Варонін, В.А. Сацыяльна-эканамічнае i палітычнае развіццё Полацкага ваяводства ў першай палове XVI ст.: аўтарэферат кандыдацкай дысертацыі

Варонін В.А. Сацыяльна-эканамічнае i палітычнае развіццё Полацкага ваяводства ў першай палове 16 ст. АўтарэфератНазва: Варонін, В. А. Сацыяльна-эканамічнае i палітычнае развіццё Полацкага ваяводства ў першай палове XVI ст. : аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук : 07.00.02 — айчынная гісторыя / В. А. Варонін ; Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. — Мінск, 2000. — 19 с.

Характарыстыка: Тэматыка становішча Беларусі і асобных яе рэгіёнаў у Вялікім Княстве Літоўскім у айчыннай навуцы застаецца адной з самых нераспрацаваных. Тэма дысертацыі раней ніколі не была прадметам самастойнага навуковага даследавання. Вывучэнне пазначанай тэмы дало магчымасць на канкрэтных фактах паказаць становішча аднаго з найцікавейшых з гістарычнага пункту гледжання беларускіх рэгіёнаў у складзе ВКЛ. Мэтай работы з’яўляецца навуковае асвятленне і характарыстыка галоўных тэндэнцый, заканамернасцей і фактаў эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага развіцця Полацкага ваяводства ў першай палове ХVI ст. у іх узаемадзеянні.

Прыняты ў працы рэгіянальны комплексны падыход надзвычай рэдка выкарыстоўваецца ў айчыннай гістарычнай навуцы. Разам з дастаткова вузкімі храналагічнымі рамкамі даследавання ён даў магчымасць падрабязна вывучыць галоўныя факты, з’явы і тэндэнцыі гістарычнага развіцця Полацкага ваяводства ў першай палове XVI ст. Яны закранаюць усе вывучаемыя сферы і дазваляюць у значнай ступені па-новаму зразумець гістарычнае мінулае як Полаччыны, так і Беларусі ў цэлым. Упершыню зроблена спроба вызначыць колькасць i дынаміку змянення насельніцтва вывучаемага рэгіёна; на канкрэтных прыкладах прадэманстраваны істотныя адрозненні ў шчыльнасці насельніцтва i эканамічным развіцці паўднёвай i паўночнай частак Полацкага ваяводства; высветлены стан i дынаміка развіцця галоўных галін эканомікі, іх арганізацыйныя формы, многія з якіх зафіксаваны ўпершыню; упершыню зроблена спроба статыстычнага вывучэння структуры і галоўных накірункаў эвалюцыі мясцовага землеўладання; прапанаваны новы погляд на палітычны лад і ўнутрыпалітычную барацьбу, асноўныя прынцыпы ўрадавай палітыкі ў дачыненні Полацкага ваяводства.

В.А. Вароніным устаноўлена, што па шчыльнасці насельніцтва i ступені гаспадарчай асвоенасці Полацкае ваяводства выразна дзялілася на дзве часткі: больш заселены і лепш эканамічна развіты паўднёвы бераг Дзвіны i менш шчыльна заселены і горш асвоены паўночны. Сельская гаспадарка Полаччыны спецыялізавалася на раслінаводстве; значнае месца ў структуры гаспадарчых заняткаў сельскага насельніцтва займала таксама эксплуатацыя лясных i водных багаццяў края. Пераважная маса таварнага збожжа вырошчвалася ў шляхецкіх уладаннях. Аднак у вывучаемы перыяд фальварак на Полаччыне не атрымаў шырокага распаўсюджання. Шляхта атрымлівала пераважную частку збожжа ў якасці феадальнай рэнты ад сялян-дольнікаў — самай шматлікай (51,3%) катэгорыі мясцовага сялянства.

Шматлікія прывілеі i льготы, нададзеныя Полацку вялікімі князямі літоўскімі, зpaбiлi яго фактычна галоўным гандлёвым горадам усёй паўночнай часткі дзяржавы. Полацк з’яўляўся цэнтрам у першую чаргу транзітнага, пасрэдніцкага гандлю. Першачарговае значэнне для горада мелі дзвінскі гандаль i сувязі з Рыгай. Важную ролю адыгрываў i гандаль у мерыдыянальным накірунку. Галоўнымі таварамі полацкага экспарту былі хлеб, лес і прадукты яго перапрацоўкі, воск. Імпартаваліся соль, тканіны, металы і металічныя вырабы. Даходы ад полацкай салянай i васковай каморы складалі каля 20 % ад даходаў ycix падобных камор дзяржавы. У гандлі найбольш важнымі прадметамі полацкага экспарту склалася спецыялізацыя: хлеб вывозіла шляхта, а лес i лесапрадукты — мяшчане.

К сярэдзіне XVI ст. на Полаччыне ў асноўным склаліся тры галоўныя саслоўі тагачаснага грамадства: сялянства, мяшчанства і шляхта, якія, аднак, мелі развітую ўнутраную стратыфікацыю. Існавалі 9 катэгорый сялянства паводле падаткова-павіннаснага становішча i 4 катэгорыі — паводле характару асабістай залежнасці. Нягледзячы на афармленне ў 1498 г. юрыдычнай роўнасці, полацкае мяшчанства мела выразную cтpaтыфiкaцыю. Паводле маёмаснага становішча ў ім вылучаліся тры cлai: ніжні («чорныя людзі»), сярэдні («паспольства») i верхні, у рамках якога сфарміраваўся патрыцыят. Гарадскі патрыцыят Полацка складаўся з гандлёва-землеўладальніцкай арыстакратыі. Рамесная вярхушка не займала ў ім колькі-небудзь прыкметнага месца

Шляхецкае саслоўе Полацкага ваяводства склалася на аснове мясцовага баярства. У вывучаемы перыяд колькасна пераважала дробная i найдрабнейшая шляхта, аднак большая частка земляў належала сярэднім i дробным землеўладальнікам. Галоўнымі тэндэнцыямі развіцця шляхецкага землеўладання з’яўляліся яго агульны рост i драбленне. Acaблівасцю caцыяльнa-экaнaмiчнaгa развіцця рэгіёна было моцна развітае мяшчанскае землеўладанне. Аднак у першай палове XVI ст. яно хутка скарачалася i драбнела.

Трыма асноўнымі сіламі, паміж якімі разгортвалася барацьба за пануючае становішча ў грамадска-палітычным жыцці Полаччыны, былі мяшчане, шляхта і ваявода. У першай чвэрці XVI ст. пазіцыі мяшчанства былі дастаткова моцныя, аднак у далейшым у сувязі з пераходам цэнтральнага ўрада да выразнай прашляхецкай саслоўнай палітыкі яны аслабелі, i не пазней за 30-я гады ХVI ст. ініцыятыва ў супрацьстаянні перайшла да альянса шляхты і ваяводы Шэраг артыкулаў устаўной граматы, якой быў заканадаўча аформлены аўтаномны статус Полаччыны ў складзе Вялікага княства Літоўскага, у першай палове XVI ст. ужо не дзейнічаў на практыцы. Пры захаванні многіх спецыфічных рысаў палітычны лад Полацкага ваяводства эвалюцыянаваў у бок уніфікацыі з агульнадзяржаўнымі нормамі i стандартамі, на што і была накіравана палітыка цэнтральнага ўрада.

Фармат: Pdf.

Памер: 1,15 MB.

СПАМПАВАЦЬ АЎТАРЭФЕРАТ = СКАЧАТЬ АВТОРЕФЕРАТ.

Крыніца: Электронная бібліятэка БДУ.