Бібліятэка

Чараўко, В.У. «Народная археалогія» і данавуковыя ўяўленні аб пахавальных помніках Беларускага Падзвіння ХIV–ХVIII стагоддзяў

Чараўко В.У. Народная археалогія і данавуковыя ўяўленні аб пахавальных помнікахАртыкул: Чараўко, В. У. «Народная археалогія» і данавуковыя ўяўленні аб пахавальных помніках Беларускага Падзвіння ХIV–ХVIII стагоддзяў / В. У. Чараўко // Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — Мінск, 2020. — Вып. 31. Даследаванне беларускіх старажытнасцей (да 80-годдзя з дня нараджэння Алены Генадзьеўны Калечыц). — С. 91–97.

Анатацыя: Вывучэнню пахавальных помнікаў Беларускага Падзвіння ХIV–ХVIII стст. папярэднічала іх «народная археалогія» — спецыфічная інтэрпрэтацыя мясцовым насельніцтвам. У традыцыйным грамадстве некаторыя познесярэдневяковыя пахавальныя помнікі сталі аб’ектамі сакральнай тапаграфіі і матэрыяльным увасабленнем фальклорнай памяці аб ваенных падзеях. Назвы «Французскія могілкі», «Татарскія могілкі», «Валатоўкі», якімі пераважна называлі курганы і гарадзішчы, выкарыстоўваліся і ў дачыненні да познесярэдневяковых грунтовых могільнікаў (Глубоцкі, Докшыцкі, Полацкі, Шумілінскі раёны).

Насельніцтва Беларускага Падзвіння сутыкалася з познесярэдневяковымі пахавальнымі помнікамі і пры парушэнні пахаванняў. Археалагічныя сведчанні гэтага выяўлены на шэрагу сельскіх могільнікаў і гарадскіх некропалей даследуемага перыяду. Выпадковыя парушэнні пахаванняў адбываліся пры інтэнсіўным выкарыстанні могільнікаў і/або на старых могілках, якія працягвалі функцыянаваць. На могільніках каля вёсак Клешчына, Жарнасекава, Дубраўка ўскрыццё больш ранніх пахаванняў адбывалася мэтанакіравана для падпахаванняў. Пашкоджанне пахаванняў адбывался і ў час будаўніцтва. У шэрагу выпадкаў парушэнне пахаванняў адбывалася з-за страты памяці аб іх.

Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 12. Зашкодный — Злотницкий

Гістарычны слоўнік беларускай мовы Вып. 12. Зашкодный - ЗлотницкийКніга: Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 12. Зашкодный — Злотницкий / склад. : З. К. Турцэвіч [і інш.] ; гал. рэд. А. І. Жураўскі. — Мінск : Навука і тэхніка, 1993. — 285 с.

Характарыстыка: Шматтомны «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» выдаваўся з 1982 па 2017 г. У ім слоўніку дано тлумачэнне слоў старабеларускай мовы (беларускай літаратурна-пісьмовай мовы ХIV–ХVIII стст.), прыведзены прыклады фіксацыі ў помніках беларускай пісьменнасці, вылучаны ўстойлівыя спалучэнні. Выданне прызначана для ўсіх, хто даследуе мінулае беларусаў: гісторыкаў, этнографаў, мовазнаўцаў. Дванаццаты выпуск «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» ўтрымлівае каля 2 000 слоў на літару «З» ад слова «Зашкодный» па слова «Злотницкий» уключна.

Чараўко, В.У. Тэстаменты як крыніца па пахавальных традыцыях шляхты і мяшчан Полацкага і Віцебскага ваяводстваў XVI–XVIII стст.

Чараўко В.У. Тэстаменты як крыніца па пахавальных традыцыях шляхты і мяшчан Полацкага і Віцебскага ваяводстваўАртыкул: Чараўко, В. У. Тэстаменты як крыніца па пахавальных традыцыях шляхты і мяшчан Полацкага і Віцебскага ваяводстваў XVI–XVIII стст. / В. У. Чараўко // Актуальные проблемы источниковедения : материалы V Международной научно-практической конференции к 110-летию Витебской учёной архивной комиссии, Витебск, 25–27 апреля 2019 г. / редкол.: А. Н. Дулов, М. Ф. Румянцева (отв. ред.) [и др.]. — Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2019. — С. 192–194.

