Бібліятэка

Silva rerum nova: Штудыі ў гонар 70-годдзя Георгія Якаўлевіча Галенчанкі

Silva rerum nova Штудыі ў гонар 70-годдзя Георгія Якаўлевіча ГаленчанкіЗборнік: Silva rerum nova: Штудыі ў гонар 70-годдзя Георгія Якаўлевіча Галенчанкі / Уклад.: А. Дзярновіч, А. Семянчук; Рэдкалегія: А. Дзярновіч (сакратар). — Вільня — Мінск: AIDAI — ATHENAEUM, 2009. — 312 с.

Характарыстыка: «Silva rerum» перакладаецца з лаціны як «лес рэчаў». Так называецца зборнік артыкулаў, выданы ў гонар 70-годдзя беларускага навукоўцы, даследчыка гісторыі кнігі, кніжнасці і міжнародных культурных сувязей Георгія Якаўлевіча Галенчанкі. Зборнік утрымлівае выдатную падборку публікацый па сярэднявечнай гісторыі Беларусі, ВКЛ і Рэчы Паспалітай ад вучняў і калег Г.Я. Галенчанкі — беларускіх, украінскіх, расійскіх, польскіх, літоўскіх гісторыкаў і філолагаў.

Сагановіч, Г. У пошуках Сярэднявечча

Сагановіч Г. У пошуках СярэднявеччаАртыкул: Сагановіч, Г. У пошуках Сярэднявечча / Г. Сагановіч // Беларускі гістарычны агляд. — 1997. — Т. 4, сш. 1–2. — С. 3–18.

Анатацыя: Артыкул медыевіста Генадзя Сагановіча прысвечаны пытанням перыядызацыі гісторыі Беларусі. Аўтар разглядае вытокі заходнееўрапейскай трыяды «Старажытнасць — Сярэднявечча — Новы час» і магчымасць выкарыстання гэтай схемы ў дачыненні да айчыннай гісторыі. У савецкі час, калі ў гістарычнай навуцы панаваў фармацыйны падыход, эпоха Сярэднявечча атаясамлівалася з феадальнай фармацыяй. Пасля распаду Савецкага Саюза на ўзбраенне была ўзята заходнееўрапейская мадэль, пад якую штучна «падцягнулі» гісторыю Беларусі (і іншых усходнеславянскіх народаў). У выніку адна перыядызацыя была зменена другой, аднак прынятая зараз перыядызацыя таксама не з’яўляецца ідэальнай. Напрыклад, пачатак Сярэднявечча ў Заходняй Еўропе звязваецца з распадам Рымскай імперыі і ўтварэннем раннефеадальных дзяржаў. У гэты ж час на тэрыторыі Беларусі панаваў родаплеменны лад, таму пра нейкае Сярэднявечча казаць не выпадае. Пачатак Новага часу для Беларусі з XVI ст. таксама нічым не абгрунтавана, не быў адзначаны якімі-небудзь маштабнымі і прынцыповымі зменамі. Акрамя таго, трэба ўлічваць, што ў Заходняй Еўропе не маецца адзінага погляда на храналагічныя межы Сярэднявечча.

Дубоніс, А. Шварн Данілавіч і папяровыя ілюзіі праваслаўнай Літвы

Дубоніс А. Шварн Данілавіч і папяровыя ілюзіі праваслаўнай Літвы // Silva rerum novaАртыкул: Дубоніс, А. Шварн Данілавіч і папяровыя ілюзіі праваслаўнай Літвы / А. Дубоніс // Silva rerum nova: Штудыі ў гонар 70-годдзя Георгія Якаўлевіча Галенчанкі / Уклад.: А. Дзярновіч, А. Семянчук; Рэдкалегія: А. Дзярновіч (адказны сакратар). — Вільня — Мінск: AIDAI — ATHENAEUM, 2009. — С. 96–104.

