Мікалай Крыштаф Дарагастайскі (фільм, «Гісторыя пад знакам «Пагоні»)

фільм Гісторыя пад знакам Пагоні Мікалай Крыштаф ДарагастайскіФільм: Мікалай Крыштаф Дарагастайскі.

Від: Дакументальны, адукацыйны, навукова-папулярны

Характарыстыка: Фільм з дакументальнага цыкла «Гісторыя пад знакам «Пагоні» («Белсат»). Мікалай Крыштаф Дарагастайскі паходзіў з вядомага ў Вялікім Княстве Літоўскім роду Манвідаў. Як гэта часта бывала ў тыя часы, на навучанне бацькі выправілі юнака ў Заходнюю Еўропу. Там ён спасцігаў не толькі кніжную навуку, але і майстэрства бою. За поспехі ў вучобе юнак атрымаў ступень доктара медыцыны, а за вайсковыя заслугі — тытул барона Свяшчэннай Рымскай імперыі. Найдаўжэй малады магнат затрымаўся ў Неапалі, дзе працавала першая ў свеце вышэйшая школа коннай язды. Надворны канюшы неапалітанскага віцэ-караля Антоніа Ферара запаліў юнака марай стварыць кнігу па конегадоўлі.


Па вяртанні ў ВКЛ магнат узяў актыўны ўдзел у вайне з Масквой і паступова зрабіў бліскучую кар’еру. Ён стаў чалавекам, які дапамагаў Жыгімонту Вазе паразумецца са шляхтай. Многім магнатам перакананы каталік Ваза быў недаспадобы. Але палітычны народ прыслухваўся да меркавання Дарагастайскага, бо той хоць і быў набліжанай да манарха асобай, але як кальвініст заўсёды непахісна адстойваў інтарэсы пратэстантаў. У час разгортвання контррэфармацыі Мікалай Крыштаф Дарагастайскі быў прыхільнікам рэлігійнай талерантнасці ў Рэчы Паспалітай, а таксама выступаў за мір і нават унію з Маскоўскай дзяржавай.

Стаўшы ў 1597 г. вялікім літоўскім маршалкам, Мікалай Крыштаф не змяніў сваіх поглядаў. Нягледзячы на блізкія адносіны з вялікім князем і каралём, ён адкрыта выступаў супраць авантурнай падтрымкі Ілжэдзмітрыя і заўжды найперш адстойваў інтарэсы ВКЛ. Мікалай Дарагастайскі праявіў сябе сапраўдным ваяром. У час бітвы са шведамі пад Какенгаўзенам у 1601 г. ён быў паранены, але не выйшаў з бітвы да пераможнага яе завяршэння. Яшчэ праз 10 гадоў вялікі маршалак літоўскі быў у ліку першых, хто ўварваўся ў Смаленскі замак.

Разам з усім, наколькі дазваляў час, ён працаваў над сваёй кнігай. «Гіпіка, альбо Кніга пра коней» выйшла ў 1603 г. у Кракаве ў друкарні Анджэя Пётркоўчыка. Кніга складалася з чатырох частак і была напісана па-польску. Як гэта часта здаралася ў часы Рэнесансу, яна была створана на мяжы навукі і літаратуры. «Гіпіка» Дарагастайскага ўтрымлівала як парады па развядзенні і дагляду за коньмі, так і аўтарскія адступленні, уласныя пераклады вершаў антычных аўтараў і развагі над самымі рознымі рэчамі, напісаныя жывой, насычанай гумарам мовай. У ХVII–ХVIII стст. яна вытрымала сем выданняў.

У Мураванай Ашмянцы Дарагастайскі заснаваў уласную друкарню, дзе пачаў выдаваць палемічныя творы. Мужны ваяр і ўдалы палітык, шчыры патрыёт і таленавіты пісьменнік, Мікалай Крыштаф Монвід-Дарагастайскі быў адной з самых яркіх асоб свайго часу, і верна служыў сваёй Радзіме і на поле бою, і ў сенатарскім крэсле.

Фільм узяты з агульнадаступных крыніц. Сайт Adverbum.org не ўтрымлівае відэафайлаў, а прапануе спасылкі на іх. Спасылкі на фільмы даюцца выключна з мэтай азнаямлення. Калі спасылка не працуе, калі ласка, паведаміце аб гэтым у каментарах або праз форму сувязі.