Вацлаў Ластоўскі (фільм, «Гісторыя пад знакам «Пагоні»)

фільм Гісторыя пад знакам Пагоні Вацлаў ЛастоўскіФільм: Вацлаў Ластоўскі.

Від: Навукова-папулярны, адукацыйны.

Характарыстыка: Фільм з дакументальнага цыкла «Гісторыя пад знакам «Пагоні» («Белсат»), прысвечаны Вацлаву Ластоўскаму. «Ён пасвяціў усяго сабе адраджэнню беларускага народу, належачы да тых нямногіх, што не толькі ўсёй душой аддаліся справе беларускай, але і ўвесь час свой аддавалі ёй», — так пісаў пра гэтага чалавека вядомы дзеяч беларускага замежжа Янка Станкевіч. Ластоўскі нарадзіўся ў 1883 г. на Віцебшчыне ў сям’і беззямельнага шляхціча. Скончыўшы толькі пачатковую школу і непрацяглы час слухаючы лекцыі ў Пецярбургскім універсітэце, юнак здолеў праз самаадукацыю здабыць бліскучыя веды ў гуманітарных навуках. Вацлаў Ластоўскі актыўна ўдзельнічаў у грамадскім і культурным жыцці Вільні, стаў адным з ідэолагаў беларускага нацыянальнага руху. У 1909–1914 гг. ён працаваў рэдакцыйным сакратаром газеты «Наша Ніва». На старонках гэтай газеты друкаваліся публіцыстычныя артыкулы, апавяданні і вершы і самога Ластоўскага, які карыстаўся псеўданімамі Юрый Верашчака і Власт. Упэўнены ў тым, што абуджэнне народа немагчымае без ведаў пра ўласную гісторыю, Вацлаў Ластоўскі займаўся грунтоўным вывучэннем беларускай мінуўшчыны. Вынікам стала надрукаваная ў 1910 г. «Кароткая гісторыя Беларусі».


Першая сусветная вайна, рэвалюцыі і маштабныя зрухі ў грамадстве абудзілі беларускі нацыянальны рух, што вылілася ў спробу стварэння нацыянальнай дзяржаўнасці. У снежні 1919 г. Вацлаў Ластоўскі ўзначаліў Раду міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1923 г. ён сышоў у адстаўку і пераехаў у Коўна, дзе рэдагаваў беларускі часопіс «Крывіч». У Коўна пабачылі свет яго «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» і «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». У апошняй кнізе дадзена апісанне манускрыптаў і друкаваных выданняў ад канца Х да пачатку ХІХ ст.

У 1927 г. Вацлаў Ластоўскі вярнуўся ў Беларусь, прыняўшы беларусізацыю. У БССР ён працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, займаў пасаду сакратара Беларускай Акадэміі навук, атрымаўшы званне акадэміка. Са згортваннем палітыкі беларусізацыі і пачаткам масавых рэпрэсій Вацлаў Ластоўскі некалькі разоў арыштоўваўся, а ў пачатку 1938 г. быў растраляны. Так трагічна загінуў беларускі пісьменнік і гісторык, філолаг і літаратуразнаўца, публіцыст і этнограф, грамадскі і палітычны дзеяч, патрыёт, выбітны сын сваёй Радзімы. Самавука, які стаў акадэмікам, чалавека, які за кароткае жыццё здолеў шмат зрабіць для беларускай справы ў самых розных сферах, Вацлава Ластоўскага па праву называюць «неадменным сакратаром» беларускага адраджэння.

Фільм узяты з агульнадаступных крыніц. Сайт Adverbum.org не ўтрымлівае відэафайлаў, а прапануе спасылкі на іх. Спасылкі на фільмы даюцца выключна з мэтай азнаямлення. Калі спасылка не працуе, калі ласка, паведаміце аб гэтым у каментарах або праз форму сувязі.