Брэсцкая унія (фільм, «Гісторыя пад знакам «Пагоні»)

фільм Гісторыя пад знакам Пагоні Брэсцкая уніяФільм: Брэсцкая унія (унія праваслаўнай і каталіцкай цэркваў)

Від: Дакументальны

Характарыстыка: Фільм з дакументальнага цыкла «Гісторыя пад знакам «Пагоні» («Белсат»). У другой палове XVI ст. у Вялікім княстве Літоўскім у чарговы раз загаварылі пра магчымасць уніі паміж праваслаўнай царквой і каталіцкім касцёлам. Пытанне гэтае ўздымалася не першы раз, бо само становішча ВКЛ на разломе усходне-праваслаўнай і заходне-каталіцкай цывілізацыямі вымагала асаблівай пільнасці для прадухілення расколу грамадства. Праваслаўная царква ў XVI ст. перажывала глыбокі крызіс, звязаны з заняпадам узятага туркамі Канстанцінопаля — інтэлектуальнага цэнтра ўсходняга хрысціянства. Акрамя таго, праваслаўе выкарыстоўвалася суседняй Маскоўскай дзяржавай як падстава для войнаў з ВКЛ. Каталіцкі касцёл таксама знаходзіўся ў крызісе, праявай чаго была Рэфармацыя. Аб’яднанне сіл супраць пратэстанцкіх плыняў магло б быць выгодным і дзяржаве, і абодвум канфесійным плыням.



Галоўнымі ініцыятарамі царкоўнай уніі з боку праваслаўнай іерархіі былі епіскапы Іпацій Пацей і Кірыл Цярлецкі. Менавіта яны ў 1595 г. выправіліся да рымскага папы Клімента VIII, каб перадаць умовы праваслаўных іерархаў, на якіх яны пагаджаліся заключыць саюз з Рымам. У артыкулах умоў прадугледжвалася захаванне ранейшых дагматаў, абрадаў і набажэнства. Праваслаўная царква ВКЛ павінна была прызнаць вяршэнства папы рымскага і новы грыгарыянскі каляндар.

У фільме сцвярджаецца, што артыкулы ўяўлялі сабой «умовы праваслаўнай часткі Княства», што не адпавядае рэчаіснасці. Артыкулы з’яўляліся ўмовамі большай часткі не праваслаўнай часткі, а выключна праваслаўнага епіскапата, і распрацоўваліся таемна. Таксама не адпавядае рэчаіснасці сцверджанне аб тым, што папа рымскі прыняў усе ўмовы праваслаўных іерархаў. На самой справе, папскай курыяй ідэя выстаўлення нейкіх папярэдніх умоў была адхілена ў прынцыпе, а заключэнне уніі падавалася як далучэнне праваслаўных да касцёла. Аднак, ужо пасля падпісання пагаднення Пацеем і Цярлецкім, папа дараваў дазвол прытрымлівацца ранейшых абрадаў і дагматаў у выпадку, калі яны не супярэчаць вучэнню каталіцкага касцёла.

Падпісанне акта уніі адбылося ў Брэсце ў 1596 г. і не толькі не вырашыла канфесійнага пытання, але і ўскладніла яго. На месцы двух канфесій утварылася тры: праваслаўная, каталіцкая, уніяцкая. Праваслаўная царква ў першыя дзесяцігоддзі дзейнічала ў неспрыяльных умовах насуперак дзяржаўнай палітыцы. Як адзначае Алесь Краўцэвіч, заключэнне Брэсцкай царкоўнай уніі было цывілізацыйнай паразай Вялікага княства Літоўскага, паколькі з’яўлялася саступкай контррэфармацыі. Брэсцкая унія азначала адмову ад рэлігійнай талерантнасці, якая выгодна адрознівала ВКЛ і Рэч Паспалітую ад суседніх дзяржаў. Разам з тым, уніяцкая царква не з’яўлялася «новай» у поўным сэнсе слова, паколькі абапіралася на старадаўнія праваслаўныя традыцыі. Распаўсюджаная рознымі шляхамі, паступова яна ператварылася ў веру пераважнай большасці сялян і гараджан на працягу дзесяці пакаленняў нашых продкаў.

Фільм узяты з агульнадаступных крыніц. Сайт Adverbum.org не ўтрымлівае відэафайлаў, а прапануе спасылкі на іх. Спасылкі на фільмы даюцца выключна з мэтай азнаямлення. Калі спасылка не працуе, калі ласка, паведаміце аб гэтым у каментарах або праз форму сувязі.