Бітва на рацэ Уле (фільм, «Гісторыя пад знакам «Пагоні»)

фільм Гісторыя пад знакам Пагоні Бітва на рацэ УлеФільм: Бітва на рацэ Уле

Від: Дакументальны

Характарыстыка: Фільм з дакументальнага цыкла «Гісторыя пад знакам «Пагоні» («Белсат»). Сярод усіх бітваў, дзе браў удзел Мікалай Радзівіл Руды, самая слаўная перамога была здабытая ім на рацэ Уле. Інфлянцкая вайна паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскім царствам працягвалася ўжо год. Царскім войскам захоплены старажытны Полацк, у якім знішчана частка насельніцтва. Пасля гэтага Іван IV імкнуўся развіць поспех далей. Царскаму намесніку Шуйскаму было загадана выйсці з Полацка і каля Оршы злучыцца з буйным маскоўскім войскам. Пасля маскоўскія войскі павінны былі рухацца на Менск і Наваградак. Паўставала пагроза існаванню ВКЛ.


Полацкая групоўка маскоўскага войска рухалася па левым беразе ракі Ула, нават не высылаючы наперад дазораў. Вялікі гетман Мікалай Радзівіл Руды вырашыў атакаваць ворага. У Мікалая Радзівіла Рудога і палявога гетмана Грыгорыя Хадкевіча было каля 6 тысяч чалавек. Шуйскі меў каля 20 тысяч. Увечары 26 студзеня 1564 г. каля вёскі Іванск (Чашніцкі р-н) атрад вершнікаў ВКЛ атакаваў царскі авангард. Пасля невялікай сутычкі ваяры ВКЛ пачалі адступаць, а маскоўцы распачалі пераслед уцекачоў. Асноўная калона войска Шуйскага засталася без прыкрыцця. У гэты момант у бой увайшлі асноўныя сілы ВКЛ. Нечаканы напад кампенсаваў колькасную перавагу маскоўцаў. Войска Івана Грознага было ўшчэнт разбіта. Давяршылі справу прыйшоўшыя на дапамогу гетману сяляне навакольных вёсак. Ваявода Шуйскі таксама загінуў ад рукі селяніна. У Полацк вярнулася толькі пятая частка маскоўскага войска.

Перамога пад Улай стрымала паход царскага войска ўглыб беларускіх земляў. Але вайна на гэтым не спынілася. Галоўная барацьба была яшчэ наперадзе.

Фільм узяты з агульнадаступных крыніц. Сайт Adverbum.org не ўтрымлівае відэафайлаў, а прапануе спасылкі на іх. Спасылкі на фільмы даюцца выключна з мэтай азнаямлення. Калі спасылка не працуе, калі ласка, паведаміце аб гэтым у каментарах або праз форму сувязі.