Исторические журналы

Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — 2003. — № 7

Матэрыялы па археалогіі Беларусі 2003 Вып. № 7Зборнік: Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — 2003. — № 7

Характарыстыка: «Матэрыялы па археалогіі Беларусі» — зборнік, перыядычнае выданне Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, які выдаецца з 1957 г. У нумары 7 МАБа (2003 г.) змешчаны артыкулы і матэрыялы П.Ф. Лысенкі, С.Д. Дзярновіча, Ю.А. Заяца, А. Кушнярэвіча, А.М. Мядзведзева, А.В. Вайцяховіча, Н.І. Здановіч, А.А. Макушнікава, С.П. Віцязя і шэрагу іншых навукоўцаў. Пачынае зборнік артыкул, прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння і 40-годдзю навуковай дзейнасці археолага Я.Г. Звяругі.

Сагановіч, Г. У пошуках Сярэднявечча

Сагановіч Г. У пошуках СярэднявеччаАртыкул: Сагановіч, Г. У пошуках Сярэднявечча / Г. Сагановіч // Беларускі гістарычны агляд. — 1997. — Т. 4, сш. 1–2. — С. 3–18.

Анатацыя: Артыкул медыевіста Генадзя Сагановіча прысвечаны пытанням перыядызацыі гісторыі Беларусі. Аўтар разглядае вытокі заходнееўрапейскай трыяды «Старажытнасць — Сярэднявечча — Новы час» і магчымасць выкарыстання гэтай схемы ў дачыненні да айчыннай гісторыі. У савецкі час, калі ў гістарычнай навуцы панаваў фармацыйны падыход, эпоха Сярэднявечча атаясамлівалася з феадальнай фармацыяй. Пасля распаду Савецкага Саюза на ўзбраенне была ўзята заходнееўрапейская мадэль, пад якую штучна «падцягнулі» гісторыю Беларусі (і іншых усходнеславянскіх народаў). У выніку адна перыядызацыя была зменена другой, аднак прынятая зараз перыядызацыя таксама не з’яўляецца ідэальнай. Напрыклад, пачатак Сярэднявечча ў Заходняй Еўропе звязваецца з распадам Рымскай імперыі і ўтварэннем раннефеадальных дзяржаў. У гэты ж час на тэрыторыі Беларусі панаваў родаплеменны лад, таму пра нейкае Сярэднявечча казаць не выпадае. Пачатак Новага часу для Беларусі з XVI ст. таксама нічым не абгрунтавана, не быў адзначаны якімі-небудзь маштабнымі і прынцыповымі зменамі. Акрамя таго, трэба ўлічваць, што ў Заходняй Еўропе не маецца адзінага погляда на храналагічныя межы Сярэднявечча.

Дубоніс, А. Шварн Данілавіч і папяровыя ілюзіі праваслаўнай Літвы

Дубоніс А. Шварн Данілавіч і папяровыя ілюзіі праваслаўнай Літвы // Silva rerum novaАртыкул: Дубоніс, А. Шварн Данілавіч і папяровыя ілюзіі праваслаўнай Літвы / А. Дубоніс // Silva rerum nova: Штудыі ў гонар 70-годдзя Георгія Якаўлевіча Галенчанкі / Уклад.: А. Дзярновіч, А. Семянчук; Рэдкалегія: А. Дзярновіч (адказны сакратар). — Вільня — Мінск: AIDAI — ATHENAEUM, 2009. — С. 96–104.

Анатацыя: Артыкул літоўскага даследчыка Артураса Дубоніса (у перакладзе Уладзіміра Свяжынскага) прысвечаны Шварну Данілавічу — аднаму з галіцка-валынскіх князёў, які пэўны час правіў у ВКЛ. Асоба Шварна Данілавіча непарыўна звязана з сынам Міндоўга Войшалкам. А. Дубоніс акцэнтуе ўвагу на тым, што ва ўкраінскай, расійскай, літоўскай гістарыяграфіях асоба Шварна выглядае па-рознаму. Ва украінскай і, часткова, расійскай гістарыяграфіі Шварн часам успрымаецца як ледзь не стваральнік ВКЛ, які раней за Альгерда ператварыў дзяржаву ў «літоўска-рускую», балта-славянскую. Пры гэтым ён нібыта ўвасабляў альтэрнатыўны праект аб'яднання — на чале з праваслаўным «рускім» князем. Аналіз Галіцка-валынскага летапісу дазволіў А. Дубонісу сцвярджаць, што ён быў істотна перапрацаваны ў пазнейшы час. У выніку Войшалк паказаны ледзь не праваслаўным фанатыкам, а Шварну прыпісана роля больш значная, чым тая, якую ён адыгрываў у сапраўднасці. Так на старонках летапіса ўзнікла «папяровая ілюзія» праваслаўнай Літвы.

Весці Акадэміі навук БССР. — 1953. — № 2

Весці Акадэміі навук Беларускай ССР БССР 1953 № 2Часопіс: Весці Акадэміі навук БССР. — 1953. — № 2.

