Сборники статей и материалы конференций

Асветніцтва і гуманістычныя каштоўнасці Беларусі ў рэтраспектыве часу: да 900-годдзя з дня нараджэння Еўфрасінні Полацкай

Асветніцтва і гуманістычныя каштоўнасці Беларусі ў рэтраспектыве часу: да 900-годдзя з дня нараджэння Еўфрасінні ПолацкайЗборнік: Асветніцтва і гуманістычныя каштоўнасці Беларусі ў рэтраспектыве часу: да 900-годдзя з дня нараджэння Еўфрасінні Полацкай : Матэрыялы міжнар. навук. канф. 30–31 мая 2002 г., г. Наваполацк. — Мінск : Дэполіс, 2002. — 145 с.

Характарыстыка: У зборніку змешчаны матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, праведзенай 30–31 мая 2002 г. у Полацкім дзяржаўным універсітэце і прымеркаванай да 900-годдзя з дня нараджэння сярэдневяковай беларускай асветніцы Еўфрасінні Полацкай. У апублікаваных навуковых артыкулах даследчыкаў з Беларусі, Літвы, Расіі і Украіны асвятляюцца пытанні гісторыі жыцця і дзейнасці Еўфрасінні Полацкай, культавага будаўніцтва, адраджэння традыцый хрысціянскай духоўнасці, а таксама гістарыяграфічныя і крыніцазнаўчыя аспекты вывучэння праблематыкі канферэнцыі. Сярод надрукаваных матэрыялаў — артыкулы Б.М. Клоса аб праблемах вывучэння і выдання Жыція Еўфрасінні Полацкай, С.В. Тарасава аб хрысціянстве на Полацкай зямлі ў Х–ХІІІ стст., Г.В. Штыхава аб полацкім дойлідзе Іаане, Л.У. Дучыц аб каменных крыжах на Беларусі, І.У. Ганецкай аб праблеме станаўлення вежападобнага храма ў Полацкай зямлі, М.В. Клімава аб прадметах хрысціянскага культу з помніка Лучна-1, А.У. Мацука аб адлюстраванні ўплываў ідэй Асветніцтва на шляхту ВКЛ ў «Дыярыюшы» М. Матушэвіча, Я.І. Бараноўскага аб архіўным следзе Крыжа Еўфрасінні Полацкай, У.І. Навіцкага аб сучасным праваслаўі ў Беларусі, В.У. Галубовіча аб адлюстраванні асобы Еўфрасінні Полацкай у асвятленні айчыннай гістарыяграфіі, С.У. Касцюкевіч аб соцыякультурным феномене беларускай народнай цацкі і тэксты шэрагу іншых навукоўцаў.

Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (новыя канцэпцыі і падыходы). Ч. 1

Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь 1994 Ч. 1Зборнік: Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (новыя канцэпцыі і падыходы) : Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў, Мінск, 3–5 лютага 1993 г. : У 2 ч. Ч. 1: Гісторыя Беларусі. — Мінск : Універсітэцкае, 1994. — 277 с.

Характарыстыка: Зборнік утрымлівае даклады, што прагучалі на Усебеларускай канферэнцыі гісторыкаў, якая адбылася 3–5 лютага 1993 г. у Мінску. У першай частцы друкуецца звыш 40 дакладаў, якія ахопліваюць гістарычныя падзеі ад далетапіснага часу (прыведзены шматлікія вынікі археалагічных даследаванняў) да сучаснасці. Сярод аўтараў дакладаў — вучоныя Беларусі, Польшчы і Германіі. У кнігу ўключаны артыкулы М.П. Касцюка аб нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі, Г.В. Штыхава аб перадумовах фарміравання беларускага этнасу, Л.У. Дучыц аб ролі балтаў у этнагенезе беларусаў, А.М. Мядзведзева аб часе прыходу славян на тэрыторыю Беларусі, Ю.А. Заяца аб вытоках беларускай дзяржаўнасці, С.В. Тарасава аб узнікненні дзяржавы і царквы на Беларусі ў X–ХІІІ стст., В.М. Ляўко аб узнікненні і развіцці раннесярэднявечных гарадоў на паўночным усходзе Беларусі, Л.У. Калядзінскага аб сярэднявечным Віцебску, М.І. Лашанкова аб гарадзішчах ранняга жалезнага веку Ніжняй Бярэзіны, В.У. Шаблюка аб даследаванні мястэчак сярэднявечнай Беларусі ў Верхнім Панямонні, Ш.І. Бекцінеева аб перыядызацыі грашовага абарачэння ў ВКЛ у XIII–XV стст. і публікацыі шэрагу іншых археолагаў і гісторыкаў, якія храналагічна ахопліваюць усю гісторыю Беларусі.

