф. да 50-годдзя Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Полацк, 19–20 красавіка 2018 г. — Наваполацк, 2018. — 1 электрон. апт. дыск (CD-ROM). — С. 126–132.

Анатацыя: артыкул прысвечаны элементам пахавальнага абраду сельскага і гарадскога насельніцтва Беларускага Падзвіння ХIV–XVIII стст. Разгледжаны катэгорыі пахавальных помнікаў, арыенціроўка касцяка, палажэнне рук, глыбіня і засыпка магільных ям, наяўнасць трун, надмагіллі. Большасць элементаў пахавальнага абраду гарадскога і сельскага насельніцтва супадаюць. Для гарадоў у большай ступені характэрны могільнікі пры цэрквах (хаця і не абавязкова), могілкі ў сельскай мясцовасці часцей не былі прывязаны да храмаў. Многія сельскія могілкі адрозніваюцца каменнымі надмагіллямі, наяўнасць якіх не характэрна для гарадскіх некропалей.

Чараўко, В.У. Тастаменты і пахавальная практыка насельніцтва Паўночнай Беларусі ХVI–ХVIII стст.: месца пахавання

Чараўко В.У. Тастаменты і пахавальная практыка насельніцтва Паўночнай Беларусі ХVI–ХVIII стст. месца пахаванняАртыкул: Чараўко, В. Тастаменты і пахавальная практыка насельніцтва Паўночнай Беларусі ХVI–ХVIII стст.: месца пахавання / В. Чараўко // Актуальныя праблемы гісторыі і культуры : зб. навук. арт. Вып. 3. Вялікае Княства Літоўскае: заканадаўчае забеспячэнне дзяржаўнага суверэнітэту. — Мінск : Бел. навука, 2022. — С. 416–428.

Анатацыя: Тастаменты шляхты і мяшчан Паўночнай Беларусі ХVI–ХVIII стст. з’яўляюцца інфарматыўнай крыніцай аб пахавальнай практыцы гэтага перыяду. У многіх з іх прысутнічаюць распараджэнні аб месцы пахавання. Шляхецкія завяшчанні дэманструюць вялікую варыятыўнасць месцаў пахавання. Прадстаўнікі прывілеяванага саслоўя выказвалі жаданне знайсці апошні прытулак ва ўласных маёнтках і па-за іх межамі, у цэрквах, касцёлах і капліцах, у манастырах і кляштарах, на царкоўных і касцёльных могілках, па-за межамі могілак у прыгожых месцах, у гарадах у саборных храмах і каля іх. Мяшчане прасілі пахаваць іх у храмах ці на могілках каля храмаў. Найбольш прэстыжнымі месцамі для пахавання з’яўляліся сутарэнні храмаў і могілкі побач з імі. Археалагічныя даследаванні выявілі шэраг некропаляў Полацка і Віцебска, згаданых у тастаментах, а таксама некалькі могілак, якія не ўзгадваюцца ў завяшчаннях. Раскопкі пацвярджаюць, што пахаванні ўнутры храмаў і на набліжанай да храмавых будынкаў тэрыторыі належалі людзям з высокім сацыяльным статусам.

Чараўко, В.У. Пахавальны абрад познесярэдневяковага могільніка каля в. Івесь Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці (па матэрыялах археалагічных даследаванняў 2010–2015 гг.)

Чараўко В.У. Пахавальны абрад познесярэдневяковага могільніка ІвесьАртыкул: Чараўко, В. У. Пахавальны абрад познесярэдневяковага могільніка каля в. Івесь Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці (па матэрыялах археалагічных даследаванняў 2010–2015 гг.) / В. У. Чараўко // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі : матэрыялы VII Міжнар. навук. канф., Полацк, 1–2 лістапада 2017 г. / уклад. Т. У. Явіч. — Полацк : Полацкае кніжнае выдавецтва, 2019. — С. 325–337.

