Уладзіслаў IV Ваза (фільм, «Гісторыя пад знакам «Пагоні»)

фільм Гісторыя пад знакам Пагоні Уладзіслаў IV ВазаФільм: Уладзіслаў IV Ваза.

Від: Дакументальны, адукацыйны, навукова-папулярны

Характарыстыка: Фільм з дакументальнага цыкла «Гісторыя пад знакам «Пагоні» («Белсат»). Уладзіслаў ІV Ваза меў як здольнасці, так і амбіцыі. Але ягоныя планы магчыма было рэалізаваць у цэнтралізаванай краіне з абсалютнай манархіі. Спробы ўзмацніць каралеўскую ўладу ў Рэчы Паспалітай праваліліся, бо гэтага не жадалі ні магнатэрыя, ні шляхта. Як і бацька, Уладзіслаў працягваў ужываць тытул шведскага караля, хаця ніколі не валодаў шведскім тронам. Таксама ён іменаваўся царом маскоўскім, хоць нават не быў у Крамлі. Ён імкнуўся распачаць вялікую вайну супраць Турцыі, але толькі скіраваў сваіх саюзнікаў супраць сябе.


Уладзіслаў — старэйшы сын Жыгімонта III Вазы — нарадзіўся у 1595 г. У 15-гадовым узросце прыхільнікамі Ілжэдзмітрыя ІІ яму быў прапанаваны маскоўскі трон. Смута у Рускай дзяржаве працягвалася, і ў гэтай сітуацыі Жыгімонт ІІІ імкнуўся атрымаць усе магчымыя выгоды. Таму ён пагадзіўся на прапанову паслоў, але Уладзіслава ў Маскву не адпусціў. Асцярожнасць манарха аказалася апраўданай. Неўзабаве апалчэнне на чале з Мініным і Пажарскім змусіла капітуляваць польска-літоўскі гарнізон, што трымаў абарону ў Крамлі. Новым царом быў абвешчаны Міхаіл Раманаў. Аднак малады каралевіч не збіраўся адмаўляцца ад маскоўскага трона. У 1617 г. ваенная кампанія працягнулася. Уладзіслаў пры падтрымцы кароннага войска і вольнага казацтва выступіў на Маскву. Ваенныя дзеянні знясілілі абодва бакі, вымусіўшы сесці за стол перамоў. 1 снежня 1618 г. у вёсцы Дзявуліна было падпісана мірнае пагадненне. Згодна з ім, да Вялікага Княства Літоўскага вярталіся Смаленскія землі.

Пасля смерці Жыгімонта Вазы у 1632 г. Уладзіслаў, які карыстаўся аўтарытэтам сярод магнатаў і шляхты, быў абраны новым каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Скарыстаўшыся смерцю Жыгімонта III і абраннем новага манарха, маскоўскі цар распачаў новую вайну. Расійскае войска ўзяло ў аблогу Смаленск. Аднак невялікі гарнізон горада здолеў дачакацца войска Рэчы Паспалітай, якое узначаліў сам Уладзіслаў. 25 лютага 1634 г. маскоўцы капітулявалі. Расійская баярская дума за здачу 123 гармат і 129 баявых сцягоў прыгаварыла ваяводу Шэйна да смяротнага пакарання.

Непаслядоўнасцю палітыкі Уладзіслаў IV быў падобны на бацьку. Барацьба за шведскі трон і абарона дынастычных інтарэсаў штурхалі яго на непапулярны і безвыніковы саюз з Свяшчэннай Рымскай імперыяй. Асабліва няўдала скончылася спроба распачаць вайну супраць Турцыі. Заручыўшыся прыхільнасцю ўкраінскіх казакоў, пад ціскам польскіх паноў Уладзіслаў вымушаны быў распусціць войска. Гэта павялічыла нянавісць да польскай магнатэрыі ва Украіне, што неўзабаве вылілася ў паўстанне. Несумненным плюсам унутранай палітыкі Уладзіслава Вазы былі «Артыкулы заспакаення грэчаскай веры», што знізілі канфесійную напружанасць, якая ўтварылася пасля Берасцейскай уніі 1596 г. Як паказалі далейшыя падзеі, 1638–1648 гг. сталі часам спакою — нядоўгім зацішшам перад крывавымі выпрабаваннямі.

Фільм узяты з агульнадаступных крыніц. Сайт Adverbum.org не ўтрымлівае відэафайлаў, а прапануе спасылкі на іх. Спасылкі на фільмы даюцца выключна з мэтай азнаямлення. Калі спасылка не працуе, калі ласка, паведаміце аб гэтым у каментарах або праз форму сувязі.