Кароткі, У.Г. Мялецій Сматрыцкі ў дакументах яго часу

Кароткі У.Г. Мялецій Сматрыцкі ў дакументах яго часуАртыкул: Кароткі, У.Г. Мялецій Сматрыцкі ў дакументах яго часу. (Да 350-годдзя з дня смерці) / У.Г. Кароткі // Весці Акадэміі навук БССР. Серыя грамадскіх навук. — 1983. — № 5. — С. 111–117.

Анатацыя: Мялецій Сматрыцкі нарадзіўся на Падоллі ў сям’і Герасіма Сматрыцкага, першага рэктара Астрожскай калегіі. Ён скончыў Астрожскую калегію, Віленскую езуіцкую акадэмію, слухаў лекцыі ў Лейпцыгскім, Вітэнбергскім і Нюрнбергскім універсітэтах. Доўгі час Мялецій правёў на Беларусі і ў Літве. Ён стаў адным з заснавальнікаў стылю барока ў культуры Беларусі і Украіны. Многія яго творы былі накіраваны на абарону праваслаўя ад нападкаў каталіцкай і ўніяцкай цэркваў.

У першай чвэрці ХVII ст. большасць магнатаў прыняла каталіцтва. Адзінымі астраўкамі на карце Рэчы Паспалітай сярод апалячанай і акаталічанай магнатэрыі былі дамы Саламярэцкіх, Пузынаў і Агінскіх. Асноўным праціўнікам каталіцка-ўніяцкага лагера на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Украіны сталі праваслаўныя брацтвы, мяшчане і гарадская бедната. Змаганне інтэлектуалаў праваслаўнага лагера часцей за ўсё вылівалася ў квяцістыя прамовы на сеймах і публіцыстычныя творы. Сярэдняе шляхецтва, да якога належаў Мялецій, апынулася ў дваістай сітуацыі. З аднаго боку, яно цягнулася да звыклай рэлігіі продкаў, якой было праваслаўе. З другога — імкнулася да павышэння сацыяльнага становішча, што патрабавала змены канфесіі. Акрамя таго, у праваслаўнай царкве існавалі супярэчнасці паміж вышэйшымі іерархамі і міранамі, аб’яднанымі ў брацтвы. Актыўнасць братчыкаў не падабался і полацкаму архіепіскапу Мялецію Сматрыцкаму.

Дваістая пазіцыя Сматрыцкага прадвызначыла яго пераход ва ўніяцтва. У.Г. Кароткаму ўдалося знайсці дакументы, якія дазволілі ўдакладніць дату смерці палеміста. Дакументы 1630–1634 гг. адлюстроўваюць падзеі, звязаныя з апошнімі гадамі жыцця Мялеція Сматрыцкага. Гэта шэсць дакументаў, якія напісаны прадстаўнікамі каталіцка-ўніяцкага кліру. Аўтары імкнуцца ўзвялічыць Сматрыцкага-ўніята і абгрунтаваць прыняцце ім уніі. Тэксты дакументаў маюць эклектычны характар: у іх прысутнічаюць і хранікальна-дакументальныя, і літаратурныя пачаткі. Пэўнае ўздзеянне на іх аказала агіяграфічная традыцыя. Паводле канонаў жыційнага жанру патрабавалася абавязковае апісанне пасмяротных цудаў. Паводле тэкстаў, нябожчык Сматрыцкі спачатку узяў у рукі пасланне уніяцкаму мітрапаліту Іосіфу Руцкаму, а потым аддаў ліст адрасату.

Фармат: Djvu.

Памер: 1,3 MB.

Увага: Асобныя старонкі артыкула прадстаўлены ў якасці не вельмі добрай, але прыдатнай для чытання.

Спампаваць артыкул/Скачать статью.

Усе матэрыялы бібліятэкі атрыманы з агульнадаступных крыніц. Сайт Adverbum.org не ўтрымлівае файлаў кніг, а прапануе спасылкі на іх. Спасылкі на кнігі па гісторыі даюцца выключна з мэтай азнаямлення. Калі спасылка не працуе, калі ласка, паведаміце аб гэтым у каментарах або праз форму сувязі.