Мікалай Радзівіл Руды (фільм, «Гісторыя пад знакам «Пагоні»)

фільм Гісторыя пад знакам Пагоні Мікалай Радзівіл РудыФільм: Мікалай Радзівіл Руды.

Від: Дакументальны, адукацыйны, навукова-папулярны

Характарыстыка: Фільм з дакументальнага цыкла «Гісторыя пад знакам «Пагоні» («Белсат»). Мікалай Радзівіл Руды быў сынам легендарнага Юрыя Радзівіла, празванага за вайсковыя поспехі «Літоўскім Геркулесам», а таксама даводзіўся братам Барбары Радзівіл. Мянушку «Руды» Мікалай Радзівіл атрымаў за колер валасоў. Ён увайшоў у гісторыю як чалавек, што нязменна адстойваў незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага і на соймах, і на поле бітвы. Адзін з самых магутных магнатаў свайго часу, ён спалучаў шчырасць, смеласць і высокароднасць.


Як і яго бацька, Мікалай Руды найперш здабыў сабе славу на полі бітвы. У пачатку 1563 г. Полацк быў узяты ў аблогу шасцідзесяцітысячным войскам Івана Грознага. У гетмана ВКЛ мелася усяго некалькі тысяч кавалерыстаў і зусім не было артылерыі. Мікалай Радзівіл падыйшоў да Полацка, але не змог прыйсці на дапамогу гарнізону. Полацк быў узяты Іванам Грозным, у горадзе была ўчынена разня. Пяцьдзесят тысяч палонных палачан былі выведзены зімовымі дарогамі ў Масковію. Узяць рэванш Мікалай Радзівіл Руды здолеў хутка. 26 студзеня 1564 г. на рацэ Уле недалёка ад в. Іванск у сучасным Чашніцкім раёне яго шасцітысячны корпус ушчэнт разбіў утрая большае маскоўскае войска. Перамога ў бітве на рацэ Уле прадухіліла небяспечнае злучэнне царскіх войскаў і на нейкі час стрымала ўварванне ўглыб ВКЛ.

Аддзелы Мікалая Рудога вызначыліся ў вызваленні Полацка ў 1579 г. З гістарычных дакументаў вядома, што Стэфан Баторый неаднаразова раіўся з Мікалаем Рудым і ставіў ў прыклад свайму войску дзеянні літвінскага войска князя Радзівіла. Яшчэ праз тры гады, калі войска Рэчы Паспалітай беспаспяхова штурмавала Пскоў, Мікалай Руды пераканаў Стэфана Баторыя заключыць мір. У выніку Ям-Запольскае замірэнне было заключана на выгадных для Рэчы Паспалітай умовах.

Пасля смерці ў 1565 г. свайго стрыечнага брата, славутага Мікалая Радзівіла Чорнага, Мікалай Руды стаў на чале рэфармацыйнага руху ў ВКЛ. Захаваўся аповед сучасніка пра тое, што стала апошняй кропляй для вялікага гетмана перад прыняццем кальвінізму. Гасцюючы ў каталіцкім манастыры ў Чэнстахове, магнат стаў сведкам, як святары выганялі д’ябла з нібыта апантанага чалавека. Пабачанаму ён не паверыў, і сам у прыватнай гутарцы распытаў яго. Селянін прызнаўся, што быў падкуплены манахамі, якія жадалі ўразіць высокага госця, каб умацаваць яго ў веры.

Калі паўстала пытанне аб уніі з Польскім каралеўствам, Мікалай Радзівіл Руды цвёрда выказаў сваё меркаванне: «А калі хто хоча забраць у мяне волю, дык буду лічыць яго тыранам». У час Люблінскага сойма 1569 г. Мікалай Радзівіл Руды, укленчыўшы, імем Ягайлы заклінаў караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста не падпісваць унію. Ужо з’яўляючыся канцлерам, ён рабіў усё, каб адстойваць незалежнасць ВКЛ у складзе Рэчы Паспалитай. Ён застаўся адзіным магнатам, які не прыняў Люблінскай уніі і да самой смерці не прысягнуў на яе захаванне.

Памёр ён у 1584 г., маючы 72 гады, і быў пахаваны ў кальвінскім зборы. У пачатку ХХІ ст. яго пахаванне было знойдзена археолагамі пры раскопках гарадзішча Дубінкі ў сучаснай паўночнай Літве. У 2009 г. адбылося ўрачыстае перапахаванне парэшткаў Мікалая Радзівіла Рудога, ваяводы трокскага і віленскага, вялікага гетмана і канцлера Вялікага Княства Літоўскага — магната, які паклаў жыццё на службу Радзіме і дасягнуў у гэтай справе вялікіх поспехаў.

Фільм узяты з агульнадаступных крыніц. Сайт Adverbum.org не ўтрымлівае відэафайлаў, а прапануе спасылкі на іх. Спасылкі на фільмы даюцца выключна з мэтай азнаямлення. Калі спасылка не працуе, калі ласка, паведаміце аб гэтым у каментарах або праз форму сувязі.