Вайцяховіч, А.В. Развіццё форм і відаў пахавальнага абраду на тэрыторыі Полацкай зямлі ў Х–ХІІ стст.: аўтарэферат кандыдацкай дысертацыі

Вайцяховіч А.В. Развіццё форм і відаў пахавальнага абраду на тэрыторыі Полацкай зямлі ў 10–12 стст. аўтарэфератНазва: Вайцяховіч, А. В. Развіццё форм і відаў пахавальнага абраду на тэрыторыі Полацкай зямлі ў Х–ХІІ стст. : аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук : 07.00.06 — археалогія / А. В. Вайцяховіч ; Інстытут гісторыі НАН Беларусі. — Мінск, 2011. — 27 с.

Вывучэнне пахавальнага абраду дае ўяўленне аб дэмаграфіі, этнічных, сацыяльна-эканамічных і ідэалагічных працэсах, якія адбываліся ў старажытных грамадствах. Адсутнасць альбо недахоп інфармацыі пісьмовых крыніц аб пахавальных традыцыях старажытнасці дапаўняюць і канкрэтызуюць археалагічныя крыніцы. Яны адлюстроўваюць такія элементы пахавальнага абраду, як падрыхтоўка памерлага да пахавання, канструкцыю магілы, размяшчэнне пахавання і інвентару, надмагільнае збудаванне. Даследаванні курганных могільнікаў, што праводзіліся з XIX ст. і былі найбольш маштабнымі ў 60–80-я гг. ХХ ст., дазволілі вылучыць пахавальны інвентар і пахавальныя традыцыі асобных славянскіх плямёнаў ва Усходняй Еўропе. Гэтыя працы галоўным чынам разглядалі пахавальны абрад у кантэксце развіцця этнічных узаемаадносін. Назапашаны матэрыял дазваляе вылучыць і іншыя накірункі вывучэння развіцця пахавальнага абраду.

На Х–XII стст. ва Усходняй Еўропе прыпадае завяршэнне пераходу славян ад радавой абшчыны да суседскай, усталяванне феадальных адносін, развіццё гарадоў, актывізацыя гандлю, распаўсюджанне афіцыйнай хрысціянскай рэлігіі. Гэтыя працэсы адлюстраваліся ў развіцці форм і відаў пахавальнага абраду на тэрыторыі Полацкай зямлі. Змены ў пахавальным абрадзе мелі непасрэднае дачыненне да дзяржаватворчых працэсаў. Таму ў дысертацыі асноўная ўвага засяроджана на ўзаемасувязі форм пахавальнага абраду з сацыяльна-палітычнымі і ідэалагічнымі зрухамі, якія адбываліся на тэрыторыі Полацкай зямлі ў адзначаны перыяд. За аснову тэрыторыі даследавання ў дадзенай дысертацыі бярэцца максімальнае пашырэнне межаў Полацкай зямлі. Адпаведна сучаснаму адміністрацыйнаму падзелу Беларусі разглядаюцца могільнікі, якія знаходзяцца ў Віцебскай вобласці і Мядзельскім, Вілейскім, Лагойскім, Мінскім, Смалявіцкім, Барысаўскім, Бярэзінскім раёнах Мінскай вобласці.

А.В. Вайцяховічам устаноўлена, што ў Х–ХІІ стст. на тэрыторыі Полацкай зямлі, як і ў іншых землях Усходняй Еўропы, адбываюцца змены ў гаспадарчым і культурным жыцці грамадства, выкліканыя фарміраваннем ранніх дзяржаўных утварэнняў і развіццём гандлёва-ваенных адносін. Яны закранулі і сферу духоўнага жыцця, што знайшло адлюстраванне ў пахавальным абрадзе. У гэты перыяд назіраецца змена дзвюх форм пахавальнага абраду (крэмацыя, інгумацыя), якія ўтрымліваюць па некалькі відаў размяшчэння пахаванняў. Для кожнай формы пахавальнага абраду вылучаны па тры віды размяшчэння пахавання. Таксама вылучаны тры традыцыі паводле складу пахавальнага інвентару. Першая (ІХ–Х стст.) характарызуецца наяўнасцю элементаў упрыгажэння касцюму і ляпнога посуду. Для другой (Х ст.), акрамя адзначанага інвентару, уласціва з’яўленне побытавых, гаспадарчых і звязаных з гандлем рэчаў, дэталяў конскага рыштунку. Трэцяя традыцыя (другая палова Х–ХІ стст.) характарызуецца прысутнасцю ў пахаваннях зброі і кругавога начыння і адпавядае складу інвентара старажытнарускіх пахаванняў інгумацыі.

