Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — 2016. — Вып. 27

Матэрыялы па археалогіі Беларусі 2016 Вып. 27Зборнік: Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — Мінск, 2016. — Вып. 27. Вынікі даследаванняў першабытных і сярэдневяковых старажытнасцей Беларусі ў 2013–2014 гадах.

Характарыстыка: «Матэрыялы па археалогіі Беларусі» — навуковае выданне Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Першы выпуск МАБа пабачыў свет у 1957 г. Пасля гэтага выданне спынілася. Другі выпуск выйшаў толькі ў 1999 г. У межах серыі друкуюцца зборнікі артыкулаў па выніках археалагічных даследаванняў вучоных Беларусі і сумежных краін. Асобныя выпускі прысвячаюцца эпохам, праблемам, вядомым археолагам, утрымліваюць матэрыялы канферэнцый або з’яўляюцца манаграфіямі.

Выпуск 27 «Матэрыялаў па археалогіі Беларусі» прысвечаны вынікам даследаванняў першабытных і сярэдневяковых старажытнасцей Беларусі ў 2013–2014 гадах. У ім надрукаваны артыкулы В.М. Ляўко, П.М. Кенька, М.В. Клімава, Н.П. Шутковай, А.Г. Калечыц, А.Ю. Ткачова, А.М. Вашанава, А.У. Вайтовіч, В.У. Ашэйчыка, А.А. Башкова, М.М. Крывальцэвіча, А.Ф. Касюк, А.В. Вайцяховіча і шэрагу іншых даследчыкаў.

Гістарычна-археалагічны зборнік. — 2016. — Вып. 31

Гістарычна-археалагічны зборнік 2016 Вып. № 31Часопіс: Гістарычна-археалагічны зборнік. — Мінск, 2016. — Вып. 31.

Характарыстыка: Гістарычна-археалагічны зборнік — перыядычнае выданне Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Першы выпуск ГАЗа выйшаў у 1927 г., пасля чаго выданне спынілася на некалькі дзесяцігоддзяў. Аднаўленне адбылося толькі ў 1993 г. З таго часу гістарычна-археалагічны зборнік выходзіць рэгулярна. Выпуск 31 Гістарычна-археалагічнага зборніка выйшаў у 2016 г. Ён прысвечаны 155-годдзю з дня нараджэння Яўхіма Фёдаравіча Карскага.

У ГАЗ-31 друкуецца шэраг матэрыялаў, прысвечаных акадэміку Карскаму. Сярод іх артыкулы Міхаіла Касцюка пра асноўныя вехі жыцця і дзейнасці Я. Карскага, Андрэя Унучака, Марыны Глеб, Алены Сакольчык і Сяргея Траццяка пра невядомыя дакументы і факты з жыцця акадэміка, Міхаіла Шумейкі пра ўзаемаадносіны Я. Карскага і У. Пічэты і іншыя. Надрукаваны артыкулы Станіслава Юрэцкага пра новы культурны кампанент ляснога неаліту Беларускага Панямоння, Анастасіі Касцюкевіч пра каменныя бусы з тэрыторыі Полацкай зямлі, Івана Спірына пра ўмацаванні Оршы і Копысі ў в XII–XVIII стст., Дзмітрыя Скварчэўскага пра cтанаўленне навуковай астраноміі ў Вялікім Княстве Літоўскім, Аляксандра Каханоўскага пра рэвалюцыю 1905–1907 гг. і грамадскія працэсы на Беларусі, Анатоля Крыварота пра абарону Расонска-Асвейскай партызанскай зоны ў студзені — лютым 1943 г., Алега Яноўскага і Валянціны Яноўскай пра пошукі дыскурсу гісторыі Беларусі ў кантэксце гісторыі СССР у 1920–1930-х гг., а таксама публікацыі іншых даследчыкаў.

Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1982. — № 1

Часопіс Помнікі гісторыі і культуры Беларусі 1982 № 1Часопіс: Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1982. — № 1 (49).