Анатацыя: У ХVI–ХVIII стст. у асяроддзі шляхты і мяшчан Вялікага Княства Літоўскага атрымала пашырэнне практыка складання завяшчанняў-тэстаментаў. Асноўны змест тэстаментаў складалі распараджэнні маёмаснага характару, якія датычыліся перадачы ў спадчыну зямельных уладанняў і рухомай маёмасці. Шэраг завяшчанняў ўтрымлівае неабавязковыя, але інфарматыўныя пажаданні адносна абставін пахавання. Такія тэстаменты з’яўляюцца гістарычнай крыніцай па пахавальных традыцыях насельніцтва Беларусі новага часу. Намі выкарыстана шэраг тэстаментаў, аўтары якіх зрабілі распараджэнні наконт падрыхтоўкі ці працэдуры свайго пахавання. Завяшчанні належалі прадстаўнікам шляхецкага і мяшчанскага саслоўяў, якія пражывалі на тэрыторыі Полацкага і Віцебскага ваяводстваў у другой палове ХVI–ХVIII ст.

Інфарматыўнасць тэстаментаў як крыніцы па пахавальных традыцыях заключаецца ў некалькіх аспектах. Па-першае, знакавым з’яўляецца сам факт дакументавання пажаданняў тэстатара адносна пахавальнай цырымоніі. Фактычна, гэта азначае ўдзел аўтара завяшчання ў падрыхтоўцы да яе. Па-другое, распаўсюджанай з’явай было вызначэнне месца пахавання. Па-трэцяе, у некаторых тэстаментах утрымліваюцца просьбы аб пахаванні побач з роднымі і блізкімі, пераважна з памерлымі супругамі. Гэта сведчыць аб наяўнасці сямейных і нават радавых месцаў для пахавання, што прадугледжвала кцітарскую падтрымку храмаў некаторымі шляхецкімі радамі на працягу некалькіх пакаленняў.

Весці Акадэміі навук БССР. Серыя грамадскіх навук. — 1978. — № 3

Весці Акадэміі навук Беларускай ССР БССР Серыя грамадскіх навук 1978 № 3Часопіс: Весці Акадэміі навук БССР. Серыя грамадскіх навук. — 1978. — № 3.

Характарыстыка: Весці Акадэміі навук БССР, серыя грамадскіх навук — спецыялізаваны часопіс, дзе публікаваліся артыкулы па гісторыі, мастацтвазнаўству, мовазнаўству, літаратуразнаўству і іншых гуманітарных навуках. Асобная серыя грамадскіх навук часопіса ўзнікла ў 1956 г. Да гэтага публікацыі па грамадскіх, прыродазнаўчых, сельскагаспадарчых навуках выходзілі ў пад адной вокладкай, без падзелу на серыі. Сярод гістарычных матэрыялаў перавага аддавалася публікацыям, звязаным з рэвалюцыйным рухам і савецкім перыядам гісторыі. У № 3 Вясцей АН БССР (Серыя грамадскіх навук) за 1978 г. з матэрыялаў гістарычнай тэматыкі змешчаны артыкулы І.І. Саладкова пра ўзнікненне камуністычнай партыі (да 75-годдзя ІІ з’езда РСДРП), Н.У. Паўлючэнка пра антыклерыкальныя выступленні сялянства Беларусі ў 1905–1907 гг., С.У. Кабяка пра падпольны друк КПЗБ у 1923–1929 гг., А.П. Купрэевай пра ўдзел Савецкай арміі ў ліквідацыі вынікаў нямецкай акупацыі на тэрыторыі БССР у верасні 1943 — ліпені 1944 г., з этнаграфічных матэрыялаў — М.М. Шкута пра мастацкія асаблівасці бытавых плеценых вырабаў канца ХIХ — пачатку ХХ ст., а таксама публікацыі іншых даследчыкаў.

Сімяон Полацкі: светапогляд, грамадска-палітычная і літаратурная дзейнасць: матэрыялы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі

Сімяон Полацкі: светапогляд, грамадска-палітычная і літаратурная дзейнасць: матэрыялы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі 2019Зборнік: Сімяон Полацкі: светапогляд, грамадска-палітычная і літаратурная дзейнасць : да 390-годдзя Сімяона Полацкага (матэрыялы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі, [Полацк,] 21–22 лістапада 2019 г.) [/ Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік ; уклад. С. У. Гаўрылава.] — Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2019. — 242 с.

