Аудио-История Беларуси

Фанатэка па гісторыі і археалогіі Беларусі

Аркадзь Куляшоў. «Хамуціус» [Кастусь Каліноўскі] (аўдыёзапіс, 1981 г.)

Запіс: аўдыёспектакль «Хамуціус» паводле драматычнай паэмы Аркадзя Куляшова.

Характарыстыка: Радыёспектакль «Хамуціус» пастаўлены паводле аднайменнай драматычнай паэмы Народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Хамуціус — адзін з падпольных псеўданімаў Кастуся Каліноўскага, які ў 1863 г. узначаліў паўстанне ў Беларусі і Літве. Сюжэт паэмы склаў драматычны жыццёвы лёс Кастуся Каліноўскага, які прыняў на сабе адказнасць за лёс іншых — і ў 26 гадоў ахвяраваў уласным жыццём. У час змагання паўстанцаў з расійскім самадзяржаўем абвастраюцца канфлікты паміж панам і мужыком, супярэчнасці «белых» і «чырвоных». Ідзе не толькі барацьба з яўным праціўнікам, але і супрацьстаянне ненадзейным «белым» паплечнікам ды варшаўскаму паўстанцкаму кіраўніцтву. На гэтым фоне разгортваецца лірычная лінія кахання Кастуся Каліноўскага і Марысі Ямант.

Алесь Адамовіч. Хатынская аповесць (аўдыёзапіс, 1974 г.)

Запіс: аўдыёспектакль «Хатынская аповесць» паводле аповесці Алеся Адамовіча

Характарыстыка: Сюжэт «Хатынскай аповесці» складаюць успаміны былога партызана Фларыяна Гайшуна, які едзе на адкрыццё помніка. Ён страціў зрок, таму галасы аднапалчан будзяць даўнія успаміны. Шмат гадоў таму ён — падлетак Флёра — даведаўся, што карнікі забілі яго сям’ю і ўсіх суседзяў. А потым стаў сведкам таго, як немцы і паліцаі жыўцом спалілі жыхароў суседняй вёскі…

«Хатынская аповесць» Алеся Адамовіча ўбачыла свет у 1972 г. У 1976 г. аўтар атрымаў за яе Дзяржаўную прэмію БССР. У 1985 г. на экраны выйшла кінастужка вядомага рэжысёра Элема Клімава «Ідзі і глядзі», сцэнар якой быў напісаны паводле «Хатынскай аповесці» і іншых твораў Алеся Адамовіча. Фільм заняў першае месца на Сусветным кінафестывалі ў Маскве. На Беларускім радыё аўдыёспектакль «Хатынская аповесць» быў пастаўлены ў 1974 г. Ён і прапануецца вашай увазе.

«Слова пра паход Ігаравы» ў перакладзе Рыгора Барадуліна (аўдыёзапіс, 1992 г.)

Запіс: «Слова пра паход Ігаравы» ў беларускім перакладзе Рыгора Барадуліна

Выступоўца: Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рагаўцоў

Крыніца: Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, эфір перадачы «Тэатр Беларускага радыё» 23 лютага 2015 года.

Характарыстыка: «Слова пра паход Ігаравы» — помнік усходнеславянскай літаратуры ХІІ ст. — на беларускую мову перакладалася не аднойчы. Максім Багдановіч пераклаў твор часткова. Першы поўны пераклад зрабіў ў 1911 г. Янка Купала. Пасля гэтага «Слова пра паход Ігаравы» перакладалася на беларускую мову яшчэ некалькі разоў. Пераклад Рыгора Барадуліна, выданы ў 1986 г., даследчыкі называюць лепшым з тых, што былі зроблены ў другой палове ХХ ст. Вашай увазе прапануецца аўдыёзапіс «Слова пра паход Ігаравы» паводле беларускага пераклада Рыгора Барадуліна, зроблены ў 1992 г.

Рыгор Барадулін аб «Слове пра паход Ігаравы» (аўдыёзапіс, 1992 г.)

Запіс: Рыгор Барадулін аб «Слове пра паход Ігаравы» (інтэрв'ю)

Выступоўца: Рыгор Іванавіч Барадулін

Крыніца: Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, эфір перадачы «Тэатр Беларускага радыё» 23 лютага 2015 года.

Характарыстыка: Рыгор Барадулін (24.02.1935–02.03.2014) — беларускі паэт і перакладчык, Народны паэт Беларусі. Творчасць Рыгора Іванавіча вызначаецца багаццем мовы, разнастайнасцю жанраў, багаццем вобразных сродкаў, метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам. Усё гэта можна пачуць у невялікім інтэрв’ю Рыгора Барадуліна, прысвечанага перакладу паэтам вядомага літаратурнага помніка ХІІ ст. «Слова пра паход Ігаравы» і запісанага ў 1992 г. «І на пачатку было «Слова пра паход Ігаравы», — кажа Рыгор Іванавіч, першым жа сказам адсылаючы слухачоў да Евангелля ад Іаана.

Эдвард Зайкоўскі. Мёд у харчаванні беларусаў (аўдыёзапіс)

Запіс: Мёд у харчаванні беларусаў

Выступоўца: Эдвард Міхайлавіч Зайкоўскі (археолаг, этнограф)

Характарыстыка: Запіс з цыкла перадач «Беларускі альбом» («Першы нацыянальны канал» Беларускага радыё). Археолаг і этнограф Эдвард Міхайлавіч Зайкоўскі распавядае пра традыцыю ўжывання мёду ў харчаванні беларусаў. Мяркуючы па тэрміналогіі, бортніцтва (здабыванне мёду дзікіх пчол) было распаўсюджана яшчэ ў даславянскія часы, а потым захоўвалася ў раннім сярэднявеччы і ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Слова «бортнік» агульнае для ўсёй паўночнай часткі славянскага арэалу. У сярэднявеччы бортнікі ўтваралі замкнутыя сацыяльныя групы, якія часта мелі асобныя правы і прывілеі.

Марыя Ткачова. Старажытная кераміка на Беларусі (аўдыёзапіс)

Марыя Ткачова. Старажытная кераміка на БеларусіЗапіс: Старажытная кераміка на Беларусі

Выступоўца: Марыя Ткачова (археолаг)

Характарыстыка: Запіс з цыкла перадач «Беларускі альбом» («Першы нацыянальны канал» Беларускага радыё). Эфір 22.03.2014. Археолаг Марыя Ткачова распавядае аб старажытнай кераміцы на Беларусі. Першыя керамічныя вырабы на беларускіх землях з'явіліся ў неаліце. Гэта былі досыць вялікія гаршкі з вострым або закругленым дном. Першая кераміка была не вельмі трывалай з прычыны наяўнасці раслінных дамешкаў. Марыя Ткачова распавядае пра развіццё тэхналогіі вырабу глінянага посуду, а таксама закранае пытанне розных варыянтаў арнаментацыі посуду і значэння арнаменту.

Старонкі