На тэрыторыі Полацкай зямлі ў Х ст. вылучаюцца дзве зоны канцэнтрацыі розных відаў абраду крэмацыі: Дзвінская і Дняпроўская. Першая зона (Дзвінская) звязваецца з крывічамі. Паводле складу інвентару дадзеныя пахаванні адносяцца да першай і другой традыцыі. З сярэдзіны Х ст. у пахаваннях пачынаюць сустракацца рэчы трэцяй традыцыі (бранзалетападобныя скроневыя колцы, калачападобныя крэсівы, кругавое начынне). Вылучаюцца пахаванні прадстаўнікоў дружыннага саслоўя (Банонь) і дзяржаўнай адміністрацыі (Вітунічы, Замошша). Другой зоне (Дняпроўскай) уласцівы прыкметы славянскіх пахаванняў паўднёвых тэрыторый. Пахавальны інвентар гэтай зоны суадносіцца з трэцяй традыцыяй. У рэгіёнах Падзвіння і Падняпроўя ў другой палове Х ст. адбываецца ўзаемапранікненне розных відаў абраду, што можна звязаць з першапачатковым этапам дзяржаваўтварэння (фарміраванне памежных зон). Новая форма пахавальнага абраду — інгумацыя — у Полацкай зямлі пачынае распаўсюджвацца ў канцы Х — першай палове ХІ стст. Яна адлюстроўвае змены ў жыцці сярэдневяковага грамадства. Могільнікі гэтага перыяду, як правіла, пераходнага тыпу з крэмацыямі і інгумацыямі, якія сустракаюцца побач нават у адным кургане. Першыя інгумацыі на тэрыторыі Полацкай зямлі суадносяцца з мяркуемымі адміністрацыйнымі і вайсковымі апорнымі пунктамі (Заслаўе, Пагошча, Ізбішча, Лукомль, Шо). Большасць мужчынскіх пахаванняў на гэтых могільніках утрымліваюць сякеры і коп’і. Паступова абрад інгумацыі распаўсюджваецца на ўсю тэрыторыю Полацкай зямлі.

У ХІ ст. на тэрыторыі Полацкай зямлі можна вылучыць чатыры зоны распаўсюджвання абраду інгумацыі. Першая ўключае рэгіёны Падзвіння, якія былі асвоены полацкімі крывічамі. Другая ахоплівае паўднёва-ўсходнія рэгіёны Полацкай зямлі і звязана з рассяленнем смаленскіх крывічоў з усходу на захад. Трэцяя зона ахоплівае басейн вярхоўяў і сярэдняга цячэння Бярэзіны Дняпроўскай і звязана з рассяленнем крывічоў і дрыгавічоў. Зона IV ахоплівае вярхоўі басейна Дзісны і Віліі. Да сярэдзіны ХІ ст. у басейне Дзісны пахаванні набываюць рысы, уласцівыя іншым рэгіёнам Полацкага Падзвіння, а ў вярхоўях Віліі пахавальны абрад набывае рысы, характэрныя для басейна Бярэзіны Дняпроўскай.

На працягу ХІІ ст. адбываецца ўніфікацыя пахавальнага абраду інгумацыі паводле хрысціянскага канону (размяшчэння пахаванняў у магільнай яме галавой на захад, пакладанне рук, мінімізацыя пахавальнага інвентару). У канцы ХІІ — пачатку ХІІІ стст. пахаванні пад курганнымі насыпамі знікаюць. Цэнтрамі хрысціянізацыі насельніцтва Полацкай зямлі былі гарады, дзе пахаванні заможных слаёў суадносяцца з культавымі збудаваннямі. На вёсцы ўсталяванне хрысціянскага абраду адбывалася праз цэнтры валасцей і апорныя пункты. Наяўнасць змешаных форм і лакальных варыянтаў відаў пахавальнага абраду сведчаць, з аднаго боку, аб марудным успрыманні хрысціянскага канону насельніцтвам наогул. З іншага боку, у эканамічна больш развітых і стабільных рэгіёнах Полацкай зямлі (волакавыя сістэмы) назіраецца працяглае захаванне элементаў язычніцтва (размяшчэнне пахавання на гарызонце, ахвярапрынашэнне жывёлы, выкарыстанне агню). Магчыма, гэта, тлумачыцца большай незалежнасцю насельніцтва дадзеных рэгіёнаў ад дзяржаўнай ідэалогіі.

Фармат: Pdf.

Памер: 833 KB.

СПАМПАВАЦЬ АЎТАРЭФЕРАТ = СКАЧАТЬ АВТОРЕФЕРАТ.