Як падрыхтаваць і правільна аформіць рэферат

Як падрыхтаваць і правільна аформіць рэферат

Што такое рэферат?

Слова «рэферат» знаёма кожнаму яшчэ са школы. Але напісаць якасны рэферат атрымліваецца далёка не ва ўсіх. Прычынай з’яўляецца скажонае разуменне таго, што такое рэферат і як трэба яго пісаць.

Асобнымі студэнтамі рэферат разумеецца як стос паперы з раздрукаваным тэкстам, які трэба здаць выкладчыку. Працэс падрыхтоўкі рэферата, на думку такіх студэнтаў, выглядае так: трэба ўбіць у Яндэкс тэму рэферата; адкрыць пару спасылак на банкі рэфератаў; раздрукаваць тое, што знайшлося; замяніць на тытульным аркушы чужое прозвішча сваім і з гордым выглядам здаць гэты опус выкладчыку. Абарона рэферата гэтым студэнтам уяўляецца так: яны чытаюць свой рэферат услых. На заўвагі выкладчыка рэагуюць наступнымі стандартнымі фразамі: «Ну я слегка пользовался интернетом, а так всё сам»

, «Так а чё не 10? Не так? А чё не так, я не понимаю»», «Как не то, я 5 000 на распечатку потратила» і г.д. Відаць, мяркуецца, што пасля гэтага выкладчык павінен уразіцца інтэлектам такіх студэнтаў, каласальным аб’ёмам выкананай працы, а таксама тым, што 17-22-гадовыя хлопцы і дзяўчаты ўмеюць чытаць услых (амаль без памылак).

Рэферат — гэта пісьмовая работа, у якой студэнт коратка раскрывае пэўную тэму, абапіраючыся на апублікаваныя матэрыялы. Сказанае азначае, што для напісання рэферата студэнт павінен азнаёміцца са спецыяльнай літаратурай (вучэбнай, навуковай, навукова-папулярнай; манаграфіямі, артыкуламі, тэзісамі, рэцэнзіямі), а потым выкласці разглядаемыя факты і высновы, да якіх прыйшлі аўтары прааналізаваных прац. Ад студэнта, такім чынам, не патрабуецца нейкіх навуковых адкрыццяў ці іншых звышскладаных дзеянняў — трэба толькі адэкватна, без скажэнняў, перадаць погляды аўтараў, падаючы матэрыял лагічна, лаканічна і без памылак. Выконваючы такую работу, студэнт не толькі атрымлівае інфармацыю па абранай тэме, але і вучыцца самастойна шукаць літаратуру і працаваць з ёй. Такія ўменні і навыкі спатрэбяцца ў далейшым, — напрыклад, пры напісанні курсавых і дыпломнай работ.

Не закранаючы пытанняў класіфікацыі, скажу толькі, што рэфераты бываюць манаграфічнымі і агляднымі. Манаграфічны рэферат ствараецца па адной кнізе або артыкулу (звычайна, прынцыпова важнай навуковай працы) і ўяўляе сабой больш-менш падрабязны канспект. Аглядны рэферат ствараецца па некалькіх кнігах, артыкулах і г.д. і ўяўляе сабой агляд найбольш важнай літаратуры па пэўнай тэме.

Незалежна ад віду, рэферат не ствараецца шляхам механічнага спалучэння кавалкаў тэкста, выдранага з чужых рэфератаў і нават з разглядаемых прац. Перапісаны або перадрукаваны тэкст манаграфіі або артыкула нельга ўстаўляць у тэкст рэферата. Бо студэнту даецца заданне напісаць рэферат, а не перапісаць ці адсканіраваць чужую кнігу. Трэба імкнуцца да перадачы як фактаграфічнага матэрыяла, так і высноў сваімі словамі. У выпадку неабходнасці можна прыводзіць цытаты, якія абавязкова афармляюцца належным чынам (бяруцца ў двухкоссе, суправаджаюцца пазначэннем аўтара і спасылкай на цытуемую работу). Цытатамі не варта злоўжываць.

Калі-нікалі прыходзіцца чуць: «Я ўсё разумею, але інакш сказаць не магу». Такога не бывае. Кожны чалавек засвойвае інфармацыю не так, як іншы. Пры запамінанні і ўзнаўленні непазбежна адбывацца перакадзіраванне інфармацыі, таму па-сапраўднаму зразуметы тэкст кожны перадасць па-свойму.