Анатацыя: Артыкул літоўскага даследчыка Артураса Дубоніса (у перакладзе Уладзіміра Свяжынскага) прысвечаны Шварну Данілавічу — аднаму з галіцка-валынскіх князёў, які пэўны час правіў у ВКЛ. Асоба Шварна Данілавіча непарыўна звязана з сынам Міндоўга Войшалкам. А. Дубоніс акцэнтуе ўвагу на тым, што ва ўкраінскай, расійскай, літоўскай гістарыяграфіях асоба Шварна выглядае па-рознаму. Ва украінскай і, часткова, расійскай гістарыяграфіі Шварн часам успрымаецца як ледзь не стваральнік ВКЛ, які раней за Альгерда ператварыў дзяржаву ў «літоўска-рускую», балта-славянскую. Пры гэтым ён нібыта ўвасабляў альтэрнатыўны праект аб'яднання — на чале з праваслаўным «рускім» князем. Аналіз Галіцка-валынскага летапісу дазволіў А. Дубонісу сцвярджаць, што ён быў істотна перапрацаваны ў пазнейшы час. У выніку Войшалк паказаны ледзь не праваслаўным фанатыкам, а Шварну прыпісана роля больш значная, чым тая, якую ён адыгрываў у сапраўднасці. Так на старонках летапіса ўзнікла «папяровая ілюзія» праваслаўнай Літвы.

Весці Акадэміі навук БССР. — 1953. — № 2

Весці Акадэміі навук Беларускай ССР БССР 1953 № 2Часопіс: Весці Акадэміі навук БССР. — 1953. — № 2.

Характарыстыка: Весці Акадэміі навук БССР — часопіс галоўнай навуковай установы Савецкай Беларусі. У 1948–1956 гг. ён не меў асобных серый для розных галін навукі, таму артыкулы па фізіцы, матэматыцы, медыцыне, агратэхніцы, гісторыі публікаваліся пад адной вокладкай. Таксама у часопісе змяшчаліся прамовы першых асоб партыі і дзяржавы, публіцыстычна-прапагандысцкія матэрыялы. Нумар № 2 за 1953 г. выйшаў пад знакам жалобы з прычыны смерці І.В. Сталіна. Нумар пачынаецца сумесным зваротам ЦК камуністычнай партыі, Савета міністраў і Прэзідыума Вярхоўнага савета СССР з гэтай нагоды. У большасці апублікаваных матэрыялаў поспехі ў развіцці навукі, тэхнікі, грамадства звязваюцца з асобай Сталіна.

Ермаловіч, М. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае княства ЛітоўскаеКніга: Ермаловіч, М. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае / М. Ермаловіч. — Мінск: Беллітфонд, 2003. — 448 с.

Анатацыя: «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае» — апошняя кніга гісторыка Міколы Ермаловіча, якая пабачыла свет ужо пасля смерці аўтара. М. Ермаловіч працаваў над ёй да апошніх дзён, паспеўшы ўнесці ўсе неабходныя праўкі і дапаўненні. У адпаведнасці з поглядамі аўтара, Вялікае княства Літоўскае паўстала пасля заваявання Літвы князем-наёмнікам Міндоўгам, прынятым у Новагародак на «службу». Сама ж летапісаня Літва знаходілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Таму Вялікае княства Літоўскае названа беларускай дзяржавай.

Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Віленскі перыядКніга: Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд / М. Ермаловіч. — Мінск: Бацькаўшчына; Бесядзь, 1994. — 91 с.

Анатацыя: Гістарычны нарыс Міколы Ермаловіча з'яўляецца працягам яго кнігі Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. У новай кнізе аўтар вядзе гаворку пра віленскі перыяд беларускай гісторыі — гісторыю Вялікага княства Літоўскага.

Фармат: Pdf.

Памер: 4,4 MB.

Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды

Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыядыКніга: Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. — 366 с.; іл.

Анатацыя: Кніга Міколы Ермаловіча ўяўляе сабой плён яго шматгадовых навуковых пошукаў і прысвечана аднаўленню па драбніцах гісторыі Беларусі полацкага і новагародскага перыядаў. Выкарыстоўваючы даныя летапісаў, тапанімікі, археалогіі, аўтар паспрабаваў прасачыць лёс нашай зямлі, пачынаючы са старажытных часоў і заканчваючы ўтварэннем і ўмацаваннем Вялікага княства Літоўскага. Смеласць і арыгінальнасць пазіцыі, непрыманне ідэалагічных догмаў і шаблонаў, якія панавалі ў гістарычнай навуцы на працягу гадоў, сталі прычынай таго, што праца М. Ермаловіча пабачыла свет толькі ў 1990 г. З пазіцый сённяшняга дня шмат што ў канцэпцыі аўтара падаецца памылковым, аднак гэты твор быў адным з тых, якія падштурхнулі беларускіх гісторыкаў да далейшага навуковага пошуку.

Фармат: Djvu.

Памер: 14,8 MB.

Старонкі