Блог

Чараўко, В.У. Асаблівасці тэрытарыяльнага размеркавання сельскіх могілак Беларускага Падзвіння XIV–XVIII стст.

Чараўко В.У. Асаблівасці тэрытарыяльнага размеркавання могілак ПадзвінняАртыкул: Чараўко, В. У. Асаблівасці тэрытарыяльнага размеркавання сельскіх могілак Беларускага Падзвіння XIV–XVIII стст. / В. У. Чараўко // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А. Гуманитарные науки. — 2019. — № 9. — С. 18–21.

Анатацыя: Артыкул прысвечаны асаблівасцям тэрытарыяльнага размеркавання сельскіх могілак Беларускага Падзвіння ХIV–ХVIII стст. Картаграфаванне могільнікаў і аб’ектаў са знешнімі прыкметамі пахаванняў разглядаемага перыяду (каменныя надмагіллі, каменныя крыжы) дазволіла вызначыць лакалізацыю помнікаў адносна прыродных аб’ектаў, узаемнае размяшчэнне помнікаў, выявіць раёны іх максімальнай канцэнтрацыі. Паколькі наяўнасць могільніка прадугледжвае існаванне сінхроннага ім пасялення, маецца сувяць паміж нераўнамернай канцэнтрацыяй могільнікаў і нераўнамернай заселенасцю рэгіёна. Большая частка могільнікаў ХIV–ХVIII стст. размешчана на левым беразе Заходняй Дзвіны па рэках Дзісна (Глыбоцкі раён), Ушача (Полацкі, Ушацкі, Лепельскі раёны), Ула (Бешанковіцкі раён) і іх прытоках, а таксама на водападзеле Дзвіны і Бярэзіны (Дняпроўскай) (Докшыцкі раён). На правым беразе Дзвіны пахавальныя помнікі сканцэнтраваны пераважна на паўночным усходзе. Зоны максімальнай канцэнтрацыі могільнікаў адпавядаюць найбольш засвоеным і заселеным тэрыторыям.

Чараўко, В.У. «Народная археалогія» і данавуковыя ўяўленні аб пахавальных помніках Беларускага Падзвіння ХIV–ХVIII стагоддзяў

Чараўко В.У. Народная археалогія і данавуковыя ўяўленні аб пахавальных помнікахАртыкул: Чараўко, В. У. «Народная археалогія» і данавуковыя ўяўленні аб пахавальных помніках Беларускага Падзвіння ХIV–ХVIII стагоддзяў / В. У. Чараўко // Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — Мінск, 2020. — Вып. 31. Даследаванне беларускіх старажытнасцей (да 80-годдзя з дня нараджэння Алены Генадзьеўны Калечыц). — С. 91–97.

Анатацыя: Вывучэнню пахавальных помнікаў Беларускага Падзвіння ХIV–ХVIII стст. папярэднічала іх «народная археалогія» — спецыфічная інтэрпрэтацыя мясцовым насельніцтвам. У традыцыйным грамадстве некаторыя познесярэдневяковыя пахавальныя помнікі сталі аб’ектамі сакральнай тапаграфіі і матэрыяльным увасабленнем фальклорнай памяці аб ваенных падзеях. Назвы «Французскія могілкі», «Татарскія могілкі», «Валатоўкі», якімі пераважна называлі курганы і гарадзішчы, выкарыстоўваліся і ў дачыненні да познесярэдневяковых грунтовых могільнікаў (Глубоцкі, Докшыцкі, Полацкі, Шумілінскі раёны).

Насельніцтва Беларускага Падзвіння сутыкалася з познесярэдневяковымі пахавальнымі помнікамі і пры парушэнні пахаванняў. Археалагічныя сведчанні гэтага выяўлены на шэрагу сельскіх могільнікаў і гарадскіх некропалей даследуемага перыяду. Выпадковыя парушэнні пахаванняў адбываліся пры інтэнсіўным выкарыстанні могільнікаў і/або на старых могілках, якія працягвалі функцыянаваць. На могільніках каля вёсак Клешчына, Жарнасекава, Дубраўка ўскрыццё больш ранніх пахаванняў адбывалася мэтанакіравана для падпахаванняў. Пашкоджанне пахаванняў адбывался і ў час будаўніцтва. У шэрагу выпадкаў парушэнне пахаванняў адбывалася з-за страты памяці аб іх.

