Род Радзівілаў у ВКЛ (фільм, «Гісторыя пад знакам «Пагоні»)

фільм Гісторыя пад знакам Пагоні Род Радзівілаў у ВКЛФільм: Род Радзівілаў у ВКЛ

Від: Дакументальны

Характарыстыка: Фільм з дакументальнага цыкла «Гісторыя пад знакам «Пагоні» («Белсат»). Гэта быў род, які па магутнасці не меў сабе роўных у Вялікім княстве Літоўскім. Яго прадстаўнікі нязменна займалі вышэйшыя пасады, а багаццю зайздросцілі нават вялікія князі. Радзівілы — род балцкага паходжання, які адыграў прыкметную ролю ў гісторыі Беларусі, Літвы, Польшчы. Паводле легенды, пачынальнікам роду быў вышэйшы паганскі святар. Першым дакладна вядомым прадстаўніком з’яўляецца Осцік, які пры хрышчэнні прыняў імя Хрысціян. Менавіта ён у пачатку XV ст. прыняў родавы герб «Трубы». Пачатак імкліваму росту родавых маёнткаў звязваюць з імем Мікалая Радзівіла Старога, віленскага ваяводы і канцлера.


Першым сярод выдатных воінаў быў Юрый Радзівіл па мянушцы «літоўскі Геркулес». Па слядах бацькі пайшоў яго сын Мікалай па мянушцы «Руды». Канцлер і вялікі гетман, ён адстойваў незалежнасць ВКЛ і на соймах, і на поле бітвы. Найвышэйшым трыумфам для яго стала перамога на Уле ў 1564 г. Прыкметнае месца ў гісторыі займае Мікалай Радзівіл па мянушцы «Чорны», якога называлі «некаранаваным каралём Літвы». Адзін з першых магнатаў, якія прынялі Рэфармацыю, ён спрыяў росквіту культуры ў ВКЛ: заснаваў першую на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарню. Жан Кальвін прысвячаў Мікалаю Радзівілу Чорнаму некаторыя свае творы. Сын Мікалая Радзівіла Крыштоф Сіротка ў адрозненне ад бацькі шчыраваў на ніве контррэфармацыі. Вядомасць яму прынеслі незвычайныя падарожжы па Блізкім Усходзе і выдадзены аб гэтым дзённік — «Пэрэгрынацыя». Сярод выбітных прадстаўнікоў роду нельга не ўзгадаць Барбару Радзівіл. Ёй наканавана было вытрымаць шмат выпрабаванняў на жыццёвым шляху.

Акрамя і подзвігаў былі і дурасці, якімі праславіўся Караль Станіслаў Радзівіл. Але адметнай рысай большасці Радзівілаў было ўсведамленне вялікай адказнасці перад дзяржавы. Яны баранілі Радзіму і будавалі школы, засноўвалі друкарні і фундавалі манастыры, сталі неад’емнай часткай гісторыі ВКЛ.

Фільм узяты з агульнадаступных крыніц. Сайт Adverbum.org не ўтрымлівае відэафайлаў, а прапануе спасылкі на іх. Спасылкі на фільмы даюцца выключна з мэтай азнаямлення. Калі спасылка не працуе, калі ласка, паведаміце аб гэтым у каментарах або праз форму сувязі.