Характарыстыка: Часопіс (бюлетэнь) «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» пачаў выдавацца з 1970 г. Бюлетэнь быў афіцыйным органам Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. У ім друкаваліся матэрыялы, якія павінны былі садзейнічаць ахове помнікаў і іх папулярызацыі, а таксама вынікі вывучэння. Аб’ём артыкулаў пераважна быў невялікім. У № 1 «Помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» за 1982 г. друкуюцца матэрыялы да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, інфармацыя пра IV з’езд Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, літаратурна-публіцыстычныя творы Вінцэся Каратынскага, а таксама іншыя матэрыялы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 11. Раб — Саян

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 11. Раб - СаянКніга: Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 11. Раб — Саян / уклад. В. Л. Авілава [і інш.] ; гал. рэд. Г. А. Цыхун. — Мінск : Беларуская навука, 2006. — 333 с.

Характарыстыка: «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» — спецыялізаванае выданне, што паказвае развіццё лексікі беларускай мовы і яе суадносін з лексікай іншых моў (славянскіх і неславянскіх). Слоўнік утрымлівае аналіз слоў беларускай мовы. Ён выходзіць з 1978 г. і адрасаваны ўсім, хто цікавіцца сувязямі беларускай мовы: філолагам, гісторыкам, літаратуразнаўцам. Адзінаццаты том «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» ўтрымлівае словы на літары ад «Р» па «С» ад слова «Раб» па слова «Саян» уключна.

Весці Акадэміі навук БССР. Серыя грамадскіх навук. — 1979. — № 2

Весці Акадэміі навук Беларускай ССР БССР Серыя грамадскіх навук 1979 № 2Часопіс: Весці Акадэміі навук БССР. Серыя грамадскіх навук. — 1979. — № 2.

Характарыстыка: Весці Акадэміі навук БССР, серыя грамадскіх навук — спецыялізаваны навуковы часопіс, у якім публікаваліся артыкулы гісторыі, мастацтвазнаўству, літаратуразнаўству і іншых гуманітарных навуках. Асобная серыя грамадскіх навук узнікла ў 1956 г. Да гэтага матэрыялы па грамадскіх, дакладных, прыродазнаўчых навуках выходзілі пад адной вокладкай. Сярод гістарычных пераважалі публікацыі па гісторыі рэвалюцыйнага руху і савецкага будаўніцтва. У № 2 Вясцей АН БССР (Серыя грамадскіх навук) за 1979 г. з матэрыялаў гістарычнай і гісторыка-літаратуразнаўчай тэматыкі змешчаны артыкулы Л.Н. Гусевай пра старажытнарускія літаратурныя традыцыі і паэму Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра», М.А. Марцюховай пра палітычную барацьбу ў Беларусі перад выбарамі ў І Дзяржаўную думу, У.Е. Снапкоўскага пра праблемы міжнароднага прызнання ГДР і нармалізацыю адносін паміж ГДР і ФРГ, М.К. Кошалева пра міжрэспубліканскае сацыялістычнае спаборніцтва ў прамысловасці БССР у восьмай і дзявятай пяцігодках (1966–1975 гг.), а таксама публікацыі іншых даследчыкаў.

Чараўко, В. У. Археалагічныя раскопкі на познесярэдневяковым могільніку каля в. Міхалінава Лёзненскага раёна ў 2016 г.

Чараўко В.У. Археалагічныя раскопкі на познесярэдневяковым могільніку Міхалінава Лёзненскага раёнаАртыкул: Чараўко, В. У. Археалагічныя раскопкі на познесярэдневяковым могільніку каля в. Міхалінава Лёзненскага раёна ў 2016 г. / В. У. Чараўко // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А. Гуманитарные науки. — 2021. — № 1. — С. 200–205.

