Язэп Руцкі (фільм, «Гісторыя пад знакам «Пагоні»)

фільм Гісторыя пад знакам Пагоні Язэп РуцкіФільм: Язэп Руцкі

Від: Дакументальны

Характарыстыка: Фільм з дакументальнага цыкла «Гісторыя пад знакам «Пагоні» («Белсат»). Язэп Руцкі паходзіў з Наваградчыны. Пасля заканчэння кальвінісцкай школы ён выправіўся вучыцца за мяжу. Гэты крок каштаваў яму спадчыны: маці не даравала сыну змены веры. Язэп Руцкі скончыў Грэцкую калегію ў Рыме, якая рыхтавала місіянераў для праваслаўных рэгіёнаў Усходняй Еўропы. Яго пераканалі, што для больш эфектыўнай працы ён мусіць перайсці ў праваслаўе. Потым Руцкі стаў уніятам. Ён патрапіў пад пратэкцыю Іпація Пацея — другога мітрапаліта ўніяцкай царквы. Таму кар’ера Язэпа Руцкага складвалася ўпэўнена. Пасля смерці Іпація Пацея кароль і вялікі князь Жыгімонт ІІІ Ваза ў 1614 г. даў згоду на прызначэнне Руцкага мітрапалітам.



На пасадзе мітрапаліта Руцкі рупліва працаваў для пашырэння царкоўнай уніі. Ён спрыяў пашырэнню асветы сярод духавенства. Навучанне вялося на старабеларускай мове. У 1617 г. быў створаны манаскі базыльянскі ордэн. Да сярэдзіны XVII ст. на землях ВКЛ было ўжо каля 40 базыльянскіх манастыроў (у Вільні, Наваградку, Менску, Гародні, Полацку, Оршы, Пінску і іншых гарадах). Мітрапаліт удзельнічаў і ў рэлігійнай палеміцы, найперш з вядомым праваслаўным дзеячом Мялеціем Сматрыцкім. Захаваліся ягоныя творы, напісаныя па-старабеларуску і па-польску.

Паўстае пытанне: а што, калі б самыя выбітныя тагачасныя дзеячы ВКЛ не змагаліся адзін з адным з прычыны рэлігійных разыходжанняў, а дзейнічалі супольна? Магчыма, і не было б крызіса беларуская культуры і мовы, што ўжо наспяваў. На думку Алеся Краўцэвіча, з пазіцый сённяшняга дня бачна, што ўніяцкі праект быў рэгрэсам у параўнанні з папярэдняй мадэллю рэлігійнай талерантнасці. Адыход ад апошняй паспрыяў аслабленню дзяржавы. Гісторыя, аднак, не ведае ўмоўнага ладу. Можна казаць толькі, што Язэп Руцкі стаў адным з самых паспяховых уніяцкіх мітрапалітаў, а ўніяцтва пры ім пачало адрознівацца як ад праваслаўя, так і ад каталіцтва.

Фільм узяты з агульнадаступных крыніц. Сайт Adverbum.org не ўтрымлівае відэафайлаў, а прапануе спасылкі на іх. Спасылкі на фільмы даюцца выключна з мэтай азнаямлення. Калі спасылка не працуе, калі ласка, паведаміце аб гэтым у каментарах або праз форму сувязі.