Мацей Стрыйкоўскі — першы гістарыёграф ВКЛ (фільм, «Гісторыя пад знакам «Пагоні»)

фільм Гісторыя пад знакам Пагоні Мацей СтрыйкоўскіФільм: Мацей Стрыйкоўскі — першы гістарыёграф ВКЛ

Від: Дакументальны, адукацыйны, навукова-папулярны

Характарыстыка: Фільм з дакументальнага цыкла «Гісторыя пад знакам «Пагоні» («Белсат»). Гісторык, паэт і пісьменнік Мацей Стрыйкоўскі нарадзіўся ў 1547 г. у Мазовіі. Ён паходзіў з сям’і збяднелага шляхціча, таму навуку спасцігаў не ў лепшых універсітэтах Еўропы, а ў мясцовай парафіяльнай школе. Але прыклад Мацея Стрыйкоўскага сведчыць, што пры празе да ведаў самаадукацыя можа даць не меней за падуанскі дыплом. У Вялікае Княства Літоўскае юнак упершыню трапіў у шаснаццацігадовым узросце. Ён уладкаваўся на вайсковую службу, якой аддаў 10 гадоў жыцця. Асноўным заняткам Мацея Стрыйкоўскага стала выведка на карысць ВКЛ. Гэта дазволіла яму наведаць Інфлянты, Маскоўскую дзяржаву, Асманскую імперыю.


У 1574 г. Мацей Стрыйкоўскі выдаў сваю першую паэму — «Ганец цноты». У 1577 г. ім напісана другая паэма, якая не была надрукавана — «Пра пачаткі і справы рыцарскія слаўнага народа літоўскага». Паэма апісвала падзеі з гісторыі ВКЛ і абапіралася на «Хроніку Быхаўца». Наступнай паэмай Стрыйкоўскага стала «Бітва на Уле», якая была прысвечана разгрому маскоўскага войска. Аўтар удакладняе сюжэт пра смерць маскоўскага ваяводы Шуйскага ад рукі простага беларускага селяніна: гэты селянін затым быў пакараны гетманам Радзівілам за рабаўніцтва забітага.

У 1578 г. у Кракаве выйшла праца Аляксандра Гваньіні «Хроніка Еўрапейскай Сарматыі». На 200 старонках апісвалася гісторыя Польшчы, Вялікага Княства Літоўскага, Інфлянтаў, Прусіі, Маскоўскай дзяржавы. Падзеі заканчваліся апісаннем пахавання Жыгімонта Аўгуста ў 1574 г. Твор быў багата ілюстраваны. Выявы вялікіх князёў літоўскіх, якія зараз друкуюцца ў школьных падручніках і сур’ёзных навуковых працах, вядомыя нам менавіта па гэтай хроніцы. Мацей Стрыйкоўскі абвінаваціў Гваньіні — свайго колішніга камандзіра — у плагіяце. Сучасныя спецыялісты не падтрымліваюць гэтае абвінавачванне. Сапраўды, Гваньіні шмат запазычыў у Стрыйкоўскага, у яго творы сустракаецца вялікая колькасць цытат. Аднак у тыя часы цытаванне папярэднікаў было нормай, а «Хроніка...» ўтрымлівала таксама ўласныя напрацоўкі Гваньіні.

Працай жыцця Мацея Стрыйкоўскага стала «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі», выдадзеная ў 1582 г. Аўтар абапіраўся як на вядомыя, так і страчаныя зараз летапісы, выкарыстоўваў дакументы з архіваў сваіх апекуноў — магнатаў Хадкевічаў, Алелькавічаў. Стрыйкоўскі імкнуўся аб’яднаць два гістарычныя міфы шляхты Рэчы Паспалітай: польскі «сармацкі» (аб паходжанні шляхты ад сарматаў) і літоўскі «рымскі» (аб прыбыццё жамойцкай шляхты з Рыма). Сумяшчэнне адбылося наступным чынам: на думку аўтара, група шляхты, якая прыбыла з Рыма, сустрэлася з мясцовым сармацкім насельніцтвам і была ім асімілявана.

Этнічны паляк, Мацей Стрыйкоўскі напісаў першую надрукаваную хроніку Вялікага Княства Літоўскага і стаў першым гістарыёграфам ВКЛ. Працяглы час яго не лічылі вартым даверу аўтарам. Зараз яго творы прызнаны сур’ёзнымі і важнымі гістарычнымі крыніцамі, а сам ён — сапраўдным храністам, прадаўжальнікам працы летапісцаў.

Фільм узяты з агульнадаступных крыніц. Сайт Adverbum.org не ўтрымлівае відэафайлаў, а прапануе спасылкі на іх. Спасылкі на фільмы даюцца выключна з мэтай азнаямлення. Калі спасылка не працуе, калі ласка, паведаміце аб гэтым у каментарах або праз форму сувязі.