Чараўко, В.У. Тэстаменты як крыніца па пахавальных традыцыях шляхты і мяшчан Полацкага і Віцебскага ваяводстваў XVI–XVIII стст.

Чараўко В.У. Тэстаменты як крыніца па пахавальных традыцыях шляхты і мяшчан Полацкага і Віцебскага ваяводстваўАртыкул: Чараўко, В. У. Тэстаменты як крыніца па пахавальных традыцыях шляхты і мяшчан Полацкага і Віцебскага ваяводстваў XVI–XVIII стст. / В. У. Чараўко // Актуальные проблемы источниковедения : материалы V Международной научно-практической конференции к 110-летию Витебской учёной архивной комиссии, Витебск, 25–27 апреля 2019 г. / редкол.: А. Н. Дулов, М. Ф. Румянцева (отв. ред.) [и др.]. — Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2019. — С. 192–194.

Анатацыя: У ХVI–ХVIII стст. у асяроддзі шляхты і мяшчан Вялікага Княства Літоўскага атрымала пашырэнне практыка складання завяшчанняў-тэстаментаў. Асноўны змест тэстаментаў складалі распараджэнні маёмаснага характару, якія датычыліся перадачы ў спадчыну зямельных уладанняў і рухомай маёмасці. Шэраг завяшчанняў ўтрымлівае неабавязковыя, але інфарматыўныя пажаданні адносна абставін пахавання. Такія тэстаменты з’яўляюцца гістарычнай крыніцай па пахавальных традыцыях насельніцтва Беларусі новага часу. Намі выкарыстана шэраг тэстаментаў, аўтары якіх зрабілі распараджэнні наконт падрыхтоўкі ці працэдуры свайго пахавання. Завяшчанні належалі прадстаўнікам шляхецкага і мяшчанскага саслоўяў, якія пражывалі на тэрыторыі Полацкага і Віцебскага ваяводстваў у другой палове ХVI–ХVIII ст.

Інфарматыўнасць тэстаментаў як крыніцы па пахавальных традыцыях заключаецца ў некалькіх аспектах. Па-першае, знакавым з’яўляецца сам факт дакументавання пажаданняў тэстатара адносна пахавальнай цырымоніі. Фактычна, гэта азначае ўдзел аўтара завяшчання ў падрыхтоўцы да яе. Па-другое, распаўсюджанай з’явай было вызначэнне месца пахавання. Па-трэцяе, у некаторых тэстаментах утрымліваюцца просьбы аб пахаванні побач з роднымі і блізкімі, пераважна з памерлымі супругамі. Гэта сведчыць аб наяўнасці сямейных і нават радавых месцаў для пахавання, што прадугледжвала кцітарскую падтрымку храмаў некаторымі шляхецкімі радамі на працягу некалькіх пакаленняў.

Чараўко, В.У. Пахавальныя помнікі Беларускага Падзвіння XIV–XVIII стагоддзяў: аўтарэферат дысертацыі

Чараўко В.У. Пахавальныя помнікі Беларускага Падзвіння XIV–XVIII стагоддзяў аўтарэфератНазва: Чараўко, В. У. Пахавальныя помнікі Беларускага Падзвіння XIV–XVIII стагоддзяў : аўтарэферат дысертацыі … канд. гіст. навук: 07.00.06 — археалогія / В. У. Чараўко ; Інстытут гісторыі НАН Беларусі. — Мінск, 2019. — 26 с.

Характарыстыка: Пахавальны абрад насельніцтва Беларускага Падзвіння ХIV–ХVIII стст. і яго матэрыяльнае ўвасабленне ў пахавальных помніках застаюцца найменш вывучанымі ў параўнанні як з папярэдняй, так і з наступнай эпохамі. Познесярэдневяковыя пахавальныя помнікі Беларусі да канца ХХ ст. даследаваліся пераважна ў выніку выпадковага выяўлення. Толькі ў 1990-х гг. яны былі асэнсаваны як самастойны прадмет археалагічнага даследавання. Дысертацыя з’яўляецца першай комплекснай работай, прысвечаный пахавальным помнікам этнакультурнага рэгіёна Беларусі ХIV–ХVIII стст.

Чараўко, В.У. Археалагічныя раскопкі на могільніку каля в. Жарнасекава Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў 2013 г.

