Пачатак праекта AdVerbum.org

AdVerbum.org — гэта сайт, прызначаны для інфармацыйнага забеспячэння выкладаемых мною дысцыплін. Думкі аб неабходнасці стварэння падобнага праекта з’явіліся больш як год таму, але выкрышталізаваліся толькі ў снежні 2010. Пераказваючы адну і тую ж інфармацыю (накшталт тэматыкі семінараў) некалькім групам, я падумаў, што неблага было б неяк аптымізаваць гэтую тэхнічную работу. Найлепш — стварыць адмысловы электронны рэсурс, да якога можна было б адсылаць студэнтаў. На ім змясціць пытанні да семінарскіх заняткаў, тэмы рэфератаў, узоры афармлення, спісы рэкамендаванай літаратуры, спасылкі на буйнейшыя электронныя бібліятэкі і г.д. Вынікам і стаў сайт AdVerbum.org.

«Ad verbum» перакладаецца з латыні як «даслоўна». Назва не выпадковая і празрыста намякае мэтавай аўдыторыі — маім студэнтам — на неабходнасць дакладна прытрымлівацца змешчаных на сайце ўзораў і рэкамендацый. У вучэбнай студэнцкай дзейнасці можна вылучыць два бакі — творчы і фармальны. Я не абмяжоўваю свабоду вашых творчых пошукаў — карыстайцеся любой літаратурай, выказвайце свае думкі, аргументуйце і адстойвайце іх. Паколькі гэта вашыя думкі, яны могуць не супадаць з маімі — гэта цалкам нармальная з’ява. Але пры гэтым не забывайцеся на фармальны бок справы. Ёсць пэўныя правілы выступаў, вядзення дыскусій, афармлення рэфератаў. Іх выкананне гарантавана засцеражэ вас ад неабходнасці нешта перарабляць і зробіць нашую супольную працу карыснай і прыемнай.

Сёння ў мяне няма дакладнага адказу на пытанне, у якім рэчышчы AdVerbum.org будзе развівацца. У планах — ажыццяўленне некалькіх задумак, пакуль на сайце не прадстаўленых. Але гэта пасля. У бліжэйшы час сайт будзе пакрыху напаўняцца інфармацыяй.

30.01.2011


Рубрыкі: