Пётр Скарга (фільм, «Гісторыя пад знакам «Пагоні»)

фільм Гісторыя пад знакам Пагоні Пётр СкаргаФільм: Пётр Скарга

Від: Дакументальны

Характарыстыка: Фільм з дакументальнага цыкла «Гісторыя пад знакам «Пагоні» («Белсат»). Пётр Скарга стаў сапраўднай знаходкай для каталіцкага касцёла. Выдатны палеміст і аратар, ён заўжды перамагаў у дыспутах. Паляк паводле паходжання і непахісны каталік паводле перакананняў, Скарга з’яўляўся сябрам ордэна езуітаў. Лёсам яму было наканавана апынуцца ў самым віры палітычнага і рэлігійнага жыцця Рэчы Паспалітай.

Пасля вучобы ў Кракаве і Рыме Пётр Скарга распачаў сваю дзейнасць у Вялікім княстве Літоўскім. Палымяныя казанні таленавітага прамоўцы сталі вядомымі па землях ВКЛ. Аднак што можа адзін чалавек, хай нават энергічны і таленавіты? Таму шмат намаганняў прыклаў Скарга для заснавання новай навучальнай установы — Віленскага езуіцкага калегіўма. Дзякуючы дбанням магутнага ордэна езуітаў і падтрымцы самаго караля і вялікага князя Стэфана Баторыя, 1 красавіка 1579 г. калегіўм набыў статус акадэміі. Першым яе рэктарам стаў сам Скарга.


Паводле падання, у тым жа годзе ў час аблогі занятага маскоўцамі Полацка Пётр Скарга атрымаў гонар вячэраць разам са Стэфанам Баторыем. Нечакана ў пакой уляцела куля, зрыкашэціла аб сцяну і ўпала на стол. Прысутныя знерухомелі, а кароль і вялікі князь звярнуўся да езуіта па тлумачэнне. «Маскоўцы запрашаюць нас заўтра на вячэру ў замак», — знайшоўся Пётр Скарга. «Калі будзе так, пабудую тваім братам такі касцёл, якога не маеце», — паабяцаў манарх. Наступнага дня Полацк быў узяты. Баторый стрымаў слова. Так у Полацку з’явіўся знакаміты езуіцкі калегіўм. Першым рэктарам яго таксама стаў Скарга, сумясціўшы гэтую пасаду з кіраваннем Віленскай акадэміяй. Праз нейкі час Пётр Скарга ад’ехаў у Кракаў і стаў прапаведнікам новага караля і вялікага князя Жыгімонта ІІІ Вазы. Але за жыццём Вялікага княства Літоўскага знакаміты езуіт сачыў заўсёды.

Пётр Скарга адыграў супярэчлівую ролю ў гісторыі ВКЛ. Праваслаўе ён разумеў як «грэцкае адшчапенства», якое пагражала ўнутранаму міру ў дзяржаве. Ён спрычыніўся да парушэння мадэлі талерантнасці ў Рэчы Паспалітай. Пётр Скарга прыклаў шмат намаганняў для стварэння атмасферы нецярпімасці для праваслаўных і пратэстантаў. Цывілізацыйны набытак ВКЛ — мірнае суіснаванне розных хрысціянскіх канфесій — быў зламаны. З іншага боку, ён рэзка выступаў супраць свавольства магнатаў і разбэшчанасці шляхты, бачачы ў гэтым небяспеку для Рэчы Паспалітай, а таксама выступаў супраць празмернай эксплуатацыі сялян. Ідэалам Пятра Скаргі была моцная цэнтралізаваная дзяржава на чале з манархам-каталіком.

Фільм узяты з агульнадаступных крыніц. Сайт Adverbum.org не ўтрымлівае відэафайлаў, а прапануе спасылкі на іх. Спасылкі на фільмы даюцца выключна з мэтай азнаямлення. Калі спасылка не працуе, калі ласка, паведаміце аб гэтым у каментарах або праз форму сувязі.