Леў Сапега (фільм, «Гісторыя пад знакам «Пагоні»)

фільм Гісторыя пад знакам Пагоні Леў СапегаФільм: Леў Сапега

Від: Дакументальны

Характарыстыка: Фільм з дакументальнага цыкла «Гісторыя пад знакам «Пагоні» («Белсат»). Леў Сапега — адзін з самых вядомых дзяржаўных дзеячаў за ўсю гісторыю Беларусі. Яго жыццё — прыклад служэння сваёй Радзіме, самаадданасці і самаахвярнасці. Ён мяняў рэлігіі, але заставаўся патрыётам Вялікага княства Літоўскага і захоўваў вернасць старабеларускай мове. Артымаўшы адукацыю ў Нясвіжскай школе Мікалая Радзівіла Чорнага і Лейцпцыгскім універсітэце, малады магнат у 1580 г. паступае на службу пісарам вялікага князя і караля. Але не пяро, а меч даводзіцца трымаць яго руцэ — Леў Сапега ўдзельнічае ў паходзе супраць маскоўскіх войскаў. Сам Стэфан Баторый адзначыў мужнасць юнака ў бітвах пад Псковам.

У 1581 г. Леў Сапега займае пасаду вялікага пісара літоўскага. Менавіта ў час працы ў Канцылярыі ВКЛ ён становіцца вопытным палітыкам. Яго настаўнікам быў канцлер Астафій (Астафей) Валовіч. Неўзабаве Леў Сапега быў накіраваны ў Рускае царства, каб пацвердзіць мірнае пагадненне пасля смерці Івана IV. З місіяй ён справіўся, праявіўшы дыпламатычныя здольнасці, таму вярнуўся ў ВКЛ ужо не вялікім пісарам, а падканцлерам.


Выключную ролю Леў Сапега адыграў пры стварэнні III Статута Вялікага княства Літоўскага (1588 г.). У свой час над Статутам паспяхова працавалі Мікалай Радзівіл Руды і Астафій Валовіч. Але менавіта Леў Сапега завяршыў агульную рэдакцыю Статута, напісаў прадмову, падрыхтаваў да друку. Статут не згадваў ні адно з палажэнняў Люблінскай уніі 1569 г., фактычна скасоўваючы іх. Зацвярджэнне такога дакумента вялікім князем літоўскім і каралём польскім было б справай немагчымай, калі б Сапега не скарыстаўся спрыяльнымі абставінамі. Пасля смерці Стэфана Баторыя паўстала пытанне аб новым манарху. Польскія магнаты прапаноўвалі кандыдатуру Жыгімонта Вазы. Літоўскія магнаты пагадзіліся пры ўмове зацвярджэння ім Статута ВКЛ. 28 студзеня 1588 г. новы вялікі князь і кароль Жыгімонт ІІІ Ваза зацвердзіў Статут у яго трэцяй рэдакцыі.

У 1600 г. канцлер Леў Сапега зноў едзе ў Маскву — на гэты раз дамаўляцца з Барысам Гадуновым. Перамовы прайшлі паспяхова. У 1618 г. ён удзельнічаў у вядомых Дэвулінскіх перамовах, што вярнулі ў склад ВКЛ Смаленскія і Чарнігаўскія землі. У час спусташальнай вайны са Швецыяй вялікі гетман Леў Сапега ахвяраваў амаль усю сваю маёмасць на ўтрыманне войска.

Леў Сапега застаўся ў гісторыі і як мецэнат. Ён з’яўляўся вялікім аматарам кнігі, сабраў у сваім родавым палацы ў Ружаных адну з самых багатых у ВКЛ бібліятэк, падтрымліваў кнігадрукаванне. Яго клопатам былі перапісаны сотні тамоў Літоўскай Метрыкі — архіву ВКЛ.

Фільм узяты з агульнадаступных крыніц. Сайт Adverbum.org не ўтрымлівае відэафайлаў, а прапануе спасылкі на іх. Спасылкі на фільмы даюцца выключна з мэтай азнаямлення. Калі спасылка не працуе, калі ласка, паведаміце аб гэтым у каментарах або праз форму сувязі.