Анатацыя: Артыкул прысвечаны апісанню археалагічных раскопак на познесярэдневяковым грунтовым могільніку каля вёскі Міхалінава Лёзненскага раёна ў 2016 г. Было адкрыта 26 пахаванняў, якія ўтрымлівалі парэшткі не менш, чым 32 індывідаў (9 мужчын, 8 жанчын, 5 дзяцей, 8 дарослых неўстаноўленага полу і 2 індывідаў, чый пол і ўзрост не вызначаны). Пахаванні размешчаны на рознай глыбіні ў 4 гарызонтах. Касцякі арыенціраваны галавой на захад (3 пахаванні), у тым ліку з адхіленнямі да поўначы (11 пахаванняў) і да поўдня (3 пахаванні). У запаўненні магільных ям пятнаццаці пахаванняў выяўлены рэшткі трун. Пахавальны інвентар выяўлены ў 2 пахаваннях і прадстаўлены нацельнымі крыжыкамі. Таксама знойдзены крыжык, пярсцёнак, дэталь галаўнога ўбору, 2 манеты (верагодна, з парушаных пахаванняў). У культурным слаі могільніка прадстаўлены фрагменты керамікі ХV–ХІХ стст.

Варонін, В.А. Сацыяльна-эканамічнае i палітычнае развіццё Полацкага ваяводства ў першай палове XVI ст.: аўтарэферат кандыдацкай дысертацыі

Варонін В.А. Сацыяльна-эканамічнае i палітычнае развіццё Полацкага ваяводства ў першай палове 16 ст. АўтарэфератНазва: Варонін, В. А. Сацыяльна-эканамічнае i палітычнае развіццё Полацкага ваяводства ў першай палове XVI ст. : аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук : 07.00.02 — айчынная гісторыя / В. А. Варонін ; Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. — Мінск, 2000. — 19 с.

Характарыстыка: Тэматыка становішча Беларусі і асобных яе рэгіёнаў у Вялікім Княстве Літоўскім у айчыннай навуцы застаецца адной з самых нераспрацаваных. Тэма дысертацыі раней ніколі не была прадметам самастойнага навуковага даследавання. Вывучэнне пазначанай тэмы дало магчымасць на канкрэтных фактах паказаць становішча аднаго з найцікавейшых з гістарычнага пункту гледжання беларускіх рэгіёнаў у складзе ВКЛ. Мэтай работы з’яўляецца навуковае асвятленне і характарыстыка галоўных тэндэнцый, заканамернасцей і фактаў эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага развіцця Полацкага ваяводства ў першай палове ХVI ст. у іх узаемадзеянні.

Прыняты ў працы рэгіянальны комплексны падыход надзвычай рэдка выкарыстоўваецца ў айчыннай гістарычнай навуцы. Разам з дастаткова вузкімі храналагічнымі рамкамі даследавання ён даў магчымасць падрабязна вывучыць галоўныя факты, з’явы і тэндэнцыі гістарычнага развіцця Полацкага ваяводства ў першай палове XVI ст. Яны закранаюць усе вывучаемыя сферы і дазваляюць у значнай ступені па-новаму зразумець гістарычнае мінулае як Полаччыны, так і Беларусі ў цэлым. Упершыню зроблена спроба вызначыць колькасць i дынаміку змянення насельніцтва вывучаемага рэгіёна; на канкрэтных прыкладах прадэманстраваны істотныя адрозненні ў шчыльнасці насельніцтва i эканамічным развіцці паўднёвай i паўночнай частак Полацкага ваяводства; высветлены стан i дынаміка развіцця галоўных галін эканомікі, іх арганізацыйныя формы, многія з якіх зафіксаваны ўпершыню; упершыню зроблена спроба статыстычнага вывучэння структуры і галоўных накірункаў эвалюцыі мясцовага землеўладання; прапанаваны новы погляд на палітычны лад і ўнутрыпалітычную барацьбу, асноўныя прынцыпы ўрадавай палітыкі ў дачыненні Полацкага ваяводства.

Старонкі