Беларускі горад у часе і прасторы: 500 гадоў Полацкай магдэбургіі

Беларускі горад у часе і прасторы, 500 гадоў Полацкай магдэбургііЗборнік: Беларускі горад у часе і прасторы: 500 гадоў Полацкай магдэбургіі: Зборнік навуковых прац Міжнароднай навуковай канферэнцыі, снежань 1998 г. / Рэдкал.: Г.В. Штыхаў, Э.Р. Іофе, В.І. Шайкоў. — Наваполацк : ПДУ, 2001. — 292 с.

Характарыстыка: Зборнік змяшчае матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларускі горад у часе і прасторы: 500 гадоў Полацкай магдэбургіі», якая прайшла ў снежні 1998 г. у Полацкім дзяржаўным універсітэце. Матэрыялы канферэнцыі адлюстроўваюць шырокае кола сацыяльна-эканамічных, грамадска-палітычных і духоўна-культурных праблем гарадскога жыцця, раскрываюць рэтраспектыўную ролю і значэнне сістэмы мясцовага самакіравання ў Беларусі. Абапіраючыся на багаты гістарычны вопыт і сучасныя навуковыя дасягненні, даследчыкі зрабілі спробу новага падыходу да вызначэння ролі ў жыцці беларусаў-палачан вечавога сходу, тыпізацыі сярэднявечных мясцовых сходаў і ўстаноў самакіравання, гісторыі выдання прывілеяў на Магдэбургскае права, сучаснага стану мясцовага кіравання і самакіравання. Цікавымі звесткамі і абагульненнямі вылучаліся выступленні многіх удзельнікаў канферэнцыі па сацыяльна-дэмаграфічнай, фінансава-банкаўскай, нарматыўна-прававой, тапанімічнай, геральдычнай, нумізматычнай, гаспадарчай, геапалітычнай, культуралагічнай, канфесійнай, грамадска-палітычнай і іншай рэтраспектыўнай праблематыцы беларускіх гарадоў.

Полацк: карані нашага радавода

Полацк: карані нашага радаводаЗборнік: Полацк: карані нашага радавода. Полацкая зямля як сацыякультурная прастора ўзнікнення і развіцця беларускага этнасу і нацыянальнай дзяржаўнасці. Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, 5–6 верасня 1995 г. / Рэд.: А. Мальдзіс, Р. Грудніцкі, В. Шайкоў. — Полацк : В.а., 1996. — 195 с.

Характарыстыка: Зборнік змяшчае матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, праведзенай у 1995 г. Полацкім дзяржаўным універсітэтам пры падтрымцы і дапамозе Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка і Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Францішка Скарыны. Аўтары выдання — айчынныя і замежныя гісторыкі, філосафы, культуролагі, літаратура- і мовазнаўцы — разглядаюць розныя аспекты гісторыі Полацка з пункту гледжання вытокаў беларускай народнасці і дзяржаўнасці. Зборнік утрымлівае публікацыі Уладзіміра Конана аб полацка-крыўскай тэорыі беларускай дзяржаўнасці і культуры, Вадзіма Шадыры аб этнакультурнай сітуацыі на Падзвінні ў другой палове І тыс. н.э. у кантэксце Вялікага перасялення народаў, Людмілы Дучыц аб балтах на тэрыторыі Полацкага княства, Марата Клімава аб акрузе Полацка ў Х–ХІІІ стст., Вольгі Ляўко аб пачатковым этапе фармавання Полацкай дзяржавы, Уладзіміра Лобача аб гісторыка-культурным кантэксце чарадзейства на Полаччыне, Генадзя Сагановіча аб узаемаадносінах нямецкай каталіцкай місіі і Полацка ў ХІІІ ст., Аляксандра Мыльнікава аб Францыску Скарыне ў кантэксце этнаграфічных уяўленняў ранняга новага часу, Георгія Галенчанкі аб сапраўдным імені Францыска Скарыны, Вячаслава Чамярыцкага аб нацыянальным вызначэнні Францыска Скарыны, Віктара Старасценкі аб талерантнасці як фактары нацыянальнай самасвядомасці беларусаў у XVI — першай палове XVII ст., Васіля Шайкова аб лёсе Полацкай езуіцкай акадэміі ў 1812–1820 гг., а таксама артыкулы шэрага іншых навукоўцаў.

Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — 2012. — Вып. 23

Матэрыялы па археалогіі Беларусі 2012 Вып. 23Зборнік: Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — 2012. — Вып. 23. Археалагічныя даследаванні на тэрыторыі Беларусі ў 2009–2010 гадах.

Характарыстыка: «Матэрыялы па археалогіі Беларусі» — навуковае перыядычнае выданне Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Першы выпуск убачыў свет у 1957 г., пасля чаго выданне спынілася. Серыя была адноўлена ў 1999 г. У яе межах выходзяць як асобныя манаграфіі, так і зборнікі публікацый па выніках археалагічных даследаванняў вучоных Беларусі і сумежных краін. Асобныя выпускі часам прысвячаюцца навуковай праблеме, вядомым археолагам, могуць змяшчаць матэрыялы канферэнцый. МАБ-23 утрымлівае публікацыі па выніках археалагічнага і антрапалагічнага вывучэння Беларусі ў 2009–2010 гг.

Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — 2013. — Вып. 24

Матэрыялы па археалогіі Беларусі 2013 Вып. 24Зборнік: Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — 2013. — Вып. 24. Даследаванне сярэдневяковых старажытнасцей Цэнтральнай Беларусі (памяці Ю.А. Заяца).

Характарыстыка: «Матэрыялы па археалогіі Беларусі» — навуковае перыядычнае выданне Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Першы выпуск МАБа выйшаў у 1957 г., пасля чаго выданне спынілася. Серыя была адноўлена ў 1999 г. У межах серыі выходзяць манаграфіі і зборнікі артыкулаў па выніках археалагічнага вывучэння Беларусі і сумежных краін. Некаторыя выпускі могуць прысвячацца эпохам, праблемам, выбітным археолагам, утрымліваюць матэрыялы канферэнцый. МАБ-24 змяшчае навуковыя працы вядомага археолага Юрыя Афанасьевіча Заяца па даследаванні старажытнасцей VI–XIII стст. на тэрыторыі Цэнтральнай Беларусі, якія яшчэ не былі ўведзены ў навуковы зварот, а таксама артыкулы іншых даследчыкаў, прысвечаныя сярэдневяковай тэматыцы. У зборнік уключаны таксама новыя матэрыялы з палявых даследаваняў 2009–2011 гг.

Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — 2014. — Вып. 25

Матэрыялы па археалогіі Беларусі 2014 Вып. 25Зборнік: Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — 2014. — Вып. 25. Вынікі даследаванняў першабытных і сярэдневяковых старажытнасцей Беларусі ў 2011–2012 гадах.

Характарыстыка: «Матэрыялы па археалогіі Беларусі» — перыядычнае выданне Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Першы выпуск МАБа ўбачыў свет у 1957 г., пасля чаго выданне спынілася. Серыя была адноўлена ў 1999 г. У яе межах выходзяць манаграфіі і зборнікі артыкулаў па выніках археалагічных даследаванняў вучоных Беларусі і сумежных краін. Асобныя выпускі прысвячаюцца асобным эпохам, праблемам, вядомым археолагам, утрымліваюць матэрыялы канферэнцый. МАБ-25 змяшчае артыкулы па выніках археалагічнага вывучэння Беларусі, Польшчы, Расіі і Украіны, а таксама прымяненню розных метадаў даследавання археалагічных матэрыялаў і вынікам палявых прац 2011–2012 гг., якія яшчэ не былі ўведзены ў навуковы зварот.

Старонкі