Канфесійная гісторыя

Рэлігія і царква на Беларусі: энцыклапедычны даведнік

Рэлігія і царква на Беларусі энцыклапедычны даведнік Кніга: Рэлігія і царква на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. : Г.П. Пашкоў [і інш.]. — Мінск : БелЭн, 2001. — 368 с. ; іл.

Характарыстыка: Канец ХХ ст. у Беларусі быў адзначаны павышэннем ролі рэлігіі, што паўплывала на павышэнне цікавасці да гісторыі царквы і канфесійнай структуры сучаснага грамадства. У сувязі з гэтым наспела неабходнасць у выданні літаратуры, якая б давала неабходныя звесткі па тэорыі і гісторыі рэлігіі і актуальных праблемах царкоўна-рэлігійнага жыцця. Прапануемы энцыклапедычны даведнік — адно з першых выданняў, дзе ў сістэматызаваным выглядзе асвятляюцца рэлігійная дагматыка, абраднасць, царкоўныя структуры, гісторыя і культура розных канфесій на Беларусі. У даведніку змешчаны артыкулы пра найбольш пашыраныя канфесійныя плыні, канкрэтныя рэлігійныя арганізацыі, сучасныя праваслаўныя і каталіцкія епархіі, найбольш вядомыя манастыры і кляштары, цэрквы і касцёлы, манаскія ордэны, рэлігійныя выданні, важныя падзеі рэлігійнай гісторыі Беларусі. Выданне багата ілюстравана каляровымі і чорна-белымі здымкамі, малюнкамі, партрэтамі.

Заяц, Ю.А. Распаўсюджванне хрысціянства на беларускіх землях

Заяц Ю.А. Распаўсюджванне хрысціянства на беларускіх земляхАртыкул: Заяц, Ю.А. Распаўсюджванне хрысціянства на беларускіх землях / Ю.А. Заяц // Матэрыялы па гісторыі Беларусі : [Зборнік] / [Рэдкал.: М.П. Касцюк (адк. рэд.) [і інш.]]. — Мінск : Нацыянальны інстытут адукацыі, 1998. — С 16–21.

Анатацыя: Прапануемая публікацыя узяты са зборніка «Матэрыялы па гісторыі Беларусі», што ў 1998 г. падрыхтавалі прафесійныя гісторыкі для дапамогі настаўнікам гісторыі. Гэта вызначае фармат артыкула як публіцыстычны і навукова-папулярны, дзе адсутнічае спіс літаратуры, а некаторыя сцвярджэнні толькі пазначаюцца. Тым не менш, публікацыя адрозніваецца навуковай падачай матэрыяла, грунтоўнасцю і доказнасцю. Пасля таго, як Беларусь набыла дзяржаўны суверэнітэт, гісторыкі атрымалі магчымасць даследаваць раней забароненыя тэмы. Неабходнасць вывучыць «белыя плямы» мінулага зрабіла асабліва актуальнай гісторыю рэлігіі і царквы на беларускіх землях.

Зайкоўскі, Э.М. Месца Вялеса ў дахрысціянскім светапоглядзе насельніцтва Беларусі

Зайкоўскі Э.М. Месца Вялеса ў дахрысціянскім светапоглядзе насельніцтва БеларусіКніга: Зайкоўскі, Э.М. Месца Вялеса ў дахрысціянскім светапоглядзе насельніцтва Беларусі / Э.М. Зайкоўскі. — Мінск : В.а., 1998. — 15 с.

Характарыстыка: Вялес — адна з найбольш значных постацей дахрысціянскай міфалогіі. Грунтуючыся на беларускім матэрыяле і выкарыстаўшы даныя пісьмовых крыніц, археалогіі, фалькларыстыкі, этнаграфіі Беларусі, Эдвард Зайкоўскі спрабуе рэканструяваць вобраз Вялеса і яго месца ў язычніцкай рэлігіі нашых продкаў. Аўтар даводзіць сувязь паганскага боства з культамі асобных жывёл, валуноў, водных аб’ектаў. Пасля ўвядзення хрысціянства культ Вялеса трансфармаваўся ў культы некалькіх святых — Міколы, Сцяпана, Уласія. На думку Э. Зайкоўскага, у валачобных песнях заўважны водгукі культа Вялеса, а Вялікдзень першапачаткова быў язычніцкім святам, пазней адаптаваным да хрысціянскай Пасхі.