Анатацыя: Могільнік каля в. Івесь Глыбоцкага раёна даследаваўся намі ў 2010–2013 і 2015 гг. Плошча раскопа склала 141,25 кв. м. Было выкрыта 28 грунтовых пахаванняў, у тым ліку 11 мужчынскіх, 7 жаночых, 8 дзіцячых; 2 касцяка належалі дарослым людзям, пол якіх не быў устаноўлены з-за дрэннай захаванасці костак. Пахаванні былі маркіраваны каменнымі надмагільнымі канструкцыямі. Касцякі пахаваных ляжалі ў выцягнутым стане на спіне. Шкілеты пераважна арыенціраваны галавой на захад (6 пахаванняў), на захад з невялікімі адхіленнямі да поўначы (4 пахаванні) і да поўдня (8 пахаванняў). У пяці выпадках касцякі арыенціраваны прыкладна на паўночны захад. Рукі большасці пахаваных былі складзеныя на жываце, грудзях і тазавых касцях. У запаўненні дзесяці магільных ям выяўлены цвікі ад труны. Пад каменнымі надмагільнымі канструкцыямі былі выяўлены фрагменты керамікі ХIV–ХVI стст., якія сведчаць аб памінальным рытуале. Пахавальны інвентар выяўлены ў пяці пахаваннях і ў чатырох выпадках прадстаўлены ўпрыгажэннямі.

Чараўко, В.У. Пахаванні Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў кантэксце развіцця пахавальных помнікаў Полацка

Чараўко В.У. Пахаванні Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў кантэксце развіцця пахавальных помнікаў ПолацкаАртыкул: Чараўко, В. У. Пахаванні Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў кантэксце развіцця пахавальных помнікаў Полацка / В. У. Чараўко // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А. Гуманитарные науки. — 2022. — № 1. — С. 8–11.

Анатацыя: пахаванні Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра займаюць адметнае месца ў кантэксце развіцця пахавальных помнікаў Полацка і могуць разглядацца як адзін з самых старажытных у Беларусі некропалей, спалучаючы пахавальныя помнікі розных эпох. Старажытныя пахаванні ўзніклі яшчэ да заснавання абіцелі і былі звязаны з храмам-пахавальняй полацкіх епіскапаў. Пахаванні ў гэтым храме і ў Спаса-Праабражэнскай царкве размяшчаліся ў аркасоліях і скляпах. Гэта адпавядала старажытнарускай традыцыі пахавання прадстаўнікоў сацыяльнай эліты – вышэйшага духавенства, членаў княжацкай сям’і, прадстаўнікоў баярскіх родаў, якія выступалі кцітарамі храма і манастыра. На тэрыторыі манастыра павінны былі існаваць і могілкі, прызначаныя для прадстаўнікоў манаскай абшчыны. На іх маглі таксама хаваць прадстаўнікоў духавенства, манастырскіх слуг, кцітараў і членаў іх сем’яў.

Чараўко, В.У. Пахавальны інвентар як адлюстраванне полаўзроставай варыятыўнасці пахавальнай практыкі вясковага насельніцтва Беларускага Падзвіння ХIV–XVIII стст.

Чараўко В.У. Пахавальны інвентар як адлюстраванне полаўзроставай варыятыўнасці пахавальнай практыкі вясковага насельніцтва Беларускага Падзвіння 14–18 стст.Артыкул: Чараўко, В. У. Пахавальны інвентар як адлюстраванне полаўзроставай варыятыўнасці пахавальнай практыкі вясковага насельніцтва Беларускага Падзвіння ХIV–XVIII стст. / В. У. Чараўко // Гендер и проблемы коммуникативного поведения : сборник материалов 6-й Международной научной конференции, Полоцк, 27–28 октября 2016 г. / редкол.: М. Д. Путрова [и др.]. — Новополоцк : ПГУ, 2016. — С. 69–72.

Анатацыя: Артыкул прысвечаны выяўленню залежнасці інвентару пахавальных помнікаў Беларускага Падзвіння ХIV–ХVIII стст. ад полаўзроставай прыналежнасці пахаваных. Крынічнай базай даследавання сталі матэрыялы раскопак на шасці вясковых могільніках. Адпаведныя іншым могільнікам наменклатура выяўленых рэчаў і суадносіны безынвентарных пахаванняў і пахаванняў з інвентаром дазваляюць казаць аб рэпрэзентатыўнасці выбаркі. Размеркаванне пахавальнага інвентару дазваляе меркаваць наяўнасць статыстычнай залежнасці паміж пахавальным інвентаром і полаўзроставай прыналежнасцю пахаваных.

Старонкі