Дук, Д.У. Матэрыяльная культура насельніцтва Полацка XVI–XVIII стст. (па выніках археалагічнага вывучэння): аўтарэферат кандыдацкай дысертацыі

Дук Д.У. Матэрыяльная культура насельніцтва Полацка XVI–XVIII стст. аўтарэфератНазва: Дук, Д. У. Матэрыяльная культура насельніцтва Полацка XVI–XVIII стст. (па выніках археалагічнага вывучэння) : аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук : 07.00.06 — археалогія / Д. У. Дук ; Інстытут гісторыі НАН Беларусі. — Мінск, 2004. — 23 с.

Характарыстыка: Да 1980-х гадоў айчынная археалогія практычна не вывучала аб’екты, створаныя пасля старажытнарускага («княжацкага») часу. Матэрыяльная культура позняга сярэдневякоўя і новага часу атрымала даволі абмежаванае асвятленне ў гістарыяграфіі. Назапашванне археалагічнага матэрыялу ХVI–ХVIII стст. з археалагічных раскопак дало магчымасць даследаваць развіццё рамяства і ўмовы жыцця насельніцтва Полацка ў ХVI–ХVIII стст., вызначыць асаблівасці матэрыяльнай культуры палачан, прасачыць дынаміку распаўсюджвання культурных навацый у побытавай культуры. У дысертацыі ў навуковае абарачэнне ўведзена вялікая колькасць груп археалагічных крыніц. У матэрыяльнай культуры палачан упершыню прапанаваны падзел на этапы развіцця мастацкіх стыляў Рэнесанса, маньерызма, барока і класіцызма. Праведзена атрыбуцыя геральдычных выяў з кафлі, што дазволіла лакалізаваць размяшчэнне ў Полацку шэрагу феадальных сядзіб прадстаўнікоў полацкага патрыцыяту і шляхты. Сістэматызаваны і апрацаваны масавыя катэгорыі ганчарнай вытворчасці (архітэктурна-дэкаратыўная кераміка, посуд, дробныя керамічныя групы), кавальскія і ювелірныя вырабы, рэчы са шкла, дрэва, скуры, каменю і косці. Праведзена рэканструкцыя побыту асноўных сацыяльных груп насельніцтва ХVI–ХVIII стст.

Д.У. Дукам устаноўлена, што ў агульных рысах матэрыяльная культура ХVI–ХVIII стст. працягвала развівацца на ўсходнеславянскай аснове. Найбольш кансерватыўным застаецца побыт бяднейшых катэгорый насельніцтва Полацка («чорных людзей», «лёзных»). У той жа час у «высокай» гарадской культуры заўважны заходнееўрапейскія элементы (з’яўленне ў побыце паліванага посуду, шкляных і металічных вырабаў на манер заходнееўрапейскіх, матывы і тэхналагічныя прыёмы выканання полацкай кафлі і г.д.). Рамяство ранняга новага часу ўзбагацілася новымі, невядомымі раней тэхналагічнымі прыёмамі і формамі арганізацыі масавай вытворчасці. З канца ХVI ст. рэзка ўзрастае асартымент рамесных вырабаў, колькасць вырабляемай прадукцыі, з’яўляюцца новыя рамесныя спецыяльнасці, пашыраецца цэхавая вытворчасць. Пасля разбурэнняў Інфлянцкай (Лівонскай) вайны пашырыліся сацыяльна-эканамічныя і культурныя сувязі з Заходняй Еўропай. Гэта прывяло да пранікнення новых тэхналогій рамеснай вытворчасці. Гарадская матэрыяльная культура зведала стадыю росквіту ў першай палове ХVII ст.

Матэрыяльная культура насельніцтва Полацка з’яўляецца неад’емнай часткай еўрапейскай культуры і зведала стадыі росквіту рэнесанснай (першая палова ХVI ст.), маньерыстычнай (мяжа ХVI–ХVII стст.), барочнай (другая трэць ХVII — сярэдзіна ХVIII ст.) і класіцыстычнай традыцыі (другая палова ХVIII ст.). Асаблівасці пазначаных мастацкіх стыляў найбольш поўна праявіліся ў дэкаратыўных матывах полацкай кафлі і ювелірных вырабах, а таксама ў асобных катэгорыях дэкаратыўнага посуду і шкла. Керамічны посуд, металічныя і шкляныя вырабы, гарбарная прадукцыя, вырабы з дрэва\, каменю, косці ў ХVI–ХVII стст. вельмі адрозніваліся па свайму прызначэнню і знешняму выгляду. Палачане выраблялі адметны чырвонагліняны і белагліняны посуд. Пачатак пранікнення ў Полацк нажнога ганчарнага кола фіксуецца ў першай палове ХVI ст., але масавае ўкараненне заходнееўрапейскіх тэхналогій адзначана на працягу ХVII–ХVIII стст. Металічныя вырабы збольшага адпавядаюць асартыменту кавальскай прадукцыі рамеснікаў ВКЛ і суседніх земляў. Такія катэгорыі кавальскай прадукцыі, як зброя, рыштунак вершніка і каня характарызуюць арыентацыю на заходнееўрапейскія тэхналогіі. Асобныя ювелірныя вырабы маюць высокамастацкія якасці.

Ужо ў першай палове ХVI ст. у жытлах палачан сустракаюцца шкляныя вокны, што з’яўляецца самым раннім прыкладам шклення вокнаў у грамадскім дойлідстве ўсходняга рэгіёна ВКЛ. Некаторыя катэгорыі шклянога посуду (шкляніцы, келіхі, чаркі і г.д.) з ХVII ст. паступова замяняюць традыцыйныя керамічныя вырабы. Касцяныя вырабы ў ХVI–ХVII стст. захоўваюць папулярнасць. З косці, як і раней, вырабляліся высокамастацкія рэчы (шахматы, косці для гульні, пячаткі, пярсцёнкі).

Пераймаючы лепшыя заходнееўрапейскія дасягненні, полацкія рамеснікі стварылі асновы для станаўлення мясцовай традыцыі. Майстры-выканаўцы ўдала спалучалі ўласныя здабыткі з запатрабаваннямі моды. Аўтарамі пэўных сюжэтаў выступалі як рамеснікі, так і прадстаўнікі вышэйшых сацыяльных груп — шляхта і заможныя мяшчане.

Фармат: Pdf.

Памер: 1,67 MB.

СПАМПАВАЦЬ АЎТАРЭФЕРАТ = СКАЧАТЬ АВТОРЕФЕРАТ.