Мялецій Сматрыцкі (фільм, «Гісторыя пад знакам «Пагоні»)

фільм Гісторыя пад знакам Пагоні Мялецій СматрыцкіФільм: Мялецій Сматрыцкі

Від: Дакументальны

Характарыстыка: Фільм з дакументальнага цыкла «Гісторыя пад знакам «Пагоні» («Белсат»). Пасля Брэсцкай уніі 1596 г. разгарнулася сапраўдная барацьба за душы людзей паміж прыхільнікамі ўніяцтва і тымі, хто захоўваў вернасць праваслаўю. Зброяй у гэтай барацьбе стала слова. У 1610 г. у друкарні Віленскага Святадухаўскага брацтва быў выдадзены знакаміты «Трэнас, альбо плач святой усходняй царквы». Гэты твор палемічнай літаратуры быў напісаны на польскай мове і адстойваў пазіцыі праваслаўя. І не проста адстойваў, а фактычна заклікаў да супрацьдзеяння ўладам. Аўтара «Трэнаса» ад арышту ўратавала тое, што ён схаваўся за псеўданімам Тэафіл Арталог. Кніга была забаронена. За яе распаўсюджванне накладаўся вялікі штраф, друкарню зачынілі, а рэдактара — Лявона Карповіча — кінулі ў вязніцу.



Аўтарам быў Мялецій Сматрыцкі — вядомы пісьменнік-палеміст, грамадскі і царкоўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага. Ён выступіў у абарону праваслаўя, што перажывала глыбокі крызіс. У праваслаўным асяроддзі востра не хапала адукаваных асоб, якія на роўных маглі весці высокаінтэлектуальную палеміку з католікамі і ўніятамі. Выключэннем стаў Мялецій Сматрыцкі. Яго выдатная адукаванасць, эрудыцыя, талент прынеслі яму заслужаную славу.

Мялецій Сматрыцкі ўвайшоў у гісторыю не толькі як палеміст, але і як філолаг. Працуючы рэктарам Кіеўскай брацкай школы, у 1619 г. ён выдаў «Граматыку славенскую» — першы падручнік царкоўнаславянскай мовы. Больш за 2 стагоддзі «Граматыка» заставалася адным з самых вядомых падручнікаў ва Усходняй Еўропе. Міхаіл Ламаносаў называў яе «брамай вучонасці», а ў ХІХ ст. яна стала ўзорам для харвацкай, сербскай, балгарскай і румынскай граматычных сістэм.

Фільм узяты з агульнадаступных крыніц. Сайт Adverbum.org не ўтрымлівае відэафайлаў, а прапануе спасылкі на іх. Спасылкі на фільмы даюцца выключна з мэтай азнаямлення. Калі спасылка не працуе, калі ласка, паведаміце аб гэтым у каментарах або праз форму сувязі.