Характарыстыка: Раз на пяць гадоў на базе Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага адбываецца канферэнцыя, прысвечаная асобе і дзейнасці гэтага асветніка «на мяжы культур». Яна збірае гісторыкаў, мовазнаўцаў, літаратуразнаўцаў і іншых даследчыкаў, якія займаюцца вывучэннем спадчыны Сімяона Полацкага і яго эпохі. У 2019 г. прайшла пятая канферэнцыя з цыкла, прымеркаваная да 390-годдзя асветніка. У зборніку змешчаны артыкулы В.У. Галубовіча пра замах палачан на жыццё архіепіскапа Антонія Сялявы, А.Я. Жукава пра Супрасльскі зборнік 1507 г., І.Л. Калечыц пра графіці полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы XVII ст., К.А. Смірновай пра Евангелле Васіля Цяпінскага, а таксама публікацыі шэрагу іншых даследчыкаў.

Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 11. Заменивати — Зашкодити

Гістарычны слоўнік беларускай мовы Вып. 11. Заменивати - ЗашкодитиКніга: Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 11. Заменивати — Зашкодити / склад. : Т. І. Блізнюк [і інш.] ; гал. рэд. А. І. Жураўскі. — Мінск : Навука і тэхніка, 1991. — 278 с.

Характарыстыка: «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» — спецыялізаванае энцыклапедычнае выданне, якое выходзіла з 1982 па 2017 г. У шматтомным слоўніку дано тлумачэнне слоў беларускай літаратурнай мовы ХIV–ХVIII стст. (старабеларускай мовы), іх граматычная характарыстыка, прыведзены прыклады фіксацыі ў помніках беларускай пісьменнасці, вылучаны фразеалагічныя і ўстойлівыя спалучэнні. Выданне прызначана для гісторыкаў, этнографаў, мовазнаўцаў і ўсіх, хто даследуе гістарычнае мінулае беларусаў. Адзінаццаты выпуск «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» ўтрымлівае каля 2 000 слоў на літару «З» ад слова «Заменивати» па слова «Зашкодити» ўключна.

Беларускае Падзвінне-2021: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў

Канферэнцыя Беларускае Падзвінне-2021Зборнік: Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў : зб. арт. V Міжнар. навук. канф., Полацк, 15–16 крас. 2021 г. / Полац. дзярж. ун-т ; пад агульн. рэд. А. І. Корсак (адк. рэд.), В. У. Чараўко, У. Я. Аўсейчыка. — Наваполацк : Полац. дзярж. ун-т, 2021. — 272 с.

Характарыстыка: Зборнік утрымлівае артыкулы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў», арганізаванай Полацкім дзяржаўным універсітэтам. З улікам навуковага мерапрыемства ў фармаце рэспубліканскага семінара (2008), гэта ўжо шосты зборнік канферэнцыі (2011, 2014, 2016, 2018). Зборнік міжнароднай канферэнцыі «Беларускае Падзвінне» традыцыйна склалі публікацыі па археалогіі, этнаграфіі, гісторыі, мастацтвазнаўству, фізічнай антрапалогіі, краязнаўству Паўночнай Беларусі і сумежных тэрыторый. Асаблівасць зборніка 2021 г. — раздзел «Гісторыя Полацкага езуіцкага калегіума — акадэміі ў сістэме еўрапейскіх адукацыйных традыцый». У ім надрукаваны публікацыі І.А. Бортніка, Т.В. Гарбусь, В.У. Галубовіча, В.Б. Келлер, Г.І. Клімовіч шэрагу іншых вучоных, прысвечаныя розным аспектам функцыянавання Полацкага калегіума — акадэміі, у будынках якога зараз навучаюцца студэнты-гісторыкі Полацкага ўніверсітэта.

У традыцыйна прадстаўнічым раздзеле археалогіі апублікаваны артыкулы А.В. Вайцяховіча, В.А. Емяльянчык, М.В. Клімава, А.А. Кунаша, П.С. Курловіч і іншых навукоўцаў. Там жа змешчаны калектыўны артыкул В.М. Ляўко, І.А. Магалінскага, П.М. Кенько і іншых даследчыкаў пра новыя археалагічныя даследаванні на Верхнім замку ў Полацку ў 2018–2020 гг. Прадстаўнічы этнаграфічны раздзел зборніка ўтрымлівае публікацыі А.У. Абрамчука, Ю.І. Внуковіча, С.А. Мілючэнкава, Г.А. Флікоп-Світа і іншых навукоўцаў пра розныя аспекты духоўнай і матэрыяльнай культуры насельніцтва Беларускага Падзвіння і сумежных рэгіёнаў. У гістарычным раздзеле зборніка апублікаваны артыкулы Н.Г. Балтрушэвіч, І.П. Водневай, Я.А. Грэбеня, С.В. Мяньчэні і іншых даследчыкаў, прысвечаныя гісторыі Полацка і Полацкага рэгіёна ў ХХ ст.

Старонкі