Дук, Д.У. Матэрыяльная культура насельніцтва Полацка XVI–XVIII стст. (па выніках археалагічнага вывучэння): аўтарэферат кандыдацкай дысертацыі

Дук Д.У. Матэрыяльная культура насельніцтва Полацка XVI–XVIII стст. аўтарэфератНазва: Дук, Д. У. Матэрыяльная культура насельніцтва Полацка XVI–XVIII стст. (па выніках археалагічнага вывучэння) : аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук : 07.00.06 — археалогія / Д. У. Дук ; Інстытут гісторыі НАН Беларусі. — Мінск, 2004. — 23 с.

Характарыстыка: Да 1980-х гадоў айчынная археалогія практычна не вывучала аб’екты, створаныя пасля старажытнарускага («княжацкага») часу. Матэрыяльная культура позняга сярэдневякоўя і новага часу атрымала даволі абмежаванае асвятленне ў гістарыяграфіі. Назапашванне археалагічнага матэрыялу ХVI–ХVIII стст. з археалагічных раскопак дало магчымасць даследаваць развіццё рамяства і ўмовы жыцця насельніцтва Полацка ў ХVI–ХVIII стст., вызначыць асаблівасці матэрыяльнай культуры палачан, прасачыць дынаміку распаўсюджвання культурных навацый у побытавай культуры. У дысертацыі ў навуковае абарачэнне ўведзена вялікая колькасць груп археалагічных крыніц. У матэрыяльнай культуры палачан упершыню прапанаваны падзел на этапы развіцця мастацкіх стыляў Рэнесанса, маньерызма, барока і класіцызма. Праведзена атрыбуцыя геральдычных выяў з кафлі, што дазволіла лакалізаваць размяшчэнне ў Полацку шэрагу феадальных сядзіб прадстаўнікоў полацкага патрыцыяту і шляхты. Сістэматызаваны і апрацаваны масавыя катэгорыі ганчарнай вытворчасці (архітэктурна-дэкаратыўная кераміка, посуд, дробныя керамічныя групы), кавальскія і ювелірныя вырабы, рэчы са шкла, дрэва, скуры, каменю і косці. Праведзена рэканструкцыя побыту асноўных сацыяльных груп насельніцтва ХVI–ХVIII стст.

Весці Акадэміі навук БССР. Серыя грамадскіх навук. — 1979. — № 1

Весці Акадэміі навук Беларускай ССР БССР Серыя грамадскіх навук 1979 № 1Часопіс: Весці Акадэміі навук БССР. Серыя грамадскіх навук. — 1979. — № 1.

Характарыстыка: Весці Акадэміі навук БССР, серыя грамадскіх навук — акадэмічны часопіс, у якім публікаваліся матэрыялы па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі і іншых гуманітарных навуках. Адмысловая серыя грамадскіх навук паўстала ў 1956 г. Да гэтага публікацыі па грамадскіх, фізіка-матэматычных, прыкладных навуках друкаваліся разам, без падзелу на серыі. У № 1 Вясцей АН БССР (Серыя грамадскіх навук) за 1979 г. з матэрыялаў гістарычнай тэматыкі змешчаны артыкулы Г.І. Гарэцкага пра вытокі беларускай савецкай навукі, У.К. Касько пра развіццё этнаграфіі і фалькларыстыкі ў Беларусі ў 1917–1940 гг., В.С. Вяргей пра работу краязнаўчых арганізацый па археалагічнаму вывучэнню БССР у 1920-я гг., Н.В. Каменскай пра мерапрыемствы савецкай улады па арганізацыі вышэйшай адукацыі ў Беларусі ў 1917–1920 гг., а таксама публікацыі іншых даследчыкаў. Да 50-гадовага юбілея Акадэміі навук БССР у нумары надруавана вытрымка з пастановы Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і Савета Народных Камісараў БССР аб рэарганізацыі Інстытута беларускай культуры ў Беларускую Акадэмію навук.

Чараўко, В. Альтэрнатыўныя гісторыі

Чараўко, В. Альтэрнатыўныя гісторыіАртыкул: Чараўко, В. Альтэрнатыўныя гісторыі / В. Чараўко // Маладосць. — 2017. — № 5. — С. 127–131.

Анатацыя: Гэта не навуковы артыкул, а падборка студэнцкіх «перлаў». У 2017 г. у літаратурна-мастацкім часопісе «Маладосць» з’явілася рубрыка «ГістФакт», напоўніць якую запрасілі выкладчыкаў і студэнтаў гістарычных факультэтаў Беларусі. Так і пабачыла свет частка калекцыі смешных памылак, збіраць якую я пачаў ці не з першага дня працы. Студэнцкія «перлы» — не шараговыя апіскі ці агаворкі. Гэта такія памылкі, якія надаюць тэксту новыя сэнсавыя адценні, спараджаюць нечаканыя асацыяцыі, малюючы цэлы ўяўны сусвет. У выпадку студэнта-гісторыка — альтэрнатыўную гістарычную рэальнасць.

Полацкі музейны штогоднік: зборнік навуковых артыкулаў за 2014 г.

Полацкі музейны штогоднік: зборнік навуковых артыкулаў за 2014 г.Кніга: Полацкі музейны штогоднік : зборнік навуковых артыкулаў за 2014 г. / уклад. Т. У. Явіч. — Полацк : [Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік], 2015. — 312 с. ; іл.

