«Літоўскі Геркулес» (фільм, «Гісторыя пад знакам «Пагоні»)

фільм Гісторыя пад знакам Пагоні Літоўскі ГеркулесФільм: «Літоўскі Геркулес».

Від: Дакументальны, адукацыйны, навукова-папулярны.

Характарыстыка: Фільм з дакументальнага цыкла «Гісторыя пад знакам «Пагоні» («Белсат»). Юрый Радзівіл быў чалавекам незвычайнай сілы і вялікага ваеннага таленту. Значная частка ягонага жыцця прайшла ў вайсковых паходах, у якіх ён трыццаць разоў святкаваў перамогу. За гэта сучаснікі далі яму мянушку Вікто́р — пераможца, — а таксама празвалі «Літоўскім Геркулесам». Дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, ён быў сынам канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла Старога. Спачатку Юрый служыў намеснікам у розных мястэчках дзяржавы, некалькі гадоў з’яўляўся кіеўскім ваяводам, працяглы час займаў ганаровую пасаду падчашага ВКЛ. Аднак славу Юрый Радзівіл здабыў на полі бітвы.


Пачатак ХVI ст. вызначыўся зацятай барацьбой ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай. Другой сур’ёзнай пагрозай заставаліся татары. У гэты час Юрый Радзівіл стаў польным (палявым) гетманам ВКЛ, г.зн. заняў другую пасля вялікага гетмана вайсковую пасаду. Ваяваць яму давялося на абодвух напрамках. Вайсковы шлях ён пачаў у 1508 г. удзелам у вайне з Маскоўскай дзяржавай. У 1511 г. разам са слуцкім князем Юрыем і кіеўскім ваяводам Андрэем Неміровічам Юрый Радзівіл здзейсніў начны напад на лагер татарскага войска, што стаяла недалёка ад Кіева. Праз год Радзівіл удзельнічаў ў пераможнай бітве з татарамі пад Лапушным (пад Вішняўцом). Свой уклад Юрый Радзівіл унёс і ў перамогу пад Оршай у 1514 г. Ён камандваў лёгкай конніцай на левым флангу, адбіў атаку ваявода Чалядніна, перайшоў у наступ і пачаў пераслед уцякаючага ворага. Дарадца і паплечнік вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага, польны гетман Юрый Радзівіл удзельнічаў у абмеркаванні плана бітвы і яе дэталяў.

У 1517 г. Юрый Радзівіл узяў удзел у паходзе пад Пскоў, а ў 1519 — узначаліў паспалітае рушанне, якое спыніла маскоўскае войска пад Крэвам. Наступныя некалькі гадоў ён дапамагаў Польшчы ў змаганні з Тэўтонскім ордэнам. У час вайны Польскага каралеўства і Тэўтонскага ордэна 1519–1521 гг. корпус Юрыя Радзівіла захапіў ордэнскія замкі Голанд, Квідзын, Мельшак, Любаву, Брандэнбург ды іншыя.

Пасля смерці Канстанціна Астрожскага Юрый Радзівіл атрымаў булаву вялікага гетмана. У 1535 г. ён пры падтрымцы Польскай дзяржавы вызваліў Гомель і Старадуб ад маскоўскіх войскаў. У 1530-х гг. віленскі кашталян і вялікі гетман ВКЛ Юрый Радзівіл з’яўляўся адным з найбуйнейшых магнатаў. Разам з жамойцкім старостам Янам Радзівілам і канцлерам Альбрэхтам Гаштольдам ён складаў «трыумвірат», які фактычна кантраляваў усё эканамічнае і грамадскае жыццё ВКЛ. Юрый Радзівіл стаў заснавальнікам асобнай галіны Радзівілаў. Сярод самых вядомых нашчадкаў — яго дачка Барбара, жонка Жыгімонта Аўгуста, і сын Мікалай па мянушцы Руды.

Фільм узяты з агульнадаступных крыніц. Сайт Adverbum.org не ўтрымлівае відэафайлаў, а прапануе спасылкі на іх. Спасылкі на фільмы даюцца выключна з мэтай азнаямлення. Калі спасылка не працуе, калі ласка, паведаміце аб гэтым у каментарах або праз форму сувязі.