Эдвард Зайкоўскі. Мёд у харчаванні беларусаў (аўдыёзапіс)

Запіс: Мёд у харчаванні беларусаў

Выступоўца: Эдвард Міхайлавіч Зайкоўскі (археолаг, этнограф)

Характарыстыка: Запіс з цыкла перадач «Беларускі альбом» («Першы нацыянальны канал» Беларускага радыё). Археолаг і этнограф Эдвард Міхайлавіч Зайкоўскі распавядае пра традыцыю ўжывання мёду ў харчаванні беларусаў. Мяркуючы па тэрміналогіі, бортніцтва (здабыванне мёду дзікіх пчол) было распаўсюджана яшчэ ў даславянскія часы, а потым захоўвалася ў раннім сярэднявеччы і ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Слова «бортнік» агульнае для ўсёй паўночнай часткі славянскага арэалу. У сярэднявеччы бортнікі ўтваралі замкнутыя сацыяльныя групы, якія часта мелі асобныя правы і прывілеі.

Мёд беларусы елі ў чыстым выглядзе, рабілі мядовую сыту, варылі і настойвалі хмельнае пітво. Шырока распаўсюджаны быў «ліпец» — празрысты, чысты напой з мядовым смакам і пахам. Пашырэнне мелі мёд-паўтарак і трайны мёд. Найбольш насычаным (з большай удзельнай часткай мёду) быў мёд-паўтарак. Трайны мёд утрымліваў больш вады і настойваўся менш часу. Існавалі таксама «вішнёўкі» і «маліннікі», для чаго бралі пароўну мёду і адпаведных ягад. Пітвом, характэрным толькі для беларусаў і літоўцаў, з’яўляўся крупнік, які варылі з гарэлкі або спірту, дадавалі туды мёд, карыцу, гваздзіку, мускатны арэх і іншыя прыправы. Не пазней за XVIII ст. у Беларусі распаўсюдзіўся моцны алкагольны напой крамбамбуля, адной з састаўных частак якой быў мёд. У адрозненне ад крупніка, які пілі гарачым, крамбамбулю ўжывалі халоднай. Акрамя таго, у крамбабмулю дадаваўся перац.


Запіс узяты з агульнадаступных крыніц. Сайт Adverbum.org не ўтрымлівае аўдыёфайлаў, а прапануе спасылкі на іх. Спасылкі на запісы даюцца выключна з мэтай азнаямлення. Калі спасылка не працуе, калі ласка, паведаміце аб гэтым у каментарах або праз форму сувязі.