Астафій Валовіч (фільм, «Гісторыя пад знакам «Пагоні»)

фільм Гісторыя пад знакам Пагоні Астафій ВаловічФільм: Астафій Валовіч

Від: Дакументальны

Характарыстыка: Фільм з дакументальнага цыкла «Гісторыя пад знакам «Пагоні» («Белсат»). Астафію Валовічу належыць выключная роля ў гісторыі Беларусі XVI ст. Займаючы шэраг высокіх дзяржаўных пасад (ад вялікага пісара, маршалка дворнага, земскага падскарбія — да падканцлера, канцлера, троцкага кашталяна, віленскага кашталяна і віленскага ваяводы) — ён ствараў гісторыю ВКЛ. Атрымаўшы адукацыю ў Заходняй Еўропе, малады Астафій вярнуўся ў Вялікае княства Літоўскае. У 1553 г. разам з пасольствам яго накіроўваюць у Маскву, каб заключыць з Іванам IV пагадненне аб міры. Спрычыніўся Астафій Валовіч і да аграрнай рэформы, вядомай як «Устава на валоки». За гэта ён атрымлівае падтрымку Боны Сфорца. Астафій Валовіч з’яўляўся адным з арганізатараў падрыхтоўкі другога Статута Вялікага княства Літоўскага (1566 г.). Па яго ініцыятыве ў Статут была ўнесена норма, якая забараняла чужаземцам атрымліваць у ВКЛ землі, пасады, званні. Норма, што была накіравана найперш супраць палякаў, захавалася і ў трэцяй рэдакцыі Статута.


Подпіс Астафія Валовіча стаяў таксама пад актам Варшаўскай канфедэрацыі 1573 г., што на заканадаўчым узроўні ўмацоўваў рэлігійны мір у Рэчы Паспалітай. Падканцлер Астафій Валовіч з’яўляўся адным з зацятых праціўнікаў Люблінскай уніі і разам з іншымі магнатамі пакінуў Люблінскі сойм. З Вільні ён даслаў на Падляшша і Валынь лісты за сваім подпісам і дзяржаўнай пячаткай, заклікаючы мясцовую шляхту паўстаць са зброяй у руках за вяртанне ў склад ВКЛ. Разам з некалькімі магнатамі ён прапаноўваў пачаць вайну з Польшчай за незалежнасць ВКЛ. Пад камандваннем Стэфана Баторыя Валовіч браў удзел у вызваленні Полацка і аблозе Вялікіх Лук у час Інфлянцкай вайны.

Перакананы кальвініст, Астафій Валовіч не шкадаваў грошай на выданне кніг і заснаванне школ. Ён фінансаваў адкрыццё Нясвіжскай друкарні, дзе пабачылі свет працы Сымона Буднага. Менавіта Валовічу Сымон Будны прысвяціў кнігу «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам», выдадзеную ў 1562 г. Сваім тэстаментам (завяшчаннем) Астафій Валовіч даў свабоду ўсім нявольнікам, што жылі ў яго ўладаннях.

Фільм узяты з агульнадаступных крыніц. Сайт Adverbum.org не ўтрымлівае відэафайлаў, а прапануе спасылкі на іх. Спасылкі на фільмы даюцца выключна з мэтай азнаямлення. Калі спасылка не працуе, калі ласка, паведаміце аб гэтым у каментарах або праз форму сувязі.