Весці Акадэміі навук БССР. — 1949. — № 3

Весці Акадэміі навук Беларускай ССР БССР 1949 № 3Часопіс: Весці Акадэміі навук БССР. — 1949. — № 3.

Характарыстыка: Весці Акадэміі навук Беларускай ССР — агульны навуковы часопіс для ўсіх інстытутаў АН БССР з 1948 па 1956 г. Паколькі падзелу на асобныя серыі для грамадскіх, фізіка-тэхнічных, аграрных навук не было, пад адной вокладкай публікаваліся артыкулы надзвычай шырокай тэматыкі. Артыкулы па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі прысутнічалі не ў кожным нумары. У некаторых выпадках эпоху характарызуюць ужо назвы артыкулаў. Напрыклад, у нумары 2 за 1949 г. змешчаны артыкулы І.С. Чымбурга і І.М. Ільюшына, прысвечаныя, адпаведна, рабоце Леніна «Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм» і развіццю Леніным гнасеалагічнага патэнцыялу дыялектычнага матэрыялізма. І.В. Гутараў надрукаваў артыкул супраць касмапалітызма ў літаратурнай крытыцы, літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы БССР. Узгадаем, што барацьба супраць касмапалітызму была распачата якраз у канцы 1940-х гадоў і працягвалася да смерці Сталіна. У іншым артыкуле даследчык Ю.С. Пшыркоў спрабуе пазначыць сувязі паміж творчасцю Пушкіна і беларускай літаратурай: пераважна шукае ўплыў творчасці вядомага рускага паэта на Янку Купалу і Якуба Коласа.

З матэрыялаў, якія не маюць ніякіх адносін да гісторыі, літаратуразнаўства і гуманітарыстыкі ўвогуле, адзначым ажно тры артыкулы, прысвечаныя пытанням вырошчвання і правільнай апрацоўкі кок-сагызу — культывуемай тады расліны-каўчуканоса. Увогуле, артыкулы сельскагаспадарчай тэматыкі ў гэтым нумары пераважаюць. Асобна адзначым матэрыялы па тэмах, пік актуальнасці якіх наступіць ужо ў наступную эпоху: публікацыі І.С. Лупіновіча і Т.Ф. Голуба па пытаннях меліярацыі і сельскагаспадарчага выкарыстання тарфяных зямель і М.З. Пекера па пытанню ўжывання пестыцыда гексахларана для аховы ўжо згаданага кок-сагызу.

Змест нумара:

Чымбург І.С. Работа В.І. Леніна «Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм» — тэарэтычная падрыхтоўка марксісцка-ленінскай партыі
Ільюшын І.М. Развіццё В.І. Леніным тэорыі пазнання дыялектычнага матэрыялізма
Гутараў І.В. Супраць касмапалітызма ў літаратурнай крытыцы, літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы БССР
Пшыркоў Ю.С. А.С. Пушкін і беларуская літаратура
Лупіновіч І.С., Голуб Т.Ф. Да пытання аб змяненні фізіка-біяхімічных уласцівасцей тарфяных глеб у сувязі з меліярацыяй і сельскагаспадарчым выкарыстаннем
Мацэпура М.Е. Механізацыя культуры кок-сагызу
Езубчык А.А., Канашэвіч З.І. Да вывучэння мясцовых штамаў канюшынных бактэрый
Маркавец А.Ф., Гарбунова Н.Н. Шкоднікі салодкіх лубінаў у БССР
Пекер М.З. Прымяненне гексахларана для аховы пасеваў кок-сагызу ад правалочнікаў
Маштакоў С.М. Уплыў сонечнай і ценевай сушкі карэнняў кок-сагызу на якасць вуглевадарода каучука
Ермоленка Н.Ф. Адсорбцыя сумесі арганічных кіслот з іх раствораў у водных і няводных асяроддзях
Первазванскі В.В., Дзербенцава Н.А. Аб малібдэнавым метадзе вызначэння кетасахараў
Годнеў Т.Н., Терэнцьева М.В. Утварэнне хларафіла ў хларатычных лісцях пры інфільтрацыі солей жалеза
Несцеровіч Н.Д. Вынікі прарошчвання пыльцы раслін у растворах 2,4-дыхлорфеноксіўксуснай і фторметылуксуснай кіслот
Іванова Е.В. Новыя расліны ў флоры БССР
Крытыка і бібліяграфія
Геймановіч А.І., Грашчанкаў Н.І. «Міжнейронныя апараты сувязі — сінапсы і іх роля ў фізіялогіі і паталогіі»
Грашчанкаў Н.І. Да пытання аб тэорыі соцыялістычнай аховы здароўя
Хроніка