Акіньчыц, С. Залаты век Беларусі

Акіньчыц С. Залаты век БеларусіКніга: Акіньчыц, С. Залаты век Беларусі

Характарыстыка: Прапануемая праца з’яўляецца адной з лепшых навукова-папулярных кніжак па гісторыі Беларусі. «Залатым векам» названа XVI ст. — перыяд найвышэйшага росквіту старабеларускай літаратуры, прававой думкі, грамадскай свядомасці. На думку Станіслава Акіньчыца, усё гэта стала вынікам распаўсюджвання ў Вялікім княстве Літоўскім Рэфармацыі. Рэфармацыя мела на мэце вяртанне да ранняга хрысціянства, простага і шчырага, не абцяжаранага грувасткай касцёльнай арганізацыяй, хлуслівым духавенствам, бясконцымі паборамі на карысць хцівых іерархаў. Адыход ад Рэфармацыі і пачатак контррэфармацыі стаў, на думку аўтара, прычынай заняпаду агульнай культуры, падзення нораваў, росквіту варажнечы і ўрэшце рэшт адным з фактараў заняпаду Рэчы Паспалітай. Погляд аўтара далёка не бясспрэчны, аднак аргументаваны. Кніга спалучае дакладнасць навукова-папулярнай літаратуры з вобразнасцю мастацкага слова і чытаецца на адным дыханні.

Грыгаровіч, І. Беларуская іерархія

Грыгаровіч І. Беларуская іерархіяКніга: Грыгаровіч, І. Беларуская іерархія / І.І. Грыгаровіч. — Мінск: БелЭн, 1992. — 102 с.

Характарыстыка: «Беларуская іерархія» — складзены беларускім археографам і гісторыкам Іванам Грыгаровічам даведнік, які ўтрымлівае сціслыя звесткі па іерархах Віцебскай, Магілёўскай і Полацкай епархій, а таксама апісанні беларускіх манастыроў. Твор быў напісаны яшчэ ў 1824 г. Рукапіс доўгі час лічыўся згубленым і быў адшуканы толькі ў канцы ХХ ст. Знаёмства з працай не толькі прыадчыняе яшчэ адну грань энцыклапедычнай дзейнасці беларускага вучонага і патрыёта, але і ўзбагачае нас новымі фактамі з гісторыі праваслаўнай царквы на Беларусі.

Марозава, С.В. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596–1839 гг.)

Марозава С.В. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці БеларусіКніга: Марозава, С.В. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596–1839 гг.) / С.В. Марозава. — Гродна : ГрДУ, 2001. — 352 с.

Характарыстыка: Манаграфія Святланы Валянцінаўны Марозавай, прысвечаная ўплыву ўніяцкай царквы на этнакультурнае развіццё Беларусі, па маштабу ўзнятых пытанняў і глыбіні іх распрацоўкі выходзіць за межы даследавання гісторыі грэка-каталіцкай канфесіі. Чытачу прапануецца аўтарскі арыгінальны — хай і небясспрэчны — погляд на ўсю канфесійную гісторыю Беларусі з канца Х ст. Нягледзячы на пэўную ідэалізацыю ўніяцкай царквы і нават вызначэнне яе ў якасці беларускай нацыянальнай, манаграфія з’яўляецца адной з лепшых работ па рэлігійнай гісторыі Беларусі.

Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі. У 6 т. Т. 3. Рэфармацыя. Контррэфармацыя. Барока

Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі т. 3 Рэфармацыя Контррэфармацыя БарокаКніга: Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі. У 6 т. Т. 3. Рэфармацыя. Контррэфармацыя. Барока / В.Б. Евароўскі [і інш.] ; рэдкал. тома : В.Б. Евароўскі [і інш.]. — Мінск : Беларуская навука, 2013. — 615 с.

Анатацыя: Трэці том акадэмічнага шасцітомніка «Гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» прысвечаны інтэлектуальнай гісторыі Беларусі другой паловы XVI — пачатку XVII ст. Аўтары — С.А. Падокшын, І.В. Саверчанка, І.А. Бортнік і іншыя — разглядаюць такія рэлігійна-грамадскія феномены, як рэфармацыйныя і контррэфармацыйныя кірункі тагачаснай беларускай думкі. Стваральнікі трэцяга тома прааналізавалі шматлікія творы палемічнай і дыдактычнай літаратуры, створаныя прадстаўнікамі праваслаўнага, каталіцкага, рэфарармацыйнага, уніяцкага лагераў і рэканструявалі адметнасці пабудовы тэалагічных сістэм.

Старонкі