Характарыстыка: Весці Акадэміі навук БССР — часопіс галоўнай навуковай установы Савецкай Беларусі. У 1948–1956 гг. ён не меў асобных серый для розных галін навукі, таму артыкулы па фізіцы, матэматыцы, медыцыне, агратэхніцы, гісторыі публікаваліся пад адной вокладкай. Таксама у часопісе змяшчаліся прамовы першых асоб партыі і дзяржавы, публіцыстычна-прапагандысцкія матэрыялы. Нумар № 2 за 1953 г. выйшаў пад знакам жалобы з прычыны смерці І.В. Сталіна. Нумар пачынаецца сумесным зваротам ЦК камуністычнай партыі, Савета міністраў і Прэзідыума Вярхоўнага савета СССР з гэтай нагоды. У большасці апублікаваных матэрыялаў поспехі ў развіцці навукі, тэхнікі, грамадства звязваюцца з асобай Сталіна.

Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — 2003. — № 6

Матэрыялы па археалогіі Беларусі 2003 Вып. № 6Зборнік: Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — 2003. — № 6

Характарыстыка: «Матэрыялы па археалогіі Беларусі» — перыядычны зборнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, што выдаецца з 1957 г. У шостым выпуску МАБа змешчаны публікацыі У.П. Ксянзова, І. Ганецкай, А. Кушнярэвіча, І.М. Язэпенкі, Міхала Міхайлавіча Чарняўскага, Максіма Міхайлавіча Чарняўскага, Я.Г. Звяругі, А.М. Мядзведзева, С.Д. Дзярновіча, В.М. Ляўко, М.В. Клімава і шэрагу іншых даследчыкаў. Шосты выпуск Матэрыялаў па археалогіі Беларусі комплексны і ўтрымлівае артыкулы і матэрыялы, пачынаючы ад эпохі мезаліту і заканчваючы сярэднявеччам.

Абмеркаванне асноўных пытанняў гісторыі Беларусі (1953)

Абмеркаванне асноўных пытанняў гісторыі Беларусі. Весці АН БССР. - 1953 № 1Артыкул: Абмеркаванне асноўных пытанняў гісторыі Беларусі // Весці Акадэміі навук БССР. — 1953. — № 1. — С. 176-181.

Анатацыя: У № 1 «Вясцей АН БССР» за 1953 г. былі апублікаваны матэрыялы абмеркавання макета кнігі «Гісторыя БССР» у 2 т. Абмеркаванне прайшло ў Мінску 26–27 снежня 1952 г. У дыскусіі прынялі ўдзел вядучыя гісторыкі Савецкага Саюза, Беларускай, Літоўскай і Украінскай ССР. Мэтай абмеркавання было прывядзенне прапануемай у кнізе канцэпцыі гісторыі Беларусі ў адпаведнасць як з дасягненнямі гістарычнай навукі, так і з пануючай ідэалогіяй (або, як аб гэтым казалася ў матэрылах «Абмеркавання», «разгляд важнейшых вузлавых пытанняў гісторыі Беларусі ў святле геніяльных тэарэтычных прац таварыша І.В. Сталіна»). Разглядаўся ўжо трэці варыянт кнігі, над якой супрацоўнікі Інстытута гісторыі АН БССР працавалі з 1945 г.

Весці Акадэміі навук БССР. — 1953. — № 1

Весці Акадэміі навук Беларускай ССР БССР 1953 № 1Часопіс: Весці Акадэміі навук БССР. — 1953. — № 1.

Характарыстыка: Весці Акадэміі навук БССР — галоўны навуковы часопіс Беларускай ССР. У 1948–1956 гг. не існавала асобных серый часопіса для медыцынскіх, сельскагаспадарчых, прыродазнаўчых, грамадскіх навук. Публікацыі абсалютна рознай тэматыкі друкаваліся ў адным нумары. У № 1 за 1953 г. у раздзеле «Хроніка» надрукаваны матэрыялы абмеркавання асноўных пытанняў гісторыі Беларусі (з нагоды дыскусіі па макету кнігі «Гісторыя БССР» у 2 т.). У абмеркаванні прынялі ўдзел беларускія, расійскія, літоўскія, украінскія гісторыкі. Абмеркаванне вялося не толькі з навуковых, але і з ідэалагічных пазіцый. Вылучым некалькі цікавых дыскусій у межах дадзенага абмеркавання. Па-першае, гэта палеміка паміж М.В. Нечкінай і А.М. Панкратавай аб тым, чым была Кіеўская Русь для беларускага, рускага і ўкраінскага народаў. М.В. Нечкіна параўнала Кіеўскую Русь з дрэвам, ад адзінага ствала якога адыходзяць галіны — беларускі, рускі, украінскі народы. Гэтая думка выклікала нязгоду. Падтрымку навукоўцаў атрымала пазіцыя А.М. Панкратавай, якая даводзіла, што беларусы, рускія і ўкраінцы — роднасныя, але розныя народы, таму Кіеўскую Русь можна параўнаць з агульнай калыбеллю трох розных народаў.

Старонкі