Перш за ўсё, трэба атрымаць самае агульнае ўяўленне аб тэме. Азнаёмцеся з энцыклапедычнай літаратурай. Напрыклад, калі вы абралі тэму «Асветная дзейнасць Еўфрасінні Полацкай» або «Архітэктура Беларусі эпохі барока», знайдзіце ў энцыклапедыі артыкулы «Еўфрасіння Полацкая» ці «Барока». Інфармацыю практычна па любой тэме можна адшукаць хаця б у адной з наступных энцыклапедый: «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі», «Вялікае княства Літоўскае», «Беларуская энцыклапедыя», «Большая советская энциклопедия». Можна звярнуцца і да папулярных энцыклапедый — Вікіпедыі, Энцыклапедыі Кіріла і Мефодзія, але на пачатковым этапе. Рабіць іх адной з асноўных крыніц інфармацыі для рэферата — гэта маветон.

Азнаёмцеся і з вучэбнай літаратурай (падручнікамі, дапаможнікамі, ВМК). Звяртайце ўвагу на спісы літаратуры.

Паспрабуйце адшукаць гэтую літаратуру — манаграфіі, артыкулы — у Інтэрнэце. Але менавіта кнігі і артыкулы, а не рэфераты! І, нарэшце, пашукайце літаратуру ў бібліятэцы. Некаторыя студэнты робяць гэта наступным чынам: падыходзяць да супрацоўніц бібліятэкі і просяць выдаць «што-нібудзь па гэтай тэме». Гэта не лепшы варыянт, бо ў такім разе самастойна шукаць літаратуру вы ніколі не навучыцеся. У бібліятэцы ёсць каталогі, якія дапамагаюць знайсці патрэбную кніжку або артыкул. Электронныя каталогі дазваляюць шукаць літаратуру і па ключавых словах. Бегла азнаёміўшыся з літаратурай, складзіце папярэдні план рэферата, дакладней, асноўнай часткі. План у далейшым можна змяніць, удакладніць.

І… Пачынайце! Не забудзьце, што ў тэксце на ўсю выкарыстаную літаратуру трэба рабіць спасылкі выгляду [2, с. 18; 7, с. 52, 57-57; 8]. Лічбы 2, 7 і 8 тут — гэта парадкавыя нумары кніжак і артыкулаў у вашым спісе выкарыстаных крыніц і літаратуры, а лічбы, якія ідуць пасля «с.» — пазначэнне старонак. У выпадку немагчымасці даць спасылку на старонку (напрыклад, інтэрнэт-версія без разбіўкі на старонкі) пазначаецца толькі нумар крыніцы (як з № 8).

Структура і афармленне рэферата

Рэферат можна здаваць у рукапісным, раздрукаваным ці электронным выглядзе. Калі-небудзь я падрабязна распішу ўсе патрабаванні да афармлення. А пакуль што даю толькі самую неабходную інфармацыю. Cпампоўвайце вось гэты шаблон і рабіце ў адпаведнасці з ім.

Любы рэферат складаецца з тытульнага аркуша, зместа, уводзін, асноўнай часткі, заключэння і спіса выкарыстаных крыніц і літаратуры. Пры неабходнасці рэферат можа мець яшчэ і дадаткі. Ва ўводзінах аўтар пазначае актуальнасць тэмы, аб’ект, прадмет, мэту і задачы работы, падае агульныя звесткі па тэме. Што гэта такое, можна паглядзець у метадычных рэкамендацыях па напісанні дыпломнай або курсавой работы. Аб’ём уводзін — 1-2 старонкі. Асноўная частка — гэта і ёсць той тэкст, які вы ствараеце. Самі словы «Асноўная частка» пісаць не трэба. Заключэнне — гэта падвядзенне высноў, да якіх вы прыйшлі. Звяртайце ўвагу на тое, што высновы, асноўная частка і задачы павінны суадносіцца. Калі вы ва ўводзінах ставілі задачай нешта прааналізаваць, гэта абавязкова павінна быць прааналізавана ў асноўнай частцы і падсумавана ў заключэнні. Аб’ём заключэння — таксама 1-2 старонкі. У спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры ўносяцца ўсе артыкулы і кнігі, з якімі вы працавалі. Правільнае афармленне спіса літаратуры звычайна выклікае цяжкасці, таму ўважліва азнаёмцеся з тымі прыкладамі, якія ёсць у шаблоне.

Пры выстаўленні адзнакі за рэферат улічваецца не толькі паўната раскрыцця тэмы, лагічнасць выкладу матэрыяла, пісьменнасць аўтара, правільнасць афармлення, але і тое, як студэнт абараняе рэферат.

Незалежна ад варыянта здачы рэферата, ён будзе правярацца на наяўнасць плагіята. Не спрабуйце спампаваць чужы рэферат і выдаць яго за свой.

Рубрыкі: