Мікалай Крыштоф Радзівіл (фільм, «Гісторыя пад знакам «Пагоні»)

фільм Гісторыя пад знакам Пагоні Мікалай Крыштоф РадзівілФільм: Мікалай Крыштоф Радзівіл.

Від: Дакументальны, адукацыйны, навукова-папулярны

Характарыстыка: Фільм з дакументальнага цыкла «Гісторыя пад знакам «Пагоні» («Белсат»). Гэты чалавек з вядомага магнацкага рода спрычыніўся да ўсіх важных падзей другой паловы ХVI ст. Ягонае жыццё — адбітак таго часу. Мужны ваяр і гаспадарлівы кіраўнік, пісьменнік і мецэнат, варты прадаўжальнік годнай лініі нясвіжскіх Радзівілаў. Мікалай Крыштоф Радзівіл, вайсковы і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, быў сынам Мікалая Радзівіла Чорнага. Неяк у вялікакняжацкім палацы бацькі малога Мікалая Крыштофа выйшлі паглядзець на фейерверк, пакінуўшы зусім маленькага хлопчыка. Той заплакаў. Кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст падыйшоў да ложачка, пагушкаў малога, назваўшы жартам сіроткам. Так з лёгкай рукі манарха ў Мікалая Крыштофа Радзівіла з’явілася мянушка «Сіротка».


Пасля навучання ва ўніверсітэтах Германіі юнак вярнуўся ў ВКЛ. Насуперак запаветам бацькі ён перайшоў з пратэстантызму ў каталіцызм. У значнай ступені гэтаму паспрыяў выдатны прапаведнік-езуіт Пётр Скарга. Па волі лёсу сын самага ўплывовага пратэстанта ВКЛ стаў актыўным дзеячам контррэфармацыі. Не глядзячы на гэта, магнат быў у ліку тых, хто актыўна адстойваў незалежнасць ВКЛ на Люблінскім сойме 1569 г. Удзельнічаў ён і ў вайсковых дзеяннях: у Інфлянцкай (Лівонскай) вайне, паходзе Стэфана Баторыя. У час аблогі Полацка Мікалай Крыштоф Сіротка быў цяжка паранены ў галаву. Пасля гэтага здарэння ён паабяцаў здзейсніць вандроўку ў Іерусалім да гроба гасподня. Абяцанне сваё ён выканаў, пакінуўшы запісы, якія былі пакладзены ў аснову дзённіка Мікалая Крыштофа — «Перагрынацыі» («Перэгрынацыі»). Аўтара цікавіла ўсё — ад прыродных умоў да гісторыі кожнай мясціны. Апісваў ён толькі тое, што бачыў на ўласныя вочы.

Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка стаў і разважлівым гаспадаром. Пры ім Нясвіж набыў свой архітэктурны твар. Магнат запрасіў у Нясвіж славутага італьянскага дойліда Джавані (Яна) Марыю Бернардоні, які пабудаваў там фарны касцёл. Гэты касцёл стаў адным з самых ранніх помнікаў стылю барока ў Рэчы Паспалітай. У скляпеннях Нясвіжскага фарнага касцёла да сённяшняга дня захоўваюцца пахаванні некалькіх дзесяткаў прадстаўнікоў выбітнага рода Радзівілаў.

Фільм узяты з агульнадаступных крыніц. Сайт Adverbum.org не ўтрымлівае відэафайлаў, а прапануе спасылкі на іх. Спасылкі на фільмы даюцца выключна з мэтай азнаямлення. Калі спасылка не працуе, калі ласка, паведаміце аб гэтым у каментарах або праз форму сувязі.