Чараўко В.У. Археалагічныя раскопкі на могільніку каля в. Жарнасекава Бешанковіцкага раёнаАртыкул: Чараўко, В.У. Археалагічныя раскопкі на могільніку каля в. Жарнасекава Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў 2013 г. / В.У. Чараўко // История и культура на стыке эпох и цивилизаций: историко-культурное наследие как ресурс и результат развития общества. Материалы международной научно-практической конференции, посвящённой 250-летию М.К. Огинского (Минск, 25–26 сентября 2015 г.). — Минск : Белнаучкнига, 2015. — С. 122–127.

Анатацыя: Артыкул прысвечаны апісанню археалагічных даследаванняў на могільніку каля в. Жарнасекава Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў 2013 г. Аб’ектам даследавання стаў курган з упускнымі пахаваннямі, маркіраванымі каменнымі канструкцыямі, часткова схаванымі пад пластом дзёрану. У працэсе раскопак было выяўлена 4 пахаванні, у тым ліку 3 ўпускныя. На лобнай костцы аднаго з пахваных захаваліся фрагменты папяровага венчыка, што дае падставу датаваць яго канцом XIX — пачаткам XX ст. Асноўнае пахаванне, дзеля якога быў насыпаны курган, мела інвентар, тыповы для крывіцкіх пахаванняў XI–XIII стст.: скроневае бранзалетападобнае кальцо, шкляныя пацеркі, пярсцёнак. Два пахавання з’яўляюцца безынвентарными і, мяркуючы па фрагментах керамікі, датуюцца XVI–XVII стст.

Чараўко, В.У. Археалагічнае вывучэнне грунтовых пахаванняў XVI–XVIII стагоддзяў на могільніку каля в. Клешчыно Бешанковіцкага раёна ў 2013 г.

Чараўко В.У. Археалагічнае вывучэнне грунтовых пахаванняў XVI–XVIII стагоддзяў на могільніку каля в. Клешчыно Бешанковіцкага раёна ў 2013 г.Артыкул: Чараўко, В.У. Археалагічнае вывучэнне грунтовых пахаванняў XVI–XVIII стагоддзяў на могільніку каля в. Клешчыно Бешанковіцкага раёна ў 2013 годзе / В.У. Чараўко // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А. Гуманитарные науки. — 2015. — № 9. — С. 84–89.

Анатацыя: Артыкул прысвечаны апісанню археалагічных раскопак на грунтовым могільніку каля в. Клешчыно Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў 2013 г. Мэтай раскопак было вывучэнне пахавальных помнікаў XIV–XVIII стст. Плошча шурфа склала 21 м2. Было даследавана 5 пахавальных комплексаў. Адзін пахавальны комплекс быў абазначаны каменнай абкладкай магілы па перыметры з вялікімі камянямі ў галавах/нагах пахавання, тры маркіраваліся валунамі ў галавах/нагах пахавання, адно пахаванне не мела каменных канструкцый. Касцякі арыентаваны галавой на захад з невялікімі адхіленнямі да поўначы і поўдня. Выяўлены інвентар (фрагменты керамікі) дае магчымасць датаваць пахаванні XVI–XVIII стст.

Чараўко, В.У. Археалагічныя раскопкі на могільніку каля в. Івесь Глыбоцкага раёна ў 2012 г.

Чараўко В.У. Археалагічныя раскопкі на могільніку каля в. Івесь Глыбоцкага раёна ў 2012 г.Артыкул: Чараўко, В.У. Археалагічныя раскопкі на могільніку каля в. Івесь Глыбоцкага раёна ў 2012 г. / В.У. Чараўко // Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — 2014. — Вып. 25.— С. 382–389.

Анатацыя: Артыкул прысвечаны апісанню археалагічных раскопак на грунтовым могільніку каля в. Івесь Глыбоцкага раёна ў 2012 г. Мэтай раскопак быў працяг вывучэння пахавальных помнікаў, пачатага ў 2010 г. Было закладзена 2 раскопа, якія прымыкалі да шурфоў 2010 і 2011 гг. Было даследавана 5 пахаванняў, у т.л. 3 жаночых, 1 мужчынскае і 1 дзіцячае. Чатыры пахавальных комплекса былі абазначаны каменнымі надмагіллямі, адно пахаванне не мела ніякіх надмагільных канструкцый на ўзроўні дзённай паверхні. Касцякі арыентаваны галавой на захад з невялікімі адхіленнямі да поўначы і поўдня. Выяўлены пахавальны і памінальны інвентар (пярсцёнак, фрагменты керамікі) дае магчымасць датаваць пахаванні XIV–XVI стст.

Старонкі