Рыгор Барадулін аб «Слове пра паход Ігаравы» (аўдыёзапіс, 1992 г.)

Запіс: Рыгор Барадулін аб «Слове пра паход Ігаравы» (інтэрв'ю)

Выступоўца: Рыгор Іванавіч Барадулін

Крыніца: Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, эфір перадачы «Тэатр Беларускага радыё» 23 лютага 2015 года.

Характарыстыка: Рыгор Барадулін (24.02.1935–02.03.2014) — беларускі паэт і перакладчык, Народны паэт Беларусі. Творчасць Рыгора Іванавіча вызначаецца багаццем мовы, разнастайнасцю жанраў, багаццем вобразных сродкаў, метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам. Усё гэта можна пачуць у невялікім інтэрв’ю Рыгора Барадуліна, прысвечанага перакладу паэтам вядомага літаратурнага помніка ХІІ ст. «Слова пра паход Ігаравы» і запісанага ў 1992 г. «І на пачатку было «Слова пра паход Ігаравы», — кажа Рыгор Іванавіч, першым жа сказам адсылаючы слухачоў да Евангелля ад Іаана.

«І на пачатку было «Слова пра паход Ігаравы». У «Слове…» народнае светаўспрыняцце гэтак сплаўлена з пісьмовай культурай, што застаецца толькі з паганскай багавейлівасцю ўразіцца. Гэта — вяршыня нашага духу, гэта — узор самай высокай літаратуры, гэта — загадка наступным пакаленням. «Слова пра паход Ігаравы» — першаграматыка, першапаэтыка, першагісторыя і першагеаграфія нашае старажытнасці. Гэта і ўзор таго, як літаратура мусіць сведчыць пра ратны подзвіг. «Слова…» напісана як бы навырост, напісана для наступных і наступных пакаленняў, каб чыталі, перачытвалі, вярталіся да першакрыніц, першаасноў, вярталіся на карані славяншчыны. Пэўна, калі быць дакладным у азначэнні, дык трэба сказаць, што «Слова…» праспявана, прагукана, прастагнана, праплакана, абранёна, як дажджынка светлай аблачынай, як градзінка — гнеўнай хмарай, а перапісанае перапісчыкамі, таму і гарэла, а не згарэла, таму што век прарастае, бярэцца рунню разнамоўя па ўсёй зямлі.
[…]
«Слова пра паход Ігаравы» — так пераклаў я назву. Можна было б і «паход Ігараў». Тады атрымліваецца, быццам некалькі Ігараў! Непажаданае чытанне. Не зусім добра гучыць і форма «пра полк», «аб палку» — выходзіць «праполка», «палка». Такія мае заўвагі мімаходзь на палях вечнага «Слова…» […]».


Запіс узяты з агульнадаступных крыніц. Сайт Adverbum.org не ўтрымлівае аўдыёфайлаў, а прапануе спасылкі на іх. Спасылкі на запісы даюцца выключна з мэтай азнаямлення. Калі спасылка не працуе, калі ласка, паведаміце аб гэтым у каментарах або праз форму сувязі.