Характарыстыка: «Полацкі музейны штогоднік» — зборнік навуковых артыкулаў, што выдаваўся Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеем-запаведнікам (НПГКМЗ) у 2010–2015 гг. У ім друкаваліся артыкулы навуковых супрацоўнікаў НПГКМЗ, матэрыялы штогадовых канферэнцый на базе музея-запаведніка, а таксама публікацыі, тэматычна звязаныя з гісторыяй матэрыяльнай культуры Полацка. У пятым «Полацкім музейным штогодніку» (за 2014 г.) змешчаны артыкулы І.У. Магалінскага пра прадметы пісьменства з каляровых металаў Х–XVII стст. (у зборах НПГКМЗ), І.Л. Калечыц пра графіці другой паловы XVI–XVIII ст. у Спаса-Праабражэнскай царкве Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, В.У. Галубовіча пра зладзейства ў Полацку ХVII ст. па матэрыялах полацкіх магістрацкіх кніг, І.А. Бортніка пра праблему ўзаемаадносін дзяржавы і царквы ў сацыяльна-палітычнай думцы Рэчы Паспалітай пачатку ХVII ст., М.М. Баўтовіча пра іерархаў Полацкай праваслаўнай епархіі XVII ст., А.А. Салаўёва пра археалагічныя работы ў гістарычнай частцы Полацка, а таксама шэраг іншых публікацый.

Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 15. Катъ — Коречный

Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 15. Катъ - КоречныйКніга: Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 15. Катъ — Коречный / склад.: А. М. Булыка [і інш.] ; рэд. А. М. Булыка. — Мінск : Беларуская навука, 1996. — 310 с.

Характарыстыка: «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» — навуковае выданне, што выходзіла на працягу 1982–2017 гг. У ім ўтрымліваецца тлумачэнне слоў, якія ўжываліся ў беларускай літаратурнай мове XIV–XVIII стст. (старабеларускай мове). У слоўніку ўтрымліваецца граматычная характарыстыка слоў, прыводзяцца прыклады іх выкарыстання ў помніках пісьменнасці. Выданне разлічана на тых, хто займаецца вывучэннем мінулага беларускага народа: гісторыкаў мовы і літаратуры, гісторыкаў, этнографаў, прававедаў, краязнаўцаў. Пятнаццаты выпуск «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» ўтрымлівае каля 2 000 слоў на літару «К» ад слова «Катъ» па слова «Коречный» уключна.

Падокшын, С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура (Філасофска-гістарычны аналіз)

ПадокшынКніга: Падокшын, С. А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура (Філасофска-гістарычны аналіз) / С. А. Падокшын. — Мінск : Беларуская навука, 2000. — 111 ст.

Характарыстыка: Прапануемая кніга філосафа і гісторыка Сямёна Аляксандравіча Падокшына — адна з найлепшых работ па канфесійнай гісторыі Беларусі. У ёй зроблена спроба канцэптуальнага аналізу царкоўнай уніі як гістарычнай з’явы, разглядаецца яе палітычны, культуралагічны, філасофскі сэнс, яе ўплыў на грамадскае і духоўнае жыццё беларускага народа. Паказана, што на працягу XIV–XVI стст. у грамадскай практыцы ВКЛ склаліся дзве альтэрнатыўныя мадэлі рэлігійна-царкоўнага жыцця: ліберальная, рэнесансна-гуманістычная, падставай якой з’яўлялася свабода рэлігійнага выбару, верацярпімасць, і кансерватыўная, дзяржаўна-ахоўная, у аснове якой ляжала ідэя уніі, або аб’яднання каталіцтва і праваслаўя. Разглядаюцца ўзаемадзеянне гэтых мадэлей, станоўчыя і адмоўныя вынікі іх рэалізацыі.

Чараўко, В.У. Раскопкі Міхаіла Кусцінскага ў Лепельскім павеце і познесярэдневяковыя курганныя пахаванні Беларускага Падзвіння

Чараўко В.У. Раскопкі Міхаіла Кусцінскага ў Лепельскім павецеАртыкул: Чараўко, В. У. Раскопкі Міхаіла Кусцінскага ў Лепельскім павеце і познесярэдневяковыя курганныя пахаванні Беларускага Падзвіння / В. У. Чараўко // VIII Лепельскія чытанні : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, Лепель, 19 кастрычніка 2018 г. / пад рэд. Я. А. Грэбеня. — Мінск : ІВЦ Мінфіна, 2019. — С. 38–46.

Анатацыя: У археалагічнай літаратуры маюцца звесткі аб пяці познесярэдневяковых курганных пахаваннях на тэрыторыі Беларускага Падзвіння. Крытычны разгляд паведамленняў аб іх дазваляе ўпэўнена казаць толькі аб адным такім помніку — кургане з манетай другой паловы ХVI ст. каля в. Забалоцце Лепельскага раёна. Звяртае ўвагу тое, што ў ходзе маштабных даследаванняў найноўшага часу на Беларускім Падзвінні курганных пахаванняў ХIV–ХVIII стст. выяўлена не было. Адзінкавасць курганнага пахавання ХVI ст. каля в. Забалоцце не дазваляе абгрунтавана вылучыць познесярэдневяковыя курганы ў асобную катэгорыю сельскіх пахавальных помнікаў Беларускага Падзвіння ХIV–ХVIII стст. Пры гэтым выпадкі выяўлення познесярэдневяковых курганоў на беларускіх землях увогуле маюць адзінкавы характар. Паказальна, што даціроўка кургана каля в. Забалоцце і храналогія помнікаў, прыналежнасць якіх да познесярэдневяковых курганных пахаванняў пастаўлена пад пытанне, не выходзіць за межы другой паловы ХVI ст.

Старонкі